Пячэрскі суд Кіева пакараў сёньня пяцю гадамі зьняволеньня былога міністра абароны Валера Івашчанку паводле абвінавачаньня ў злоўжываньні службовым становішчам.
Вэрсія сьледзтва кажа, што ён незаконна прадаваў маёмасьць Феадасійскага суднамэханічнага заводу, чым нанёс шкоду дзяржаве амаль на 9 мільёнаў даляраў. Сам ён віну адмаўляе.
Івашчанка стаў чацьвёртым асуджаным, які працаваў ва ўрадзе Цімашэнкі. Апроч самой экс-прэм'еркі, якая атрымала 7 гадоў зьняволеньня, чатырохгадовы тэрмін у турме адбывае былы кіраўнік МУС Юры Луцэнка. Тры гады за перавышэньне службовых паўнамоцтваў атрымаў былы міністар навакольнага асяродзьдзя Георгі Філіпчук. Міністар эканомікі Багдан Данілішын — абвешчаны ў вышук.
У студзені Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы заклікала ўкраінскія ўлады спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць папярэдняга ўраду і вызваліць з-за кратаў былых урадоўцаў.