Уладзімір Ляхоўскі напісаў кнігу «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. — 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.)». Гісторык расказаў пра некаторыя аспекты свайго даследавання.

«НН»: Хто ж такія гоманаўцы і гайсакі?

Уладзімір Ляхоўскі: Я акрэсліў пачатак беларускага моладзевага руху са стварэннем беларускай групы «Гоман» пры расійскай рэвалюцыйнай арганізацыі «Народная Воля» пасля задушэння антырасійскага паўстання на тэрыторыі Літвы і Беларусі ў 1864 годзе. А гайсакі — моладзевая суполка, якую стварыў паэт і журналіст Заходняй Беларусі Уладзіслаў Казлоўскі. Яна мела скаўцкі і спартовы напрамак.

«НН»: Вы звяртаецеся да часоў, калі тэрыторыя Беларусі знаходзілася ў складзе Расейскай імперыі, пад нямецкай акупацыяй, у складзе Польшчы… Які з перыядаў быў найбольш неспрыяльным для дзейнасці?

УЛ: Самымі неспрыяльнымі ўмовамі для грамадскай чыннасці былі савецкія часы — нават падчас правядзення новай эканамічнай палітыкі.

Фактычна да 1924 года быў зачышчаны ўвесь грамадскі сектар на тэрыторыі Савецкай Беларусі.
Можна казаць толькі пра нейкія краязнаўчыя гурткі. А што тычыцца палітычных і проста грамадскіх небальшавіцкіх устаноў — яны былі знішчаны.

«НН»: Вы пішаце пра этнічных татараў, літоўцаў, немцаў у шэрагах беларускіх нацыянальных арганізацый…

УЛ: Так.

Беларускі нацыяналізм нельга змяшчаць толькі ў рамкі этнакультурнага беларускага патрыятызму.

Рух за беларускую незалежнасць, за эмансіпацыю беларускай культуры ахапіў людзей неабыякавых да ідэй дэмакратыі розных нацыянальнасцяў. Узгадаем хаця б віленскую немку Юльяну Мэнке, літоўца Арнольда Дыліса. Андрэй Кубецкі меў татарскае паходжанне, з польскімі каранямі быў пляменнік Янкі Лучыны Антон Неканда-Трэпка, было нямала расейцаў і габрэяў.

У кнізе змешчана больш за 200 ілюстрацый. Многія з іх — унікальныя, друкуюцца ўпершыню.

Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. — 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.) / Уладзімір Ляхоўскі. — Вільня: Інстытут Беларусістыкі / Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2012. — 484 с.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?