Мінгарвыканкам забараніў актывістам ЛГБТ-руху правесці 9 красавіка маўклівы пікет пад лозунгам «Мы маўчым, каб нас пачулі».

Як паведаміў кіраўнік праваабарончага праекта «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка, акцыю планавалася правесці на тэрыторыі, што прылягае да дамоў № 8 і № 10 па вуліцы Маякоўскага, на адлегласці больш за 50 метраў ад прыпынкаў грамадскага транспарту, як гэтага вымагае закон. Прадугледжвалася, што ў пікеце возьмуць удзел сем чалавек.

Аднак гарадскія ўлады забаранілі пікет з той прычыны, што яго правядзенне будзе ствараць перашкоды руху пешаходаў і транспарту па вуліцы Маякоўскага,
а таксама працы арганізацый, размешчаных недалёка ад заяўленага месца. «Апрача таго, Мінгарвыканкам не змог устанавіць з заяўкі канкрэтнае месца правядзення масавага мерапрыемства», — дадаў Андросенка.

Паводле яго слоў, акцыі «Мы маўчым, каб нас пачулі» праходзяць у пачатку красавіка ў многіх гарадах свету з мэтай прыцягнуць увагу людзей да праблемы замоўчвання дыскрымінацыі і гамафобіі. Удзельнікі такіх акцый моўчкі, з дэманстратыўна заклеенымі скотчам ратамі, раздаюць прахожым улёткі, прысвечаныя гэтай праблеме.

Нагадаем, сёлета Мінгарвыканкам ужо адмовіў актывістам ЛГБТ-руху ў правядзенні 17 сакавіка шэсця «Жэст супраць нецярпімасці», аднак акцыя ўсё роўна адбылася. Яе ўдзельнікі раздавалі прахожым у цэнтры Мінска інфармацыйныя ўлёткі. Ніхто з іх не быў затрыманы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?