На тэрыторыі сталічнага рынку «Ждановічы» на днях супрацоўнікамі Першамайскага РУУС Мінска за збыт марыхуаны быў затрыманы 25-гадовы мінчук.

Ён прадаў адзін грам наркотыка за 20 долараў 40-гадоваму наркаману.
Пры гэтым у затрыманага было знойдзена і канфіскана яшчэ 13 грамаў гэтага наркатычнага сродку.

Як паведамілі ў райупраўленні ўнутраных спраў, затрыманню папярэднічала аператыўная распрацоўка маладога чалавека, пры гэтым міліцыянерам было вядома, што іх аб’ект сам ужывае наркотыкі і з’яўляецца рэалізатарам.

Праз гадзіну пасля затрымання на рынку падчас правядзення далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у адным са сталічных рэстаранаў быў затрыманы яшчэ адзін мінчанін, у якога папярэдні затрыманы і набываў марыхуану для наступнага рознічнага продажу.

У здымнай кватэры затрыманага з рэстарана аказалася 144 грамы наркотыку, электронныя вагі, а таксама спецыяльныя прыстасаванні для фасоўкі і захоўвання наркатычных сродкаў.

У дачыненні да падазроных у незаконным збыце наркатычных сродкаў распачата крымінальная справа. Праводзіцца расследаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?