Першы міф, здаецца, спарадзіў Сяргей Адамавіч Кавалёў, сцвярджаючы, што палітычныя зняволеныя ў 1970-я гады, бамбардуючы савецкія органы скаргамі, дамагліся істотных паляпшэнняў для ўсіх зняволеных. Улады, маўляў, пачалі задыхацца ад патоку лістоў, якія паводле закона былі вымушаныя разглядаць. Зусім не: ніхто не задыхаўся, нейкія саступкі зрабілі, але абсалютна неістотныя, а галоўны вынік — перасталі адказваць на скаргі альбо наладзілі механізм адпісак.

У нашыя дні кожны, хто скардзіўся, атрымліваў адказ «Ваш зварот прыняты да ведама».

«Хрыста ўкрыжавалі!» — «Ваш зварот прыняты да ведама». «Хрыстос уваскрос!» — «Ваш зварот прыняты да ведама». «Вы ідыёт!» — «Ваш зварот прыняты да ведама». «Быць ці не быць?» — «Ваш зварот прыняты да ведама».

Другі міф шмат небяспечнейшы: нібыта ад улады можна чагосьці дамагчыся пагрозай самагубства. Тут як у апавяданнях забабонных пра цуды — памятаюць толькі пазітыў. У рэальнасці на кожны ўдалы выпадак прыпадала і прыпадае сотня, калі не выжылі і не дамагліся.

Гэта не азначае, што самагубства — памылка, грэх і да т.п.

Самагубства — справа вельмі годная, што сведчыць пра глыбіню, вышыню і гушчыню духоўнага жыцця. Настолькі годная, што няма ніводнага чалавека, які быў бы варты ўчыніць самагубства. Самагубства трэба абараняць ад самагубцаў.

Самагубства трэба абараняць ад пагрозаў скончыць з сабой. Розніца паміж чалавекам, які кідаецца з даху, і чалавекам, які пагражае скінуцца з даху, — як паміж каханнем і парнаграфіяй. Гэта не азначае, што пагрозы скончыць з сабой можна прапускаць міма вушэй. Нельга. Больш за тое, кожная пагроза скончыць з сабой ужо ёсць самагубствам, у тым евангельскім сэнсе, у якім сказаць чалавеку «ідыёт» ёсць забойствам. Сур’ёзна варта ставіцца і да ўласных суіцыдальных імпульсаў — гэта больш чым трывожная прыкмета. Аднак трэба бачыць і розніцу паміж «ідыёт» і забойствам, паміж пагрозай і суіцыдам.

Цяпер у Астрахані галадаюць некалькі дзясяткаў чалавек з палітычнымі патрабаваннямі, і там сур’ёзна папахвае смяротным вынікам — дык вось, яны не даведзеныя да скрайнасці, як кажуць іх абаронцы. Калі чалавек даведзены да скрайнасці, ён проста канчае з сабой. Вось вызваліць Тыбет ад Кітая — безнадзейная справа, тыбетцы рэгулярна канчаюць з сабой. Ім нічога больш не застаецца. Гэта як з выразам «мне невыносна балюча». Яно ілжывае паводле азначэння. Калі чалавеку балюча невыносна, ён страчвае прытомнасць ці нават памірае. Калі чалавек яшчэ гаворыць — значыць, пакуль трывае.

Самагубства як апошні, найвышэйшы довад вольнага чалавека — абсалютна слушная ідэя. Адносіцца гэта і да самагубства праз галадоўку да смерці. Таму галадоўкі Гандзі ці Сахарава — мудрыя і годныя паводзіны. Чаму ж галадоўкі тых самых астраханцаў у многіх не выклікаюць спагады? Ды таму, што там свабодай і не пахне, і там адкрыта кажуць, што гэта не ад свабоды з надзеяй, а ад рабства з адчаем.

Найлепшая абарона астраханцаў прапанаваная псіхолагам Людмілай Петраноўскай:

«Рэакцыя на бестэрміновую галадоўку з любымі законнымі патрабаваннямі ў грамадстве, што жыве паводле прынцыпаў салідарнасці, можа быць толькі адна: падтрымка ўсімі даступнымі сродкамі. …Слухайце, зэкі, злодзеі, рабаўнікі і астатнія з розных бакоў непрыемныя асобы, усе ўстаюць і калоць міскамі ў дзверы, калі іх таварыш галадае. Яны не ўгаворваюць яго перастаць, яны не клічуць турэмнага доктара з кропельніцай, яны не кажуць: „Вось дурань, падумаеш, у морду плюнулі, не каб выцерціся“. Яны падтрымліваюць, як могуць, самі нарываючыся на вялікія непрыемнасці. Ім відавочна, што так уладкавана і інакш нельга. А інтэлігентам-гуманістам з ЖЖ — не відавочна».

Так выдатны псіхолаг праяўляе тую ж рысу, якую знаходзіць у іншых — віктымнасць. Усё так дрэнна, усё так безнадзейна, што застаецца адзіны сродак, і трэба падтрымліваць тых, хто да гэтага сродку звяртаецца.

Усё не так дрэнна! Усе дрэнна, але інакш. Так, Расія — турма. Так, свабода і гонар у Расіі растаптаныя. Але гэта зусім не азначае, што застаецца галадаць да смерці і падтрымліваць галадоўнікаў.

Самагубства — выдатная рэч, але гэта менавіта рэч. Дарэчы, насуперак таму, што думае пра самагубства самазабойца. Ён мяркуе, што самагубства — гэта Слова. Логас. Адзінае, найвышэйшае выказванне, зразумелае ўсім.

Наадварот! Самагубства ў прынцыпе незразумелае, нават калі самазабойца напіша перад смерцю цэлы трактат (казус нямецкага мысляра Макса Шелера). Найпрасцейшы казус — самагубства Іуды — і тое трактуецца самымі процілеглымі спосабамі.

Пагроза самагубствам кепская тым, што яна не першая фаза магчымага дыялогу, а адмова ад дыялогу, адмова ад зносін. Гэта жывёльныя паводзіны, а не чалавечыя.
Гэта форма дэманстрацыі цела, а зусім не выказванне.

Агульная праблема сучаснага апазіцыйнага руху ў тым, што ён падобны на свайго (і нашага агульнага) ворага няўменнем гаварыць.

Лаяцца — калі ласка («аддайце, гады»). Рагатаць — калі ласка. Паказваць стужачкі розных колераў — з радасцю. Забіць ці самазабіцца — таксама можам. Кожны дзень хадзіць на мітынг, біцца з сілавікамі — няма праблем. Гыркнуць з трыбуны і адказаць рыкам натоўпу — лёгка. Пасварыцца з ворагам — ура! А пагаварыць з сябрам — стоп! Гэтага — не ўмеем.
Развучыліся. Сто гадоў таму ўмелі. Колькі было нарадаў, сустрэч, гутарак, абмеркаванняў. Бярдзяеў з Мілюковым, Струве з Пляханавым, Мартаў з Данам — яны гаварылі! Спрачаліся! Выпрацоўвалі праграмы. Потым прыйшлі бальшавікі, без усякіх гутарак пачалі страляць, пакідаючы ў жывых тых, хто паверыў: словы — нішто, гвалт — усё. Вось і вырасла ўжо трэцяе пакаленне апазіцыі, якая ўмее ўсё, толькі гаварыць не жадае, самаарганізоўвацца не ўмее і спадзяецца толькі на паўтор штурму Зімняга.

Вы думаеце, на карту ў Астрахані пастаўлена нашмат менш Зімняга палаца? Там усяго толькі патрабуюць перагляду вынікаў выбараў? Як кажа Петраноўская, «канкрэтнае, яснае, кампактнае патрабаванне, выканання якога абсалютна рэальна дамагчыся проста заўтра. Калі проста заўтра выйдзе столькі, колькі было на Балотнай ці Сахарава. За сумленныя выбары якраз».

Ну так — дастаць банан, падвешаны да столі, няцяжка, проста трэба не аднаму чалавеку скокнуць, а за ста тысячам.

Патрабаванне сумленных выбараў — канкрэтнае, яснае, кампактнае, і менавіта таму рэжым будзе стаяць да апошняга. Ён жа не збіраецца канчаць жыццё самагубствам. Яго жыццё толькі пачынаецца!
Усяго 20 гадоў як пазбавіліся ад ідыёцкага камітэта парткантролю, сталі містэрамі Твістэрамі, уладальнікамі дамоў, заводаў, параходаў — і цяпер дастань гэта ды аддай? А «сумленныя выбары» менавіта да гэтага павядуць. Цана пытання — менавіта такая. У Астрахані патрабуюць, каб крывасуддзе стала правасуддзем — падумаеш, якая дробязь…

Ды тут корань усёй праблемы — у праве. Іншая рэч, што ў Расіі прыгнятальнікі лепш прыгнечаных разумеюць, што права — смяротная небяспека для дэспатызму. Гэта трэба разумець. Трэба разумець, што праблема настолькі важная, што яе не вырашыць галадоўкамі і мітынгамі, крыкамі і аб’яднаннем з нацыстамі і камуністамі. Яе можна вырашыць толькі размовамі, прычым размовамі адно з адным, а потым ужо з дэспатамі.

Мы ўсе марым пра Польшчу — дык там кругламу сталу з уладай папярэднічала мноства цалкам някруглых сталоў без улады. Ангельцы называюць гэта «на ўзроўні каранёў травы» — а ў Расіі да гэтага часу лічаць, што трава расце з Крамля
і што добрая партыя — гэта партыя з добрым фінансаваннем, дык прыйдзі ж, Прахароўскі або Бярозаў, і арганізуй нас. Да смерці галадаць — гатовыя, стварыць палітычную партыю без грошай і кожны дзень прапагандаваць яе праграму сярод суседзяў па доме — не гатовыя.

Самагубства — яскравая, часта вельмі дзейсная праява гвалту. Самазабойца лічыць, вядома, што гэта адказ гвалту, і гэта вельмі часта праўда. Тым не менш, гвалт застаецца гвалтам, і пагроза самагубствам — цёмная пляма і ў жыцці Гандзі, і ў жыцці Сахарава. Адчаем гэтыя пагрозы апраўдаць можна, ухваліць — нельга, як нельга ўхваліць любы гвалт, да атамнай бомбы ўключна.

Ужо пасля першых пратэстаў у сувязі з выбарамі было відавочна, што плошча Сахарава — тупік. Тупік, таму што ў аснове была хлусня: нібыта фальсіфікацыі на выбарах — з’ява не прынцыповая, якую лёгка выправіць. Тупік, таму што людзі, якія патрабавалі ад улады жыць не па хлусні, самі абсалютна не гатовыя і не хочуць жыць па гэтай самай не-хлусні, жыць паводле права і закона.

Тупік, таму што людзі баяцца больш за ўсё не дэспатызму, а сапраўднай, доўгай, карпатлівай палітычнай актыўнасці, спадзяюцца ўзяць горлам, большасцю, істэрыкай, а ўжо ў гэтых справах тыя, хто фальшаваў выбары, нашмат большыя майстры.
І не варта нават спрабаваць канкураваць. Пакінем самагубства дэспатам і будзем жыць — спрачаючыся адно з адным, аб’ядноўваючыся адно з адным (а не з ворагамі, што сёння зрабілася модным і ад чаго сапраўды якраз у пятлю лезці), увогуле, давайце не будзем натоўпам раз’ятраных зэкаў, а будзем людзьмі, і хай нам дапаможа Бог.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?