8 красавіка каталікі (у тым ліку беларускія ўніяты), пратэстанты адсвяткавалі Вялікдзень Уваскрасення Хрыстовага. 15 красавіка свята прыйшло ў праваслаўныя сем'і.

Традыцыйна ў гэты дзень людзі вітаюцца адзін з адным, кажучы: Хрыстос уваскрос! І адказваюць на тое: Сапраўды ўваскрос!

Святары памянялі чорныя шаты на белыя — у гонар дня перамогі над смерцю. Вакол цэркваў ідуць урачыстыя працэсіі.

«Хрыстос уваскрос з мёртвых, Смерцю смерць зваяваў, І тым, што ў магілах, Жыццё дараваў!» — гэты пасхальны гімн спяваюць у цэрквах і касцёлах на Велікодных набажэнствах.

Вялікдзень — найбольшае свята года, дзень, калі разам збіраюцца сем’і, а таксама дзень, перад якім людзі парадкуюць і пасля якога, на Радаўнічныя дні, наведваюць родавыя магілы.

Традыцыя «хрыстасавацца» — вітацца словамі «Хрыстос уваскрос!» — выйшла з закліку, якім апостал Павал падбадзёрваў хрысцiянаў горада Карынфа.

Карані іншых традыцыяў — яек-крашанак, пірага-паскі, супольнага святочнага абеду — хаваюцца ў легендах.

Вялікдзень — свята, якое нагадвае нам пра нашу хрысціянскую веру, пра перамогу Жыцця Вечнага над смерцю.

Дык скажам сёння адзін аднаму з радасцю: Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0