Жанчыны атрымліваюць тры чвэрці новых працоўных месцаў у Эўразьвязе.

Пра гэта сьведчыць дасьледваньне Эўрапейскай Камісіі, прысьвечанае агляду гендэрнага разьмеркаваньня на рынку працы ЭЗ. Аналіз Камісіі быў апублікаваны 7 сакавіка.

Згодна з вынікамі дасьледваньня, тры чвэрці новых працоўных месцаў у ЭЗ атрымліваюць жанчыны. У той жа час агульны ўзровень працаўладкаваньня жанчынаў, а таксама аплаты іх працы саступаюць адпаведным паказчыкам сярод мужчынаў.

Па словах Камісара Ўладзіміра Шпідлы, які займаецца пытаньнямі занятасьці і сацыяльнай палітыкі, на сёньняшні дзень жанчыны складаюць 59% усіх выпускнікоў вышэйшых навучальных установаў ЭЗ. Нягледзячы на перавагу ў гэтым паказчыку, а таксама на тое, што ў апошні час большая колькасьць працоўных месцаў прыходзіцца менавіта на жанчынаў, аплата іх працы ў цэлым на 15% саступае аплаце, што атрымліваюць мужчыны за аналягічную працу.

На сёньняшні дзень узровень працаўладкаваньня жанчынаў складае 56,7%, што на 2,7 пункты перавышае паказчыкі 2000 г. За аналягічны пэрыяд узровень занятасьці сярод мужчынаў вырас усяго на 0,1 пункты.

У той жа час 32,9 адсотка працаўладкаваных жанчынаў маюць працу на няпоўны працоўны час. Згодна з дасьледваньнем Камісіі, сярод мужчынаў гэты паказчык складае толькі 7,7 працэнта.

Больш падрабязна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0