Беларусь будзе дамагацца апраўдання і вяртання на радзіму двух беларускіх грамадзян, якіх судзяць у Лівіі па абвінавачванні, што не адпавядае рэчаіснасці, заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у панядзелак начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

«Галоўная задача — дамагчыся апраўдання і вяртання на радзіму нашых грамадзян», — адзначыў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС. А. Савіных паведаміў, што пасольства Беларусі ў Лівіі аказвае ўсялякае садзейнічанне двум беларускім грамадзянам, якіх судзяць у Трыпалі.

«Высунутае нашым грамадзянам абвінавачванне не адпавядае рэчаіснасці. Беларускія грамадзяне па сваёй ініцыятыве ехалі ў Лівію па цывільных кантрактах, каб працаваць на цывільных аб’ектах», — заявіў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства. «Яны нават не прыступілі да працы, а ўсяго толькі перасеклі мяжу Лівіі», — дадаў Савіных.

Прадстаўнік МЗС праінфармаваў, што беларускі бок каардынуе свае дзеянні з пасольствамі Расіі і Украіны ў Лівіі, чыіх грамадзян таксама судзяць зараз у Трыпалі.

Як паведамляюць замежныя СМІ, у панядзелак у Трыпалі пачаўся судовы працэс па справе грамадзян РФ і Беларусі, якіх абвінавачваюць у дапамаганні войскам зрынутага лівійскага лідара Муамара Кадафі. Па такім жа справах праходзяць 20 грамадзян Украіны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?