Перамовы па пытанні пераходу на выкарыстанне расійскага рубля на тэрыторыі Беларусі цяпер не вядуцца. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі.

Як адзначаюць у Нацбанку, апошнім часам назіраецца ажыўленне дыскусіі ў грамадстве аб увядзенні расійскага рубля ў якасці адзінага плацежнага сродку ў Беларусі.

«Варта адзначыць, што Беларусь сумесна з Расійскай Федэрацыяй пастаянна прапрацоўвае магчымасці пашырэння выкарыстання расійскага рубля, як і беларускага, ва ўзаемных разліках паміж суб’ектамі гаспадарання дзвюх краін і стварае неабходныя для гэтага перадумовы. Разам з тым мэтазгоднасць стварэння саюзнай валюты для Беларусі ў значнай ступені залежыць ад пэўных дамоўленасцяў і ўмоў рэалізацыі агульнаэканамічнай і грашова-крэдытнай палітыкі», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Пазіцыя Нацбанка па гэтым пытанні заключаецца ў тым, што першачарговай задачай цяпер з’яўляецца далейшае ўмацаванне фінансавай стабільнасці ў эканоміцы.

«Пры гэтым само па сабе ўвядзенне ў абарот замежнай валюты (расійскі рубель, долар ЗША, еўра)
не вырашае пытання ўмацавання макраэканамічнай стабільнасці і забеспячэння знешняй збалансаванасці. Для вырашэння гэтых задач у першую чаргу павінны быць рэалізаваны меры эканамічнай палітыкі, скіраваныя на зніжэнне дысбалансаў і дыспрапорцый у эканоміцы», — адзначаюць у Нацбанку.

У галоўным банку Беларусі таксама падкрэсліваюць, што пераход да выкарыстання замежнай валюты «азначае фактычную адмову ад правядзення незалежнай грашова-крэдытнай палітыкі, у выніку чаго зніжаюцца магчымасці краіны для рэагавання на эканамічныя шокі манетарнымі інструментамі, у той час як мер бюджэтна-падатковай палітыкі можа быць недастаткова для іх поўнай нейтралізацыі». У сваю чаргу, такая сітуацыя можа прывесці да запаволення тэмпаў эканамічнага росту ці эканамічнага спаду і павелічэння ўзроўню беспрацоўя. Акрамя таго, Нацбанк фактычна вымушаны будзе адмовіцца ад функцыі крэдытора апошняй інстанцыі і выкарыстоўваць у выпадку неабходнасці іншыя механізмы для забеспячэння ўстойлівасці банкаўскага сектара.

«Такія аспекты ў значнай ступені ўскладняюць працэс аднабаковага пераходу да выкарыстання замежнай валюты ў якасці сродку плацяжу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і сведчаць пра патэнцыяльна высокія расходы, з якімі можа сутыкнуцца эканоміка», — гаворыцца ў паведамленні.

«Стварэнне валютнага саюза і ўвядзенне адзінай валюты павінна быць падпарадкавана інтарэсам абедзвюх дзяржаў, спрыяць іх устойліваму доўгачасоваму эканамічнаму росту і павышэнню дабрабыту грамадзян. У гэтай сувязі лагічным завяршэннем інтэграцыі краін пасля паўнацэннага завяршэння фарміравання зоны свабоднага гандлю, Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы можа стаць увядзенне новай адзінай грашовай адзінкі і стварэнне валютнага саюза нашых краін», — тлумачаць у галоўнай банкаўскай установе Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?