Праз некалькі дзён, 14 красавіка, сканчаецца тэрмін дзеяння папярэджання, вынесенага Міністэрствам інфармацыі Беларусі «Нашай Ніве» ў 2011 годзе. Нагадаем, тады над «Нашай Нівай» і «Народнай воляй» навісла пагроза закрыцця. На «рахунку» Рэдакцыі магло застацца толькі адно папярэджанне — за ненадрукаваны паштовы індэкс у ліпені 2011 года. У такім выпадку ў чыноўнікаў не было б фармальнага права у любы дзень зноў запатрабаваць закрыцця газеты. І вось 11 красавіка Рэдакцыя газеты атрымлівае копію ліста з патрабаваннем вынесці газеце новае папярэджанне. Ад каго б вы думалі?

Валерый Кандратчык на ідэалагічнай нарадзе.

Валерый Кандратчык на ідэалагічнай нарадзе.

Але паводле БелТА - гэта Шакуцін. Купілася на гэта і «Наша Ніва».

Але паводле БелТА - гэта Шакуцін. Купілася на гэта і «Наша Ніва».

Валерый Кандратчык - генеральны дырэктар «Амкадора».

А Аляксандр Шакуцін - старшыня рады дырэктараў «Амкадора».

А Аляксандр Шакуцін - старшыня рады дырэктараў «Амкадора».

Ліст «Амкадора», старонка 1.

Ліст «Амкадора», старонка 1.

Ліст «Амкадора», старонка 2.

Ліст «Амкадора», старонка 2.

Ліст «Амкадора», старонка 3.

Ліст «Амкадора», старонка 3.

Рэдакцыя атрымала копію ліста за подпісам генеральнага дырэктара «Амкадора» Валерыя Кандратчыка, накіраванага 9 красавіка 2012 года міністру інфармацыю Алегу Праляскоўскаму. У ім «амкадоравец» «пераканаўча просіць» вынесці «Нашай Ніве» папярэджанне за распаўсюд няпэўнай інфармацыі і прыняць «іншыя меры, прадугледжаныя заканадаўствам».

Скальпель у руках мільянера

Што ж выклікала гнеўную рэакцыю дырэктара? Кандратчык абураецца матэрыялам «Мільянер са скальпелем», прысвечаным ягонаму шэфу — старшыні рады дырэктараў «Амкадора», сенатару Аляксандру Шакуціну. Артыкул быў надрукаваны ў № 13 (754) «Нашай Нівы» за 4 красавіка 2012 года.

Спачатку нагадаем, што такое «няпэўная інфармацыя», згодна з законам «Аб СМІ». Гэта інфармацыйныя паведамленні ці матэрыялы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. За публікацыю такіх звестак выданне можна атрымаць папярэджанне, калі такая непраўдзівая інфармацыя можа «прынесці шкоду дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам» альбо «ганіць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю фізічных/юрыдычных асобаў».

«Амкадор» — прадпрыемства прыватнае. Да дзяржаўных інтарэсаў яно дачынення не мае, зрэшты, далёкае і ад грамадскіх інтарэсаў. Значыцца, інфармацыя ад «Нашай Нівы» зняславіла «гонар, годнасць і рэпутацыю» «Амкадора». У чым канкрэтна?

У лісце знаходзіцца ажно 7 прэтэнзій. У першай з іх «Амкадор» абвяргае, што ў 2009 годзе кампанія купіла завод пад Вільняй і сваю датычнасць да ўтворанага «Амкадор-Балцік». Што ж, слова самому Шакуціну: «У 2009 годзе мы набылі два заводы. Першым быў Пабяржскі завод сельгасмашынабудавання (Літва), цяпер гэта — прадпрыемства „Амкадор-Балтык“. Яно знаходзіцца ў 20 км ад Вільні». Гэта ён сказаў у інтэрв’ю карэспандэнту БелТА 29 кастрычніка 2009 года. Пошук па архіве на сайце інфармацыйнага агенцтва не працуе, таму спашлемся на копію навіны на сайце «Беларускага Партызана». Дык хто ж, калі не Шакуцін, тады набываў гаротны Пабяржскі завод?

Гонар і годнасць «Амкадора» «псуюць» таксама абдрукоўка ў назве прадпрыемства «Амкадор-Унімод» і той факт, што «Амкадор-Унікаб» аднесены да Мінска, а не Маладзечна.

Прадпрыемства ўступілася і за непальца Упендра Махата, які быў названы ў матэрыяле найбуйнейшым акцыянерам канцэрна.

«У сапраўднасці спадар Махата не з’яўляецца акцыянерам ААТ «Амкадор», — нагадвае Валерый Кандратчык, але чамусьці не ўдакладняе, што ўсё той жа непалец з’яўляецца старшынём рады дырэктараў інвестыцыйнай кампаніі, якой належыць кантрольны пакет.

Адкрытыя лічбы

Дырэктар «Амкадора» дэманструе цуды арыфметыкі. «У матэрыяле ўказана, што агульная колькасць супрацоўнікаў… складае больш за 5 тысяч чалавек, — скардзіцца Кандратчык. — Аднак па стане на 1 красавіка колькасць работнікаў… складае 6226 чалавек, што перавышае на 25% лічбу ў матэрыяле». Уключым звычайную логіку і веды малодшай школы.

Налічаныя 6226 чалавек гэта больш ці менш за 5 тысяч чалавек? Дык у чым тады няпраўда «Нашай Нівы»?

Наступная прэтэнзія яшчэ больш красамоўная: «Інфармацыя пададзеная аднабакова». Паводле ўказа Лукашэнкі, «Амкадору» дазволілі за $1,5 мільёна набыць тры заводы. Валерый Кандратчык мяркуе, што замест таго, каб назваць гэтую суму «сімвалічнай», «Наша Ніва» мусіла адзначыць сацыяльную адказнасць «Амкадора». Аказваецца, кампанія мусіла інвеставаць у прадпрыемствы 22 мільярды рублёў за бліжэйшую пяцігодку, абавязалася захаваць колькасць работнікаў на набытых заводах і нават павялічыць аб’ёмы вытворчасці да ад 2,5 да 5 разоў. Ды на здароўе — хай хоць у дзесяць разоў. Вось толькі

чаму лічба ў $1,5 мільёна за тры заводы не можа называцца сімвалічнай?
Урэшце, гэта наша права як журналістаў даваць ацэнкі.

Штоквартал Міністэрства фінансаў Беларусі друкуе справаздачы аб дзейнасці усіх адкрытых акцыянерных таварыстваў краіны. Тыя самыя, якія сведчаць, што «Амкадор» не выплачвае ні рубля дывідэндаў сваім акцыянерам. Згодна з дакументамі,

за 2010 і 2011 год (тры кварталы) чысты прыбытак «Амкадора» склаў больш за $40 мільёнаў. А вось Валерый Кандратчык, не спасылаючыся на канкрэтныя дакументы, даводзіць, што ягоная кампанія зарабіла ўдвая менш.

Але ж «Наша Ніва» грунтуецца на адкрытых і даступных крыніцах.

Пакрыўдзіўся Шакуцін ці Кандратчык?

Наступны «балючы пункт» — удзел Шакуціна ў фінансаванні сфальсіфікаванага, як выявілася, конкурса «Еўрафэст». «Я папрасіў не без згоды і жадання Аляксандра Шакуціна, каб ён, міністр культуры і кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі арганізавалі годна гэты працэс і вызначылі тых, хто годна можа прадставіць нашу краіну на гэтым конкурсе, — абураўся Аляксандр Лукашэнка. — 

Наколькі я інфармаваны, Аляксандр Васільевіч Шакуцін дапамагаў, і фінансава ў тым ліку, арганізоўваць гэты конкурс».
У гэтым пытанні мы інфармаваныя не больш за кіраўніка дзяржавы — Белтэлерадыёкампанія не прадастаўляла фінансаваныя справаздачы наконт арганізацыі «Еўрафэста». Аднак мы грунтаваліся на словах кіраўніка дзяржавы.

І апошняе — памылка з фотаздымкамі. На першай і пятай палосах газеты замест фота Шакуціна быў размешчаны дырэктар «Амкадора» Кандратчык. Прычына была ў тым, што мы купілі гэтае фота ў інфармацыйнага агенцтва БелТА, у якога сівы мужчына за трыбунай падпісаны менавіта як Шакуцін. У гэтай сітуацыі недакладнасць насамрэч была, мы занадта даверыліся агенцтву. У наступным нумары газеты «Наша Ніва» надрукавала ўдакладненне. І тут цікава: ці «Амкадор» запатрабаваў даць папярэджанне таксама агенцтву БелТА, ці ягоны праведны гнеў распаўсюджваецца выключна на незалежную газету? І яшчэ цікава ведаць, чый менавіта гонар быў зганьбаваны гэтай блытанінай? Варыянты два.

Альбо дырэктар Кандратчык пакрыўдзіўся, што яго светлы твар падпісалі іменем Шакуціна. Альбо наадварот — сенатар Шакуцін вырашыў, што яго дзелавая рэпутацыя была непапраўна сапсаваная праз выяву Кандратчыка.

«Пазітыўны матэрыял»

…Прадстаўніца ідэалагічнага аддзела «Амкадора» ў першы раз патэлефанавала ў Рэдакцыю літаральна праз гадзіну-дзве пасля з’яўлення нумара газеты ў продажы. Звярнуўшы ўвагу на недарэчны здымак, яна заўважыла, што прадпрыемства не трымае зла на «Нашу Ніву», тым больш што матэрыял, па яе словах, атрымаўся «пазітыўны».

Што ж здарылася за наступны тыдзень, што дырэктар Валерый Кандратчык напісаў на імя міністра Праляскоўскага ажно тры старонкі прэтэнзій?

Аляксандр Шакуцін адзначаў у ранейшых інтэрв’ю, што прадукцыя «Амкадора» мусіць быць адаптаваная да патрабаванняў Еўрасаюза, каб як можна было экспартаваць ў еўрапейскія краіны і атрымліваць льготы у рэалізацыі. Рэдакцыя мяркуе, што

«гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю» прадпрыемства будзе псаваць не абдрукоўка ў назве завода «Унімод» і нават не зблытаны здымак Шакуціна. Перакананыя, што еўрапейскія інвестары і пакупнікі перадусім звернуць увагу на ўдзел «Амкадора» ў ціску на незалежную прэсу Беларусі.
У цывілізаваных краінах так не прынята, спадар Кандратчык.
Той артыкул пра Шакуціна быў сапраўды пазітыўны.
Некаторыя інтэрнаўты нават выказвалі прэтэнзіі: маўляў, вы падаяце гэта як гісторыю поспеху, а тут трэба іначай пісаць. Мы з такімі закідамі не згодны. Важна пісаць пра беларускі прыватны бізнэс — будучыню беларускай эканомікі, хоць гэта і цяжка рабіць, бо інфармацыя не ляжыць пад нагамі.

А прэтэнзіі да такога пазітыўнага артыкула ўспрымаюцца як: «нельга пісаць пра нас зусім». Абсурдна і падазрона, калі той бізнэс, на словах дэкларуючы сваю празрыстасць, пачынае чапляцца да публікацый пра яго. Мы ўспрымаем гэты «наезд» як чарговую палітычную справу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?