Ужо 2 мая кожны ахвотны беларус зможа набыць у аддзяленнях банкаў акцыі Мінскага завода пеністых (шампанскіх) вінаў. Гэта другая спроба публічнага размяшчэння акцый так званага «народнага IPO» ў нашай краіне.
Другі блін
Механізм правядзення IPO зусім новы для нашай краіны, але нескладаны. Падчас яго кампанія прапануе ўсім ахвотным набыць свае акцыі. Найчасцей у ім удзельнічаюць дробныя кампаніі, каб прыцягнуць грошы на далейшае развіццё. Вялікія кампаніі часцяком хочуць атрымаць праз «народнае IPO» публічную ацэнку сваёй дзейнасці. Калі купцоў шмат, то кампанія становіцца прывабнай для буйных інвестараў і можа неўзабаве выводзіць свае акцыі на біржы.
Год таму першай спробай стаў продаж насельніцтву акцый Барысаўскага завода медыцынскіх прэпаратаў. Першы блін пайшоў сабаку. Ахвотныя купілі ўсяго 223 акцыі па 476 тысяч рублёў — 0,17% ад аб’ёма, запланаванага кіраўніцтвам завода.
Гульня ў акцыі на цвярозую галаву
Цяпер на авансцэну выходзіць Мінскі завод пеністых вінаў. Пакуль што ягоныя 100% акцый належаць дзяржаве. Беларусам прапануюць выкупіць 25% гэтага аб’ёму — на $5 мільёнаў.
Чым прадпрыемства можа быць цікавым беларусам? Яно насамрэч стала працуе «ў плюс», незалежна ад крызісаў ці перыядаў «стабільнасці» ў беларускай эканоміцы. Агульны прыбытак за тры гады склаў 9 мільёнаў даляраў. У выніку намінальны кошт адной акцыі, які яшчэ летась складаў 42 тысячы рублёў, цяпер складае 171 тысячу рублёў.
«Экпарт складае каля 1,8% ад аб’ёму прадукцыі, віны закупляюць ЗША, Ізраіль, В’етнам і Польшча. Прычым за мяжой „Савецкае шампанскае“ купляюць, разлічваючы на попыт з боку эмігрантаў», — кажа генеральны дырэктар прадпрыемства Леанід Краўчук. Што да сыравіны, то завод набывае яе перадусім у Малдове.
Рызыка за ўласныя грошы
Бесклапотная карціна псуецца некалькі істотнымі рызыкамі. Кантрольны пакет акцый застаецца ў руках дзяржавы, таму вырашаць, ці налічваць дывідэнды насельніцтву, будуць чыноўнікі. За тры апошнія гады на кожную акцыю было выплачана… 720 рублёў, прычым летась (за тры кварталы) — ні рубля. З такой самай праблемай сутыкаюцца тысячы дробных акцыянераў па ўсёй краіне — і «Амкадор», і «Савушкаў прадукт», і іншыя прыбытковыя прадпрыемствы адмаўляюць у дывідэндах.
Дзяржава можа «правярнуць» і яшчэ адну махінацыю, зрабіўшы неўзабаве дадатковы выпуск акцый, каб прадаць іх замежнікам. Доля кожнага акцыянера ў такім выпадку зменшыцца ў некалькі разоў.
Праблемай стане і продаж сваіх акцый. Другасны рынак у Беларусі адсутнічае, таму і кошт акцый не будзе змяняцца штодзень, як у расійскіх ці заходніх кампаній.
Прыклад астатнім
Для тых, каго магчымыя праблемы не хвалююць, трэба звярнуцца да зарэгістраванага ўдзельніка рынку каштоўных папер, напрыклад, у банкі, па афармленне дакументаў. За паслугі ў «Беларусбанку» і «Белаграпрамбанку» давядзецца заплаціць 90 тысяч рублёў. Пасля можна купляць акцыі па агучаным кошце. У «адны рукі» будзе прадавацца не больш за 1000 акцый.
Ад таго, ці скончыцца продаж акцый Мінскага завода пеністых вінаў поспехам, шмат у чым залежыць, ці будуць выходзіць на «народную прыватызацыю» IPO іншыя беларускія кампаніі.
***
Беларуская кампанія EPAM Systems, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння, атрымала ў выніку IPO ў Нью¬Ёрку $72 мільёны.
Прыбытковасць Мінскага завода пеністых вінаў
2009 — $3,3 мільёна. Дывідэнды — 284 рублі на акцыю.
2010 — $2,9 мільёна. Дывідэнды — 435 рублёў на акцыю.
2011 (1–3 кв.) — 2,8 мільёна. Дывідэнды — 0 рублёў на акцыю.