Ад мінулага чацьвярга ў менскіх касьцёлах вядзецца збор подпісаў супраць плянаванай рэканструцыі кляштару бэрнардынаў пад гатэль з забаўляльным цэнтрам. Гэтую акцыю блаславіў бiскуп Менска‑Магілёўскай архідыяцэзіі Антонi Дзям’янка.

У звароце вернікаў на імя Лукашэнкі, у прыватнасьці, гаворыцца: «…мы абураныя бязбожным планам рэканструкцыі манастырскага комплекса і храма сьв. Іосіфа… Мы пратэстуем супраць перабудовы асьвечанага храма і манастыра — месцы малітвы і духоўнага адраджэньня нашага народу — пад гасьцінічны комплекс, развесяляльныя залі, рэстараны… Зьвяртаемся да Вас (…) спыніць зьнішчэньне (…) і вярнуць вернікам Менска‑ Магілёўскай Архіяпархіі, дзе будуць праводзіцца набажэнствы на беларускай дзяржаўнай мове, а манастырскія памяшканьні будуць выкарыстоўвацца пад Нядзельную школу і Епархіяльныя ведамствы…». Подпісы пад гэтым адкрытым лістом зьбіраюцца пасьля імшы ў менскіх касьцёлах. Подпісаў сабрана багата, збор не спыняецца.

Нагадаем, грэка‑каталіцкая парафія Сьвятога Язэпа была зарэгістраваная пры былым бэрнардынскім касьцёле ў 1990, рыма‑каталіцкая – 7 жніўня 2001.

Штовечар перад старадаўнімі мурамі адбываюцца набажэнствы вернікаў аб вяртаньні ім сваёй сьвятыні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?