У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва 12 красавіка падпісана міравое пагадненне паміж ААТ «Прамжылбуд» і актывістам незалежнага прафсаюза РЭП мулярам Аляксеем Паўлоўскім, які патрабаваў змяніць фармулёўку звальнення і выплаціць грашовую кампенсацыю ў 11 млн. 662 тыс. рублёў.

Суддзя Аляксандр Раманаў зачытаў бакам тэкст міравога пагаднення, да якога яны прыйшлі перад пачаткам судовага пасяджэння. Ісцец і адказчык у асобе вядучага юрыста ААТ Раісы Краснікавай падпісалі дакумент.

Згодна з міравым пагадненнем, кіраўніцтва ААТ «Прамжылбуд» да 25 красавіка зменіць фармулёўку звальнення Паўлоўскага. Замест запісу аб звальненні ў сувязі з заканчэннем працоўнага кантракта ў яго працоўнай кніжцы будзе запісана, што ён звольнены па прычыне скасавання ім працоўнага дагавора ў сувязі з яго парушэннем наймальнікам.

Да гэтага ж тэрміну «Прамжылбуд» абавязаны выплаціць Паўлоўскаму 11 млн. 662 тыс. рублёў. Гэта сума складваецца з кампенсацыі за парушэнне прававога становішча работніка і выхадной дапамогі.

Паўлоўскі са свайго боку здымае іскавыя патрабаванні. Судовыя выдаткі бакамі пагашаюцца ўзаемна. Пастанова суда аб міравым пагадненні можа быць абскарджана бакамі на працягу 10 дзён.

«Бок істца на 100% даказаў парушэнне працоўнага заканадаўства і працоўнага кантракта ААТ «Прамжылбуд» — арганізацыяй, чый кіраўнік Леанід Балдзенка ўдастоены за 2011 год звання «Чалавек года», — заявіў Паўлоўскі,

зазначыўшы, што ён задаволены рашэннем суда.

У дачыненні да афіцыйнага прафсаюза, які, паводле слоў Паўлоўскага, у працоўнай спрэчцы з самага пачатку выступаў на баку наймальніка, муляр мае намер падаць іск у суд. «Іх прадстаўнікі заключалі калдагавор, да якога я далучыўся, і ўсё, што толькі можна, было парушана», — сказаў рабочы.

Кіраўніцтва прадпрыемства «Прамжылбуд» не прадоўжыла з 10 лютага працоўны кантракт з актывістам прафсаюза РЭП Паўлоўскім. Будаўнік, у сваю чаргу, заявіў пра шматлікія парушэнні заканадаўства, у прыватнасці аховы працы на будоўлі, якая вядзецца непадалёк ад ААТ «Магілёўхімвалакно», і падаў заяву аб датэрміновым скасаванні кантракта з-за невыканання наймальнікам умоў працоўнага пагаднення.

Ісцец патрабаваў, каб прычынай яго звальнення быў арт. 41 Працоўнага кодэкса (у сувязі з парушэннем наймальнікам умоў кантракта), які прадугледжвае выплату трохмесячнай выхадной дапамогі. Фінансавыя патрабаванні Паўлоўскага — 11 млн. 662 тыс. рублёў, у якія ўваходзяць кампенсацыя за пагаршэнне прававога становішча ў памеры трох сярэднямесячных заработных плат і выхадная дапамога ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заробку.

Судовыя пасяджэнні па іску Паўлоўскага да «Прамжылбуда» пачаліся 28 сакавіка. Пасля пасяджэння 3 красавіка прадстаўнік істца праваабаронца Барыс Бухель заявіў БелаПАН, што суд праінфармаваны аб 53 парушэннях заканадаўства, дапушчаных наймальнікам у дачыненні да Паўлоўскага. «Чатырнаццаць з іх ужо дакументальна пацверджаныя адпаведнымі структурамі, такімі як цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, банк, дзе мой давернік атрымліваў грошы, інспекцыя працы, абласны камітэт па працы і сацыяльнай абароне», — сказаў праваабаронца.

Звальненню Паўлоўскага папярэднічаў працоўны канфлікт рабочых яго брыгады з адміністрацыяй будаўнічай арганізацыі. У студзені 15 чалавек пісьмова запатрабавалі працягу кантракта з Паўлоўскім і прыгразілі выхадам з Белхімпрафсаюза і звальненнем у знак салідарнасці. Потым практычна ўсе яны адклікалі свае подпісы. Трое будаўнікоў напісалі новае хадайніцтва да адміністрацыі, каб Паўлоўскага пакінулі на працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?