«НН»: Ты быў у ліку тых, хто пасля хвалі рэпрэсій у канцы 2010 з’ехаў за мяжу. Падставы сапраўды былі важкімі?

Андрэй Кім: Адназначна. Я некалькі разоў свядома адмаўляўся ад працы і вучобы за мяжой. Для мяне знаходжанне ў Беларусі — каштоўнасць. Тады, у снежні 2010, калі мяне пасадзілі на суткі за Плошчу, міліцэйскае начальства сказала, што на мяне завядуць крымінальную справу. А выпусцілі з сутак, напэўна, праз бюракратычную памылку. Бо ўжо на наступны дзень у маіх бацькоў правялі вобшук — мяне шукалі.

«НН»: Але дзясяткі людзей застаюцца за мяжой. Што для Беларусі можна рабіць там?

АК: Калі нехта думае, што іх місія — быць пасламі Беларусі за мяжой, гэта іх справа. Тут нельга агулам усіх ацэньваць. Я ведаю людзей, які з’ехалі абсалютна беспадстаўна. А Наталля Радзіна ці Алесь Міхалевіч пакінулі краіну пад цяжарам пэўных абставінаў.

«НН»: Як былы палітвязень скажы, што для асуджаных самае важнае ў якасці падтрымкі: лісты, вулічныя акцыі салідарнасці?

АК: Лісты варта пісаць заўсёды [Зараз за кратамі знаходзіцца 13 палітвязняў]. Кожны ліст са словамі падтрымкі дае сілы на некалькі дзён. Вулічныя акцыі салідарнасці, мяркую, цяпер не патрэбныя. У нас няма магчымасцяў, каб рабіць іх. А па сабе ведаю, што было б лепш, каб тыя 50 чалавек напісалі лісты, чым каб яны выйшлі на вуліцу і іх там пабілі. А так выходзіць, што тыя, хто ладзіў акцыі, мне не пісалі. Для палітвязняў важна ўсведамляць, што імі не гандлюецца Захад з Лукашэнкам, а што яны ёсць такім каменем на шыі ў рэжыму.

«НН»: Сёння ціск на рэжым Лукашэнкі можа прывесці да вызвалення ўсіх палітвязняў, ці гэта спрацоўвае зусім наадварот?

АК: Адзіная мэта Лу­кашэнкі — захаванне ўлады. Ён усведамляе, што галоўная небяспека сыходзіць ад Уладзіміра Пуціна. Еўрапейцы павінны пераканаць Лука­шэнку, што калі той не пачне лібералізацыю, то еўрапейскае поле для палітычнага манеўра паміж Расіяй і ЕС знікне. І ў такім выпадку ён застанецца з Расіяй адзін на адзін. А гэта тое, чаго ён сам баіцца больш за ўсё.

***

Андрэй Кім нарадзіўся ў 1986 у Мінску. У 2008 г. арыштаваны за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Мінску —«справа чатырнаццаці». Асуджаны на 1,5 года за нібыта збіццё міліцыянта. Вызвалены праз восем месяцаў па загадзе Лукашэнкі. Пасля разгону Плошчы-­2010 паўгода правёў за мяжой.

Адрасы палітвязняў, зараз іх 13

Ігар Аліневіч, 211440, Віцебская вобл., г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, ПК № 10;

Мікалай Аўтуховіч, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, турма № 1.

Алесь Бяляцкі, Выпраўленчая калонія № 2, 213 800, Магілёўская вобл., г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.

Яўген Васьковіч, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99 а, турма № 4;

Зміцер Дашкевіч, 211791, Віцебская вобл., г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205, ПК № 13;

Мікалай Дзядок, 212013, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183. ПК № 15;

Сяргей Каваленка, Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках;

Эдуард Лобаў, 225295, Брэсцкая вобл., г. Івацэвічы, «Воўчыя норы», а/с 20, ПК № 22;

Арцём Пракапенка, 213004, Магілёўская вобл., г. Шклоў, ПК № 17;

Павел Севярынец, 225143, Брэсцкая вобл., Пружанскі р-н, в. Куплін, ПУАТ-7;

Мікола Статкевіч, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма № 4;

Павал Сырамлотаў, 213030, г. Магілёў, Слаўгарадcкая шаша, 3 км, ПК № 19;

Аляксандр Францкевіч, 225295, Брэсцкая вобл., г. Івацэвічы, «Воўчыя норы», а/с 20, ПК № 22

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?