Праект рэканструкцыі аэрапорта «Мінск-2» уцанілі з $600 мільёнаў да $81 мільёна
Кітайцы адмовіліся ад супрацоўніцтва, таму давядзецца праводзіць працы ўласнымі сіламі.
Беларусь адмовілася ад супрацоўніцтва з Кітаем па рэканструкцыі аб’ектаў Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» і распрацавала альтэрнатыўную канцэпцыю выканання намечаных праектаў. Пра гэта заявіў намеснік дырэктара дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Уладзімір Косцін.
Раней меркавалася, што Кітай пазычыць на выкананне праекту $600 мільёнаў, аднак пасля, пераацаніўшы працы, кітайцы прапанавалі спыніцца на лічбе ў $1 мільярд.
У выніку беларускім бокам было прынятае рашэнне распрацаваць альтэрнатыўную канцэпцыю рэканструкцыі аэрапорта. Для яе рэалізацыі дастаткова $81 мільёна.
Ужо пачалося праектаванне другой узлётна-пасадачнай паласы, якая павінна быць уведзена ў эксплуатацыю ў 2017 годзе. Зменіцца і ўнутраная «начынка» аэрапорта. Прадугледжваецца пашырэнне зон для абслугоўвання пасажыраў як на вылет, так і на прылёт, а таксама пашырэнне гейтаў для знаходжання пасажыраў перад вылетам. Вырасце колькасць стоек рэгістрацыі. Апроч таго, плануецца павялічыць гандлёвыя плошчы магазінаў duty free.
паводле БелТА
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ