Сёння праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Вялікі, або Чысты чацвер.

Раней лічылася, што ў гэты дзень трэба абавязкова пайсці ў царкву, каб памаліцца і прычасціцца.

Каб быць здаровымі ўвесь год, нашы бабулі раным-раненька, да ўзыходу сонейка, мыліся, хто ў лазні, а хто дома, прапаліўшы ў печы. У некаторых рэгіёнах Беларусі дзеўкі мылі валасы і расчэсвалі іх ля бярозы, каб каса расла ды густою была. Найбольш смелыя купаліся ў рацэ ці возеры, што пазбаўляла ад хвароб.

Напярэдадні Вялікай пятніцы неабходна было прыбраць хату і двор, завесіць вокны. Першая палова чацвярга для такой хатняй работы падыходзіла найлепш. А потым, пад вечар, людзі ішлі ў царкву, дзе маліліся і асвячалі соль. Свянцоная, яна на працягу года дапамагала пры суроках ці іншых хваробах.

Лічыцца, што ў Чысты чацвер раскрываюцца нябёсы, і нашы памерлыя продкі вяртаюцца да нас на зямлю, дзе застануцца да Сёмухі.

У Вялікі чацвер гаспадыням ужо можна фарбаваць яйкі і гатаваць некаторыя стравы да святочнага стала. Усялякія забавы, вечарынкі, гульні строга забараняліся.

Вялікдзень праваслаўная грамада будзе святкаваць 15 красавіка.

У наступным годзе розніца паміж Вялікаднямі будзе складаць больш месяца. Каталікі і пратэстанты будуць святкаваць 31 сакавіка, а праваслаўныя — 5 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0