08.04.2012 / 14:56

9 красавіка ў Беларусі аб'яўлена штармавое папярэджанне 3

Чакаюцца моцныя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу.

На 9 красавіка ў Беларусі аб'яўлена штармавое папярэджанне. У панядзелак ноччу і ў першую палову дня па паўднёва-ўсходніх раёнах рэспублікі (Гомельская і Магілёўская вобласці) чакаюцца моцныя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, паведамляе сайт Рэспубліканскага гідраметэацэнтра.

У гэты дзень Беларусь будзе знаходзіцца ў тылавой, халоднай, частцы цыклону, які перамяшчаецца з поўдня Украіны на цэнтральна-чарназёмныя раёны Расіі. Захаваецца няўстойлівае і халоднае надвор'е. У цэнтральных і ўсходніх раёнах рэспублікі часамі будуць ісці ападкі, галоўным чынам мокры снег, месцамі наліпанне мокрага снегу. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, паўночны ўмераны. Тэмпература паветра: ноччу мінус 4 — плюс 3°С, па захадзе пры праясненнях да мінус 7°; днём 0 — плюс 7°С.

У аўторак, 10 красавіка, на большай частцы Беларусі надвор'е будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халоднай паветранай масе паўночных шырот. Характар надвор'я зменіцца: на большай частцы рэспублікі ападкаў не чакаецца, толькі ва ўсходніх раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей пройдзе невялікі мокры снег. Ноччу і раніцай на дарогах галалёдзіца. Вецер паўночны, днём з пераходам на паўднёвы. Тэмпература паветра: ноччу 0 — мінус 7°С, па паўднёвым усходзе да плюс 2°; днём 2—9° вышэй за нуль, па паўднёвым захадзе паветра прагрэецца да 12°С.

0
exMatilda / Адказаць
08.04.2012 / 15:52
Нейкая бляшаная ў гэтым годзе вясна атрымліваецца...( Гэтыя мокрыя снягі з дажджамі і тэмпература каля наля, калі ўжо даўно красавік на двары, стамляе ды псуе настрой... Застаецца спадзявацца што хоць лета будзе ўдалым і досыць гарачым.
0
Двор бенедыкцінак / Адказаць
08.04.2012 / 21:55
Час пагадаць і пра лета. Ці хоць бы якім прагназуецца травень. А так здаецца, што вясны ўжо зусім не будзе. Спадзяюся на цёплы канец красавіка. Памятаю, гэтым часам загараў у бацькоўскім садзе -- і было тое на пачатку 90-х, дакладна, ці не ў 1993. І быў бы шчаслівы, каб паўтарылася лета 2010-га. Сонечна-сакавітае, цёпла-гарачае і без засухі.
0
ВікНік / Адказаць
08.04.2012 / 22:00
Гэта вынік дзейнасці "цара прыроды" - чалавека
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру