13.04.2012 / 13:01

З Нясвіжскага палаца здымаюць «цыбуліну» 38

Згодна з рашэннем Міністэрства культуры, вежы будзе вернуты даперабудоўны выгляд.

Распачаўся дэмантаж «цыбуліны». Фота pczaljar.livejournal.com.

Распачаўся дэмантаж «цыбуліны». Фота pczaljar.livejournal.com.

Так палац выглядаў у канцы XIX стагоддзя.

У Нясвіжы распачаўся дэмантаж «цыбулепадобнага купала» на дазорнай вежы Нясвіжскага палаца, якую ўсталявалі ў 2004-м годзе.
Пры яе стварэнні грунтаваліся на гравюры Тамаша Макоўскага XVII стагоддзя. Аднак гісторыкі культуры раскрытыкавалі ўстаноўку цыбуліну: яна разбурала цэльнасць ансамбля. Адмоўна паставіліся да такога эксперымента і Радзівілы, былыя ўласнікі палаца.

«Калі распачыналіся працы ў 2003 годзе, вежа была ў жахлівым стане, яе трэба было ратаваць, — тлумачыць намесніца дырэктара Нясвіжскага запаведніка Наталля Жарко. — Таму ў першую чаргу заняліся менавіта рэканструкцыяй вежы.

Такі выгляд вежы меў месца, але выклікаў шматлікія спрэчкі — нехта адразу ўхваліў праект, іншыя крытыкавалі.
Зараз, згодна з рашэннем Міністэрства культуры, вежа будзе перабудавана».

Рэшту замка аднавілі ў тым выглядзе, у якім ён існаваў у канцы XIX стагоддзя. Толькі купал вежы належаў да іншага стылю.

Зараз вежу пераствораць паводле выяваў XVIII стагоддзя.
Менавіта ў такім выглядзе яна праіснавала да Другой сусветнай вайны.

На неабходнасці вярнуць вежы звыклы выгляд настойвала Альжбета Радзівіл падчас свайго візіта ў Нясвіж. Грошы на рэканструкцыю вежы маглі пераводзіць усе ахвотныя, нашчадкі Радзівілаў таксама паўдзельнічалі ў зборы. Вялікі ўнёсак у арганізацыю збору сродкаў зрабіў былы міністр інфармацыі і культуры Анатоль Бутэвіч.

Тэлеканал АНТ назваў замену «цыбуліны» «перамогай гістарычнай справядлівасці».

Юрась Ускоў

0
Ваза / Адказаць
13.04.2012 / 13:04
Разам з цыбулінай пажадана прыбраць і еўрадзверы і да таго падобнае.
0
321-бах - Вазе / Адказаць
13.04.2012 / 13:12
Галоўнае - прыбраць цыбульшчыкаў са ўсіх узроўняў улады. Тады і цыбулін больш ня будзе.
0
Ваза / Адказаць
13.04.2012 / 13:15
Падкажыце якім чынам?
Паказаць усе каментары/ 38 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру