Апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыа Гуджэроці.

Апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыа Гуджэроці.

«Мы служым усім людзям і молімся за ўсіх людзей. Справы палітычныя — гэта справы палітычныя. Мы займаемся духоўным акармленнем людзей. З пункту гледжання сацыяльнага навучаньня Касцёла кожны чалавек павінны клапаціцца аб сваім здароўі. І Касцёл не падтрымлівае такой акцыі, як галадоўка. Чалавек выбірае — што мы можам сказаць?» - сказаў уладыка [мітрапаліт Кандрусевіч] у адказ на пытанне пра палітвязняў і галадоўку спадара Каваленкі. Рэакцыя радыкальнай аўдыторыі была, як і трэба было чакаць, гранатамётнай: «Здраднік», «Прадажная крэатура», «Баязлівец» і пад. Пад гэтым градам дыягнастычных эпітэтаў нялёгка захаваць раўнавагу і проціпаставіцца спакусе схавацца ў адну з крэпасцяў – альбо ў крэпасць клерыкалісцкай лаяльнасці, альбо ў крэпасць антыклерыкальнай заўзятасці. (Калі тэставаць гэтыя дзве крэпасці на прадмет канфармізму, то другая явіцца намнога больш канфармісцкай – мала таго, што беларускі нэасавецкі рэжым з цяжкасцю пераварвае чужародную яму хрысціянскую стыхію, дык яшчэ і еўрапейскі ідэалагічны mainstream з непрыхаваным задавальненнем вітае «дэабсалютызацыю» хрысціянскіх каштоўнасцяў. Таму спакуса схавацца ў антыклерыкальнай крэпасці мацнейшая.) Але мужных людзей заклікаю застацца «пад градам» (хоць гэта і некамфортна) і глянуць на справу без маладушнай лаяльнасці і без фанабэрыстай заўзятасці.

Выступ арцыбіскупа Кандрусевіча агаліў прынамсі дзве праблемы, якія абцяжарваюць стасункі Касцёл – грамадзянская супольнасць.
Першая – вельмі шырокая – гэта пазіцыя беларускіх іерархаў адносна рознага роду маральных праблемаў у грамадска-палітычнай сферы. І тут варта паставіць пытанне не толькі пра тое, якая гэта пазіцыя, а таксама ў якой версіі яна явіцца – цераз мас-медыя – у грамадскай свядомасці. Другая праблема – вельмі канкрэтная – рэакцыя мітрапаліта на галадоўку сп. Каваленкі.
1. У беларускай грамадска-палітычнай сферы ёсць рознага роду маральныя праблемы. Так, ёсць праблемы з правамі чалавека, са свабодай слова, ёсць дужа вострая праблема нечалавечых умоў утрымання ў вязніцах, ёсць праблема стасавання фізічных і псіхалагічных катаванняў.
Пра гэта нон-стоп гавораць недзяржаўныя мас-медыя, праваабарончыя арганізацыі ўздымаюць гэтыя тэмы на мясцовых і міжнародных форумах, за ахвяраў гэтага бяспраўя заступаюцца першыя асобы еўрапейскіх краін. І гэта вельмі добра. І кожны чалавек добрай волі пакліканы ўключыцца ў кампанію за пераадоленне розных формаў несправядлівасці ў названых сферах.
Але... у грамадска-палітычнай сферы ёсць група праблем, намнога больш жудасных і патрабуючых намнога больш рашучага процідзеяння. Гэтай праблемай ёсць забіванне дзяцей ва ўлонні маці, а таксама пазаўлонневае забіванне ў выніку стасавання рэпрадуктыўных тэхналогіяў in vitro. І ці гэта камусь падабаецца, ці не, але гэтая задача – абарона нявінных безабаронных чалавечых істотаў – з'яўляецца самай прыярытэтнай у грамадска-этычнай місіі Касцёла.
Калі б гэтая місія была занядбана, то аніякія выступы – самыя смелыя, самыя палымяныя – у абарону дарослых (і збольшага здольных да самаабароны) людзей не змаглі б кампенсаваць гэтага занядбання. Грамадства, якое дазваляе пераслед людзей за іх палітычныя перакананні, з'яўляецца маральна няспелым грамадствам. Але грамадства, насякнутае крывёю дзясяткаў тысяч нявінных чалавечых істотаў, якое пры гэтым пасміхаецца з гэтай праблемы (маўляў – от, дробязь) – гэта грамадства, якое знаходзіцца на найніжэйшай стадыі маральнай дэградацыі. Грамадства без будучыні.
І калі хтось хоць крыху сочыць прамовы і сумесныя дэкларацыі беларускіх іерархаў, то, пэўне, ведае, што ў гэтай фундаментальнай справе, якая ігнаруецца большасцю праваабарончых арганізацый, іерархі не зважаюць ні на якую паліткарэктнасць і не пытаюць пра тое, спадабаецца гэта ці не беларускім уладам, а выразна крытыкуюць беларускае заканадаўства і ніякіх кампрамісаў тут заключаць не жадаюць. Што ж, было б добра, калі б таксама ў справе іншых маральных праблем у грамадскай сферы – тыпу праблема палітвязняў, жорсткага разгону мірных дэманстрацый, свабода слова і пад. - Касцёл адважна выказваўся. А можа – так дзеля эксперыменту – пажаданне трэба сфармуляваць трохі інакш: было б добра, калі б праваабарончыя арганізацыі ды грамадскія актывісты падтрымалі Касцёл і Царкву ў кампаніі па абароне гэтага самага фундаментальнага права – права нявіннага і безабароннага чалавека на жыццё.
Вось тады крытыка іерархаў за маўчанне ў справе палітвязняў была б намнога больш пераканаўчай. А можа, крытыка і наогул не была б патрэбнай, бо Касцёл, заўважыўшы, што ён не самотны ў абароне найбольш фундаментальных правоў чалавека, палічыў бы мэтазгодным засяродзіць сваю ўвагу таксама на іншых – менш фундаментальных, але таксама важных – чалавечых правах.

Падагульніў бы гэты пункт наступным чынам: так,

можам канстатаваць недасканаласць грамадска-этычнай місіі Касцёла. Але няма аніякіх падстаў закідаць яму канфармізм або ігнараванне грамадства-этычных праблемаў.

2. Што тычыцца пазіцыі (лепш сказаць: адсутнасці пазіцыі) мітрапаліта Кандрусевіча ў справе мучаніцкай галадоўкі Сяргея Каваленкі – на жаль, гэта той выпадак, калі згаданая недасканаласць касцёльнай місіі асабліва балючая. Уладыка дыстанцыяваўся да маральнага выбару Каваленкі і спрабаваў гэта «абгрунтоўваць» маралізатарскімі (зусім не да месца) заўвагамі, тыпу: Чалавек павінен пра здароўе клапаціцца; Касцёл не падтрымлівае галадоўкі; Ну, гэта яго выбар.

Зусім нядаўна ў Польшчы праводзілася галадоўка на знак пратэсту супраць рэдукцыі ўрокаў гісторыі ў ліцэях негуманістычнага профілю. Гэтая галадоўка праводзілася ў касцельным будынку. У кастрычніку мінулага году ў Кітаі кардынал Ёсаф Зэн галадаў на знак пратэсту супраць камунізацыі каталіцкае школы. Што ж, у абодвух выпадках касцёльныя іерархі заклікалі галадоўнікаў спыніць галадоўку. Але нікому ў такой сітуацыі не павярнуўся язык скарыстоўваць такія маралізатарскія і бяздушныя аргументы, тыпу: «Ты абавязаны дбаць пра здароўе» або «Касцёл не падтрымлівае галадоўкі». Зрэшты, сам арцыбіскуп Кандрусевіч, прамаўляючы паўтара году таму пропаведзь з нагоды 100-годдзя касцёла свсв. Сымона і Алены станоўча згадаў пра галадоўку вернікаў у 90-ыя гады, мэтай якой было дамагчыся вяртання касцёла.

Гэта балюча, што палітвязні і галадоўнікі змушаны стаяць ля варот Касцёла. Гэтыя вароты павінны быць для іх адчынены. Нельга, аднак, пазіцыю (дакладней, адсутнасць пазіцыі) іерархаў у гэтай справе чыніць асноўным крытэрам ацэнкі грамадска-этычнай місіі Касцёла. А ўжо зусім недарэчна зводзіць усю місію Касцёла да каментавання бягучых грамадска-палітычных працэсаў.

Асноўная місія Касцёла/Царквы – гэта служэнне справе паяднання чалавека з Богам.
Галоўным ворагам гэтага паяднання з'яўляюцца не грамадска-палітычныя сістэмы, а ўнутранае зло – грэх. У часы Ісуса Хрыста або св. Паўла грамадска-палітычны лад Рымскай імперыі або марыянеткавага каралеўства Ірада таксама быў пазначаны безлічам паталогій, аднак
прапаведаванне Ісуса і Яго паслядоўнікаў засяроджвалася перадусім на Добрай Навіне аб духоўным вызваленні. А ўжо Ісуса Хрыста або св. Паўла нельга западозрыць ўва ўгодніцтве або канфармізме.
Іх жыццё было пазначана перманентным цкаваннем, дыскрымінацыяй і ганеннямі.
Так ёсць, што грамадска-палітычныя трансфармацыі – гэта другасная справа для Касцёла/Царквы. І ў гэтай якасці можна прымаць або адкідваць Касцёл, гэта справа сумлення паасобнага чалавека. Але змяніць гэтага немагчыма.

* * *

Пётра Рудкоўскі ОП нарадзіўся ў 1978 у Канвелішках (Воранаўскі раён). Манах-дамініканец, ксёндз, служыць у Магілёве. Скончыў Ягелонскі ўніверсітэт. Лаўрэат прэміі Arche «За сумленнае слова» (2005). Выдаў кнігу «Паўстанне Беларусі» (2007).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?