У дачыненні да намесніка кіраўніка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Андрэя Дзмітрыева складзены адміністрацыйны пратакол за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства.

Як паведаміў БелаПАН Дзмітрыеў, ён быў выкліканы ў Смалявіцкі РАУС 16 красавіка для дачы паказанняў у сувязі з фактам правядзення сходу членамі садаводчых таварыстваў 10 красавіка.

«На думку міліцыі, сход дачнікаў трапляе пад дзеянне Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, бо ў ім удзельнічалі не толькі члены садаводчага таварыства, на тэрыторыі якога праходзіў сход. Яны абмяркоўвалі стварэнне грамадскага аб'яднання "Свая сотка", а гэтае пытанне не ёсць прадмет статутнай дзейнасці таварыства. Калі кіравацца такой логікай, то і рабочыя завода, якія захочуць галосна абмеркаваць нейкую праблему на тэрыторыі прадпрыемства, аўтаматычна трапяць пад дзеянне гэтага закона», — сказаў Дзмітрыеў.

Паводле слоў Дзмітрыева, суд над ім адбудзецца найбліжэйшым часам, аднак дату яму не назвалі.

«На развітанне я даў у міліцыі інтэрнэт-спасылку на руска-кітайскі размоўнік. Няхай вучаць кітайскую мову, калі ўжо так хочуць, каб у раёне быў пабудаваны кітайскі тэхнапарк», — сказаў Дзмітрыеў.

Нагадаем, у Смалявічах (Мінская вобласць) вечарам 12 красавіка былі затрыманыя актывісты кампаніі Андрэй Дзмітрыеў, Міхаіл Пашкевіч і Юрый Ганчар, а таксама старшыня мясцовага садовага таварыства «Рэчанька» Васіль Казлоўскі. Іх даставілі ў раённы аддзел міліцыі са сходу дачнага таварыства. Пратаколы на іх не складаліся, але Пашкевічу і Дзмітрыеву выпісалі позвы з прадпісаннем з'явіцца ў Смалявіцкі РАУС.

У снежні 2011 года абедзве палаты беларускага парламента ратыфікавалі пагадненне паміж урадамі Беларусі і Кітая аб сумесным індустрыяльным парку, падпісанае ў Мінску 18 верасня 2011 года. Як адзначыў тады намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў, для парка зарэзерваваны зямельны ўчастак у Смалявіцкім раёне каля нацыянальнага аэрапорта Мінск плошчай прыблізна 80 квадратных кіламетраў. Асноўныя кірункі дзейнасці парка: тонкая хімія, нана- і біяфармацэўтыка, машынабудаванне, электроніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?