ВАРФАЛАМЕЙ

ЛАСКАЙ БОЖАЙ

АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ - НОВАГА РЫМУ

І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ

УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ

ЛАСКА, МІР І МІЛАСЦЬ ХРЫСТА ЗБАЎЦЫ, УВАСКРЭСЛАГА Ў СЛАВЕ

Першынец з мёртвых Ён

(Трапар Уваскрасення 3 тону)

Любыя дзеці ў Госпадзе,

Калі б Хрыстова Уваскрасенне датычыла толькі Яго Самога, яго важнасць для нас была б мінімальнай. Але Хрыстос уваскрасае не адзін. Суваскрасаюць з Ім і ўсе людзі. Пра гэта абвяшчае наш папярэднік, святы Ян Залатавусны: “Уваскрос Хрыстос - і нікога з мёртвых у магіле. Бо Хрыстос, паўстаўшы з мёртвых, Першародным стаў са спачылых”. Такім чынам, Ён ёсць першародным сярод усіх, хто ўваскрос з мёртвых, і тых, хто ніколі не памрэ, але пяройдзе са смерці ў жыццё. Гэтая вестка прыносіць радасць усім, бо Ўваскрасенне Хрыстова разбурыла ўладу смерці. Веруючыя ў Яго чакаюць уваскрасення мёртвых, і таму ў смерць Яго ахрысціліся, каб суваскрэснуць з Ім і мець жыццё вечнае.

Але далёкі ад Хрыста свет імкнецца да назапашвання матэрыяльных дабротаў, бо ў гэтым палягае яго надзея. Гэты свет безразважна спадзяецца, што праз багацце ўнікне смерці. Заблуклы чалавек, дзеля таго, каб назапашваць багацце, якое мае працягнуць яго жыццё, сее смерць сярод іншых людзей. Яны пазбаўляюцца эканамічных магчымасцяў свайго выжывання, і часцяком нітка іх жыцця, хоць яны спадзяюцца на выратаванне, жорстка перарываецца.

Які жаль! Гэта велізарная памылка. Жыццё перамагае толькі праз веру ў Хрыста і прылучэнне да Яго.

Досвед Праваслаўнай Царквы сведчыць, што тыя, хто злучаецца з Хрыстом, жывуць і пасля смерці, яны супрысутныя жывым, знаходзяцца з імі ў супольнасці, чуюць іх і часта цудоўным чынам адказваюць на іх просьбы.

Мы болей не шукаем міфічнай “жывой вады”. Несмяротнасць ёсць ў Хрысце, і праз Яго яна прапануецца кожнаму.

Для таго, каб адны людзі жылі, няма патрэбы знішчаць іншых. Таксама не павінны гінуць менш абароненыя людзі, у той час, як іншыя маюць больш годнае жыццё. Хрыстос прапануе жыццё ўсім - і зямное, і нябеснае. Ён уваскрос, і тыя, хто жадаюць, ідуць за ім шляхам Уваскрасення. І наадварот, тыя, хто наўпрост ці ўскосна сее смерць, мяркуючы, што яны працягваюць сваё жыццё ці спрыяюць яму, асуджаюць сябе саміх на вечную пагібель.

Уваскрослы наш Госпад Ісус Хрыстос прыйшоў у свет, каб усе людзі мелі жыццё і мелі з дастаткам. Верыць, што чалавечы род дасягне росквіту праз барацьбу, - гэта агромністая памылка. Хрыстос уваскрасіў памерлых і скасаваў смерць. Ён мае ўладу, каб яе пераадолець. Аб тым, што Ён перамог смерць, сведчыць Яго варожасць да яе. Хрыстос паказвае нам шлях у жыццё, і ён нам яго вяртае - пасля таго, як яно можа перапыніцца, бо Ён - “наша Жыццё і Ўваскрасенне”. Таму вернікі не баяцца смерці. Нашая сіла - не ў няўразлівасці нашага існавання, але ва ўваскрасенні.

Хрыстос уваскрос! І мы ўваскрэснем!

Дык паследуйма, узлюбленыя ў Хрысце браты, сёстры і дзеці, за Ўваскрэслым Хрыстом ва ўсіх Ягоных справах. Дапамагайма тым, хто не мае сродкаў да існавання. Уваскрасенне Хрыстова, праз якое смерць была знішчана, абвяшчайма ж сярод тых, хто пра яго не ведае, каб і яны маглі саўдзельнічаць ва Ўваскрасенні Ягоным, верыць у Яго і следаваць за Ім. Нашае ж уваскрасенне магчымае толькі тады, калі ім мы служым дзеля ўваскрасення ўсіх нашых братоў і сясцёр. Толькі тады пераможная вестка “Хрыстос уваскрос!” будзе дзейнічаць на збаўленне ўсяго чалавецтва. Дай Божа!

Святая Пасха 2012 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0