Жоўтую прэсу, тым болей расейскую, не чытаю. Але вось наткнуўся ў сеціве на артыкульчык з "АиФ" — і, ведаеце, трохі тарганула.

Тое, што гэткім чынам падае беларускую тэму таблёід, — якраз паказальна. Бо бульварныя мэдыі падгульваюць сьветапогляду так званага простага суайчыньніка. Так што тэксьцік — інфармацыя для роздуму ў зьвязку з нашумелай задумай наладзіць нейкае нібыта сапраўднае "братняе яднаньне" без Лукашэнкі.

Што да прафэсійнага ўзроўню тэксьціку — ня будзем разьбіраць па костачках тое, што "ніжэй за калена".

Адметны ж дух, лад мысьленьня.

Вось ён, мэсыдж:

1. Калі беларусы ня хочуць аб'ядноўвацца, дык ці ня час перапісаць іх зь сяброў у ворагі — у адзін рэестар з монстрам НАТО? (Рэдактар, мусіць, зьмякчыў пасаж, ўзяўшы "сяброў" і "ворагаў" у двукосьсе, ад чаго антытэза набыла зусім недарэчны выгляд...)

2. Яны — асобны народ? У іх іншыя карані? Памерці і ня ўстаць!

2. Ёсьць славяне і ёсьць эўрапейцы. Розныя там чэхі са славакамі на ганаровы статус славянскіх нацыяў ўжо ня цягнуць.

3. Бяз нашых крэдытаў малодшыя браты (ці ўжо не браты?) прападуць як рудыя мышы. Расея, шчодрая душа, усіх навокал толькі і корміць.

4. У гэтых беларусаў розных праяваў нецывілізаванасьці, саўковых перажыткаў, лічы, гэтак сама да халеры, як і ў нас, расейцаў. Якая, блін, Эўропа? Не вырабляйцеся бы муха на шкле: вы такая ж Азіёпа, як і мы!

Вось і ўсё няхітрае маралітэ.

Спадабаўся адзін з водгукаў на тым самым сайце.

"Хорошая статья, но не леонтьев, увы. Нет леденящих душу подробностей про вымирающие без поддержки ацки брацкой россии беларуские города, про обморочных стариков и т.д. Низачот".

А цяпер сур'ёзна.

Кладучы руку на сэрца, эўрапейскі выбар для нашага паспалітага люду сапраўды не выглядае сёньня неаспрэчнай дамінантай. Сацыялёгія сьведчыць, што пры выбары варыянтаў будучыні краіны за уваходжаньне ў Эўразьвяз выказваецца толькі трохі болей за пятую частку рэспандэнтаў. Прычым за апошнія гады гэтая доля нават трохі зьнізілася.

Але, па-першае, эўрапейскі выбар і ЭЗ (асабліва як ён малюецца тутэйшай прапагандай) — не зусім адно і тое ж.

Па-другое, калі б сёньня ладзіўся рэфэрэндум ў пытаньні аб'яднаньня з Расеяй, то ён бы праваліўся (35,1% vs. 39,3%). Прычым доля прыхільнікаў "яднаньня" скурчылася за лічаныя месяцы. Акурат за той пэрыяд, на які прыпала нафтагазавая вайна.

Па трэцяе, апытаньне эліты дае фэнамэнальны вынік: там амаль пагалоўна незалежнікі, уключна з тымі, хто на дзяржаўнай службе! У заходнюю пагрозу ня вераць, гісторыю краіны адлічваюць ад ВКЛ (БССР набірае толькі 5%) і выдатна разумеюць, што зьвяз з Расеяй — гэта капец сувэрэнітэту.

Так што, кажучы птушынай мовай сацыёлягаў, "у цэлым стан рэчаў разьвіваецца ў правільным кірунку" :)

То бок супрацьлеглым "ацки брацкой" інтэграцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?