Мужчынская зборная Беларусі па тэнісе выйграла матчавую сустрэчу другога раўнду II групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса супраць каманды Босніі і Герцагавіны. 8 красавіка першы нумар беларусаў Уладзімір Ігнацік (275-ы ў сусветным адзіночным рэйтынгу) перамог першага нумара баснійцаў Амера Дэліча (210) і зрабіў агульны лік матчавай сустрэчы 3:1 на карысць беларусаў.

Супрацьстаянне Ігнаціка і Дэліча было ўпартым, асабліва першы сэт. Ён працягваўся больш за гадзіну і завяршыўся на тай-брэйку з лікам 18:16 на карысць беларуса. Пры гэтым Ігнацік прайграваў на тай-брэйку 1:6, але Дэліч не здолеў рэалізаваць 5 сэтболаў і ў выніку ўступіў як у сэце, так і ў матчы. Ігнацік перамог у трох партыях за 2 гадзіны 49 хвілін — 7:6, 7:6, 6:4.

Нагадаем, у першы гульнявы дзень 6 красавіка ў асобных паядынках другі нумар беларусаў Дзмітрый Жырмонт (576) уступіў Дэлічу – 4:6, 4:6, 6:4, 5:7, а Ігнацік быў мацнейшы за другі нумар баснійцаў Даміра Дзумхура (292) — 6:3, 7:6, 6:3.

У парным паядынку 7 красавіка беларусы Максім Мірны (3-ці нумар парнага рэйтынгу) і Аляксандр Буры (175-ы парнага) перамаглі баснійцаў Дэліча (357-ы парнага) і Таміслава Бркіча (611-ы парнага) — 6:2, 7:6, 7:6.

Такім чынам, заключная гульня матчавай сустрэчы, у якой 8 красавіка павінны сустрэцца Жырмонт і Дзумхур ужо не мае ніякага турнірнага значэння.

У наступным раўндзе беларусы ў верасні 2012 года сустрэнуцца з камандай Польшчы, якая абыграла эстонцаў. Пераможца супрацьстаяння беларусаў і палякаў выйдзе ў I групу Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса.

У рэйтынгу Кубка Дэвіса да іх вочнага матчу зборная Беларусі займала 49-е месца, каманда Босніі і Герцагавіны — 43-е.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?