Цяпер на перонах у Жлобіне гандляроў цацкамі не сустрэнеш.
Гандляры цацак прапануюць свой тавар здаля.
Сабакі пачынаюць юрахаць, калі бачаць людзей у форме.
Прынамсі, такое ўражанне складваецца ўжо пасля самага павярхоўнага знаёмства з горадам. Рэпартаж Сяргея Балая.
Усяго адно горадаўтваральнае прадпрыемства — Беларускі металургічны завод — гараджан пракарміць не ў стане. Затое з савецкіх часоў працуе фабрыка ААТ «Белфа» — найбуйнейшы вытворца штучнага футра ў СНД.
Гісторыя замоўчвае, хто першы прыдумаў прадаць цацку на вакзале. Але прыклад стаў вельмі наглядным. Сёння вытворчасць цацак у Жлобіне — цэлая індустрыя. Адначасова гэта і саматужныя майстэрні, што шыюць колькі пару «лялек» на продаж каля вакзала, і прамысловая вытворчасць, якая адпраўляе партыі цацак оптам у Расію.
Жлобін — адзіны горад Беларусі, дзе ёсць цацачны рынак. Тут прадаюць штучны мех, сінцепон з паралонам, разнастайныя аксэсуары — вочкі, раты і іншыя дэталі.
Яшчэ пяць гадоў таму, праязджаючы гэты горад, можна было назіраць гармідар каля ўсіх транзітных цягнікоў. Уздоўж вагонаў выстройваліся дзясяткі прадаўцоў.
У 2010-м мясцовыя ўлады забаранілі гэты рынак на пероне і нават наладзілі паляванне на нелегальных гандляроў. Праўда, скардзяцца прадаўцы-нелегалы, альтэрнатывы працаўладкавання, па сутнасці, не прапанавалі.
Цяпер на Жлобінскім чыгуначным вакзале ў піцэрыі «нясе вахту» некалькі прадаўцоў. Хтосьці шые цацкі сам, нехта бярэ на рэалізацыю.
— У нас тут у дзве змены праца, — жартуе Алена Фёдараўна (імёны суразмоўцаў па іх просьбе змененыя). — Мы стаім днём. Потым прыйдзе начная змена.
Па словах прадаўцоў, з тых часоў, як іх «выжылі» з перона, пражыць на продажы цацак стала вельмі цяжка.
— Нашы цэны — ад 10 да 250 тысяч за цацку, — дзеліцца суразмоўца. — У асноўным бяруць дробязь за 10-15 тысяч рублёў. Часам тэпцікі або чуні (іх мы таксама шыем). Так у дзень выходзіць ад 30 да 50 тысяч заробку. Часам больш, але часцей — наогул нічога.
Алена Фёдараўна пайшла з БМЗ ў 1986 годзе і пачала шыць цацкі на продаж:
— Спачатку было цяжка. Але потым прывыкла. Купляем мех, сінцепон, выкройваць і шыем.
Па словах саматужных вытворцаў, яны сочаць за апошнімі тэндэнцыямі ў свеце цацак вельмі пільна. На засланай кардонам прывакзальнай плітцы можна знайсці і Спанч-Боба, і шаблязубую вавёрку з «Ледніковага перыяду», і Машу з мядзведзем.
— Калі з'яўляецца новы персанаж мультфільма, купляем маленькую кітайскую цацку такога героя, разбіраем на запчасткі і здымаем калькі выкраек, — дзеляцца няхітрымі сакрэтамі суразмоўніцы. — Потым на ксераксе павялічваем выкрайкі і шыем такія ж. А часцей і нават лепш. Бо тыя — кітайскія, невядома з чаго зробленыя. А гэтыя — нашы.
Побач з гандлярамі блукаюць сабакі.
— Мы іх не прыручалі, але яны самі брэшуць, убачыўшы чалавека ў форме. Так мы паспяваем сабрацца, — дзеляцца жанчыны. — З падаткавікамі цяжэй — яны ў цывільным. Але з Новага года моцна не «трэслі».
— Цэны ў нас мінімум у два разы ніжэй, чым на крамныя цацкі, асартымент большы і з нагоды якасці можна паспрачацца, — сцвярджае адзін прадавец. — Нам забараняюць гандляваць каля вакзала. А на што жыць, калі некаторыя і мільёна ў месяц не зарабляюць?
Суразмоўцы, спачатку варожа глядзелі на фотаапарат, усё ж дзеляцца сваімі праблемамі. Кажуць, што іх так званы «бізнэс» зусім не цукар, як здаецца чыноўнікам і падатковай.
Улетку і ўвосень падзарабляюць ў калгасах, а ўзімку шыюць цацкі. Часта працуюць сямейным падрадам — жонка выкройвае і шые, муж набівае і прадае.
Зусім побач з вакзалам мясцовая славутасць — «Рынак футра», на якім прадаюць і купляюць цацкі оптам. Рынак працуе з трох ночы і да раніцы, адсюль жлобінскія цацкі фурамі з'язджаюць у Расію і Украіну.
Насупраць — аўтавакзал. І тут зноў ўсіх хто з’яжджае і прыбывае, сустракае з дзясятак прадаўцоў з вавёркамі, мішкамі, чабурашкамі і ваўкамі. Сітуацыя — такая ж як і ў калегаў на чыгуначным вакзале.
— Яшчэ некалькі гадоў і нас «даціснуць» штрафамі, — наракаюць тут.
Павелічэнне базавай велічыні, а адпаведна, і сумаў штрафаў, тут прынялі са змрочнай асуджанасцю ...