З 2000 года колькасць захворванняў сістэмы кровазвароту (ХСК) у Беларусі вырасла амаль у два разы. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай працы рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» Аляксандр Пацееў 11 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, калі ў 2000 годзе захворванне насельніцтва на ХСК складала 17 тыс. 869,8 на 100 тыс. насельніцтва, то ў 2011 годзе — 30 тыс. 486,3 на 100 тыс. Усяго ў 2011 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 2 млн. 361 тыс. пацыентаў з ХСК, у тым ліку 37% у працаздольным узросце.

Найболей распаўсюджана артэрыяльная гіпертэнзія, няўскладненыя формы якой выяўлены ў 1 млн. 815 тыс. жыхароў.
Ад ішэмічнай хваробы сэрца пакутуе 970 тыс. хворых, у тым ліку амаль чвэрць — у працаздольным узросце. Працягваецца рост захворвання на вострыя парушэнні мазгавога кровазвароту. У 2011 годзе ў Беларусі зарэгістравана больш за 33 тыс. такіх пацыентаў. ХСК з’яўляюцца першай па распаўсюджанасці прычынай смерці ў Беларусі. На іх долю прыпадае амаль 52% смерцяў.

Спецыяліст тлумачыць рост захворвання на ХСК і смяротнасці ад іх шэрагам фактараў: старэннем насельніцтва, цяжкай фінансава-эканамічнай сітуацыяй, ростам псіха-эмацыянальных нагрузак, урбанізацыяй, змяненнем характару харчавання і ўмоў жыцця, працы. Многія беларусы вядуць маларухомы лад жыцця, маюць залішнюю масу цела, кураць, ужываюць спіртное, што з’яўляецца фактарамі рызыкі развіцця ХСК. Акрамя таго, многія беларусы не клапоцяцца пра ўласнае здароўе, не вядуць здаровы лад жыцця. Нарэшце, рост захворвання ХСК збольшага можна растлумачыць паляпшэннем дыягностыкі захворванняў, лічыць спецыяліст.

Пацееў выказаў асаблівую заклапочанасць ростам смяротнасці ад ХСК у пацыентаў у працаздольным узросце. Паводле яго слоў, большая частка такіх выпадкаў тлумачыцца сацыяльнай напаспяховасцю, злоўжываннем алкаголем, неадэкватным стаўленнем пацыентаў да свайго здароўя. У 15% выпадкаў мае месца несвоечасовы зварот па медыцынскую дапамогу. Кожны дзясяты памерлы ад ХСК у працаздольным узросце меў спадарожную паталогію, часцей за ўсё цукровы дыябет другога тыпу і цыроз печані аліментарна-таксічнага генезу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?