Нямецкае аддзяленне Amnesty International заявіла пра намер вылучыць Паўла Сапелку на міжнародную прэмію імя Гранта Дзінка, што ўручаецца людзям, якія працуюць дзеля свету, свабоднага ад дыскрымінацыі, расізму і гвалту, рызыкуюць сабой дзеля дасягнення сваіх ідэалаў, карыстаюцца мовай міру і сваім прыкладам натхняюць і заахвочваюць іншых.

Экспертная група па Беларусі лічыць, што шляхам вылучэння на прэмію былога адваката Паўла Сапелкі аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя дадаткова прыцягне ўвагу сусветнай грамадскасці да цяжкога становішча адвакатаў у Беларусі.

У сакавіку 2011 года прэзідыум Мінскай гарадской калегіі адвакатаў пад ціскам Міністэрства юстыцыі прыняў рашэнне пра выключэнне сп. Сапелкі з шэрагаў калегіі, тым самым пазбавіўшы яго права займацца прафесійнай дзейнасцю. На той момант адвакат абараняў фігурантаў крымінальных справаў па падзеях 19 снежня 2010 года — Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца і Змітра Дашкевіча.

***

Грант Дзінк, вядомы журналіст армянскага паходжання, галоўны рэдактар армянскай газеты «Агос», якая выходзіць у Турцыі, быў забіты ў 2007 годзе ў Стамбуле. Міжнародны фонд імя Гранта Дзінка з 2009 года ўручае прэміі памяці журналіста. Узнагароды прысуджаюцца адважным грамадскім дзеячам або журналістам, якія змагаюцца за свабоду слова і правы чалавека. Традыцыйна абіраюцца два лаўрэата — грамадзянін Турцыі і замежнік. У аргкамітэт уваходзяць удава Дзінка Ракель Дзінк, дэпутаты Еўрапарламента, пісьменнікі і грамадскія дзеячы. Афіцыйная цырымонія ўручэння прэміі штогод праходзіць у Стамбуле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?