У часе пагромаў пасля Плошчы ператрусы прайшлі і ў Анатоля Лябедзькі. Сам Лябедзька ў тым снежні 2010-га сядзеў у турме. Тым часам дома ў яго сканфіскавалі каля дзесяці тысяч даляраў. Ці вялікія гэта ашчаджэнні для 50-гадовага чалавека? Розныя людзі адкажуць па-рознаму. Але справа ў іншым: тыя грошы КДБ не вярнуў уладальніку дагэтуль. А падатковая інспекцыя занесла гэтую суму у даходы, па якіх патрабуе справаздачы ў палітыка.

«Прыйшоў у падатковую! Аказалася, што пасля праверкі, учыненай у дачыненні да мяне за 17 гадоў, праведзена паўторная праверка папярэдняй праверкі, — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку лідэр АГП Анатоль Лябедзька. — Такой увазе могуць пазайздросціць многія. Да прыкладу, сыны кіраўніка дзяржавы, міністр фінансаў, старшыня Вярхоўнага суда, бізнэсмэн, які грае ў хакей з першым хакеістам краіны, злодзей у законе».

Праверку праводзіць падатковая інспекцыя Цэнтральнага раёна Мінска. «Да супрацоўнікаў інспекцыі ў мяне ніякіх пытанняў няма. Але ў якасці майго даходу ўсплылі грошы, канфіскаваныя ў мяне падчас снежаньскага ператрусу ў маёй кватэры — гэта больш за 10 тысяч даляраў. Ёсць рашэнне следчай групы па спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да мяне. Асобным пунктам стаіць: вярнуць рэчы і грошы, канфіскаваныя ў мяне. Вярнулі ўсё, акрамя маіх сшыткаў і грошай, хоць усе разумныя тэрміны прайшлі. Але справа не ў гэтым: фармальна праверку вядзе падатковая інспекцыя, а кіруе працэсам КДБ», — кажа Лябедзька.

У свой час падаткавікі праверылі палітыка за 17 гадоў — гэта была «дастаткова глыбокая, падрабязная праверка: аплата тэлефонаў, аплата кватэры, мае паездкі, квіткі і гэтак далей».

І вось новая праверка, усіх членаў сям’і. «Мы павінны даць справаздачу за 125 мільёнаў рублёў за тры апошнія гады. У нас, у прынцыпе, усё нармальна, даходаў хапае, але пастаноўка пытання напружвае: трэба бегаць, збіраць паперкі… У даходы сына, дарэчы, уключаная мінімальная спажывецкая карзіна, аплата вучобы», — адзначае Лябедзька.

Палітык іранічна заўважае: «Калі б пад такім кантролем, як мы, знаходзіліся чыноўнікі, міністры, людзі ў пагонах — ніякай карупцыі ў нас у краіне даўным-даўно не было».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?