Ад «ляпаў» не застрахаваны ніводзін славуты рэжысёр. Не стала выключэннем і карціна Леаніда Гайдая, якая адзначае 45-годдзе. Зрэшты, у такіх «народных» фільмах любы промах — гэта не памылка, а толькі чарговая «разынка».

Амнезія Шурыка

Ужо ў самой назве фільма хаваецца нестыкоўка. Стужка называецца «Каўказская палонніца, ці Новыя прыгоды Шурыка» і задумвалася як працяг нашумелай «Аперацыі Ы». Усё правільна — і Шурык той самы, і «бліскучая тройца». Незразумела толькі адно: як галоўны герой не пазнаў у «кунаках» бандытаў, што квапіліся на склад у першым фільме.

Аловак-прывід

У эпізодзе з урокам твісту на стале ў героя Віцына, які пералічвае грошы, ляжыць двухбаковы аловак, які спачатку павернуты чырвоным бокам да Баягуза, а праз долю секунды ўжо цудоўным чынам паварочваецца сінім.

Ілжэрыба

Уважлівы гулец у даміно, прагледзеўшы эпізод з сеансам адначасовай гульні, можа заўважыць, што, па сутнасці, ніякай «рыбы», насуперак словам Балбеса, там няма. Па-першае, у двух месцах ляжыць костка «5:4», па-другое, адсутнічае костка «5:1».

Чаравікі ў рацэ

У сцэне, дзе Ніна выцягвае Шурыка з горнай ракі, той, перш чым забрацца ў спальны мяшок, скідае чаравікі. Працяг ўсім вядомы: запакаваны Шурык пачынае скакаць па паляне і ўрэшце звальваецца з абрыву проста ў горную раку. Спартсменка і камсамолка выцягвае яго з вады. Але з ракі Шурык выбіраецца ў абутку.

Два гваздзікі і пражэрлівая камсамолка

Найбольшая колькасць «ляпаў» прыпала на сцэны, знятыя ў доме таварыша Саахава. Пачаць хоць бы з таго, што вочка, у якое за Нінай падглядвае герой Фрунзіка Мкртчана, ужо праз хвіліну знікае са сцяны. Яшчэ адна «нестыкоўка» — паднос з ежай. Баягуз, Балбес і Бывалы прыносяць Ніне раскошны абед з садавіны і пернікаў. А калі песня пра султана скончаная, глядач выразна бачыць, што паднос зусім пусты. Выходзіць, згаладнелая камсамолка «змяла» цэлы стол з прысмакамі за лічаныя хвіліны.

Марлевая павязка

Сцэна, дзе Маргунову робяць укол з дапамогай шпрыца, больш падобнага да помпы, таксама адзначаная пацешнай нестыкоўкай. Сябар Шурыка, у якога не ўдаецца выцягнуць шпрыц, плюе на рукі… праз марлевую павязку.

«Сапраўдныя» ледзяшы і «дзікі» мядзведзь

Гімалайскія мядзведзі, што выскокваюць з пячоры проста на герояў фільма, у гэтым рэгіёне не водзяцца. Напэўна, менавіта таму на «дзікім зверы» выразна бачны ашыйнік.

Не схаваецца ад вачэй уважлівага гледача і наступны факт: калі Віцын, Нікулін і Маргуноў у запале пагоні залазяць у тэнт, навонкі яны выходзяць пакрытыя «шэранню». Выглядае ўсё даволі натуральна, за выключэннем ледзяшоў на капелюшы Віцына, якія разгойдваюцца ад кожнага яго руху.

Цень ад мікрафона

У эпізодзе з «Лебядзіным возерам», побач з таварышам Саахавым, які стаіць на каленях, выразна бачны цень мікрафона.

Высадзілі Шурыка

У фінале фільма, калі Шурык верхам на асле праводзіць Ніну, да іх пад’язджае аўтобус. На імгненне ён хавае герояў, усе ногі, уключна з аслінымі, знікаюць, і аўтобус едзе. А праз секунду на экране зноў з’яўляецца Шурык, які едзе верхам следам за аўтобусам. Як і чаму маладога чалавека разам з аслом высадзілі з транспартнага сродку, прымусіўшы дабірацца сваімі сіламі, гледачу застаецца толькі гадаць.

Цэнзура і маленькія хітрасці

Ідэя фільма нарадзілася пасля таго, як Гайдай прачытаў у газеце гісторыю пра выкраданне дзяўчыны закаханым джыгітам у закаўказскай рэспубліцы. Гайдай адразу хацеў здымаць свайго сябра Юрыя Нікуліна і прыдумаў для яго ролю. Але той адмовіўся: «У нашы дні крадуць нявесту? Глупства! Здымацца не буду». Гайдаю ўдалося ўгаварыць Нікуліна, паабяцаўшы разам палепшыць сцэнар.

«Каўказскую палонніцу» выратаваў Брэжнеў

Савецкая цэнзура забараніла ўступную сцэну фільма, якую прыдумалі Гайдай і Нікулін: Баягуз падыходзіць да плота і, азіраючыся, крэсліць крэйдай літару «Х». Следам з’яўляецца Балбес і дапісвае літару «У». Міліцыянт, што бачыць гэтае бясчынства, заліваецца свістам. Але Балбес, не разгубіўшыся, дапісвае: «…дожественный фильм».

Наталлі Варлей не ўдавалася агучыць сваю гераіню Ніну. «Палонніца» гаворыць голасам Надзеі Румянцавай.

Фокус з паваротам галавы Віцына на 180 градусаў здымалі ў некалькі прыёмаў. Першы: Віцын, апусціўшы папаху на твар, варушыць пальцамі рук, складзенымі на грудзях, — камера здымае, спыняецца. Другі: Віцын надзявае пінжак задам наперад, папаха на твары, пальцы варушацца — камера здымае, спыняецца. А гэтыя кадры «разбіваюцца» яшчэ адным кавалкам, дзе знятая патыліца актора: спачатку пад папахай, а потым калі яе падымаюць.

Цікава і тое, што ў сцэне гандлю ў кабінеце Саахава герой Мкртчана кажа фразу: «Але ты ж не казу атрымліваеш!» У гэтай фразе слова «атрымліваеш» агучыў іншы актор.

У сцэне, дзе тройца Віцын-Маргуноў-Нікулін п’е піва, непітушчы Віцын глынуў-такі сапраўднага піва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?