6 красавіка ў мінскім клубе Re:Public выступіў з канцэртам расійскі спявак Вася Абломаў.

У інтэрв’ю «Еўрарадыё» ён падзяліўся ўражаннямі ад Беларусі.

Еўрарадыё: Што ты ўжо бачыў у Мінску?

Вася Абломаў: Я бачыў цэнтральную вуліцу, краму HugoBoss, каталіцкі касцёл. Больш амаль нічога не бачыў.

Еўрарадыё: Не страшна было ехаць да нас?

Вася Абломаў: Не. Я ж грамадзянін Расіі. Увогуле, я буду ацэньваць сваю паездку пасля вяртання.

Еўрарадыё: Магчыма, перад паездкай ты рыхтаваў для беларусаў нешта асаблівае і адмысловае?

Вася Абломаў: Бяда ў тым, што я не зусім у тэме. Каб пісаць такія штукі, трэба быць у тэме. Разбірацца ў пытанні. Я тут не жыву, і магу меркаваць аб вашай краіне выключна па аповедах нейкіх знаёмых, паведамленнях СМІ. Я ведаю, што нядаўна былі расстрэлы, ведаю, што не любіць ЁН тых, хто не любіць яго, ведаю, што ёсць частка людзей, якая актыўна яго не любіць, ходзіць на розныя мітынгі. Гэта я ведаю. Ведаю таксама, што ёсць людзі, якія любяць прэзідэнта і жывуць у вёсках.

Еўрарадыё: Як табе наша сістэма?

Вася Абломаў: Адзінае, што я ведаю, гэта што беларускае тэлебачанне, калі быў мітынг у Маскве, то яно налічыла там 300 чалавек. Нават наша расійскае такога не змагло зрабіць.

Еўрарадыё: Самому не страшна на мітынгі хадзіць?

Вася Абломаў: Да 10 снежня, калі была Балотная плошча, былі мітынгі, якія заканчваліся тым самым, чым і ў вас. І ўсе СМІ маўчалі пра гэтыя мітынгі. І мы бачылі гэтых амапаўцаў. Было страшна, вядома.

Еўрарадыё: Што скажаш беларусам, якія прыйшлі сёння на твой канцэрт?

Вася Абломаў: Я магу ім пажадаць толькі бадзёрасці духу і каб яны трымаліся. Кажу, пра Лукашэнку ведаю недастаткова для таго, каб пісаць пра яго. Неяк я пра яго не думаю. Я ж не па замове пішу песні. Але калі прыйдзе ў галаву, то і напішу, а не – то не.

Еўрарадыё: Пра беларускую музыку чуў нешта?

Вася Абломаў: Я ведаю, што ў вас была нейкая смешная песня «Саня останется с намі». Думаю, гэта быў нейкі тролінг. І нават бачыў, што ваш прэзідэнт пляскаў у ладкі пад гэтую песню. Гэта было вельмі смешна, вельмі крута. Смешная песня. Яшчэ «Ляпіс Трубецкой» ведаю, «Лепріконсы». Яшчэ аднойчы ехаў у цягніку ў Брэсце, там уключыла добрая правадніца радыё з 75% вашай музыкі. Я пачуў песню з прыпевам «Дзевачка з мабілай назвала мяне дэбілам». Гэта мне запала ў самае сэрца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?