У адным палемічным артыкуле, які давялося нядаўна прачытаць у Сеціве, кінулася ў вочы пачатковая фраза. Зьвяртаючыся да свайго апанэнта, аўтар — здаецца, прафэсар філялёгіі — выказвае надзею і адначасова як бы пажаданьне: «Спадзяюся, калега, Вы не чытаеце камэнтароў у Інтэрнэце».

Адразу ўспомніліся словы булгакаўскага героя прафэсара Праабражэнскага, які раіў свайму асыстэнту не чытаць да сьнеданьня савецкіх газэтаў. На заўвагу асыстэнта, што іншых няма, прафэсар адказаў: «Вось ніякіх і не чытайце».

Зразумела, ня можа быць ніякага параўнаньня паміж савецкімі газэтамі 20‑х гадоў і глябальным Сецівам. Тых, хто чытаў некалі артыкул у «Нашай Ніве» «Антыапалёгія Інтэрнэту», аўтар хоча адразу супакоіць — ён не зьбіраецца ваяваць зь ветракамі ці пляваць супраць ветру, то бок прагрэсу. Гэта сапраўды сьмешна. А калі аўтарская іронія, а галоўнае — самаіронія засталіся, як гогалеўскія сьлязы, незаўважаныя чытачом, тым горш для аўтара.

Ёсьць час раскідваць камяні і ёсьць час іх зьбіраць. Прыйшоў час выправіць памылку і пакаяцца. Прыкладна так, як гэта зрабіў экс‑шпіён і здраднік сацыялістычнай радзімы Віктар Сувораў, які назваў свой раман пра маршала Жукава «Бяру свае словы назад». Але перш чым перайсьці непасрэдна да тэмы Інтэрнэту ды іншых, больш‑менш сур’ёзных рэчаў, яшчэ некалькі словаў наконт газэт і камэнтароў.

«Кузькіна мать» і глямур

Варта зазначыць, што гэты жанр публіцыстыкі нарадзіўся задоўга да нараджэньня Інтэрнэту. Мабыць, яшчэ ў эпоху, калі ўсе газэты былі савецкімі. Найбольш распаўсюджанай формай камэнтару за савецкім часам быў выраз кшталту «а яшчэ капялюш насунуў!» Дарэчы, тон задаў некалі Ўладзімер Ленін, які ў сваіх філязофскіх (!) сшытках рабіў заўвагі да Гегеля ці іншых філёзафаў накшталт «га‑га‑га!», «бязглузьдзіца!» і да т.п. (NB! Хіба гэта не нагадвае некаторыя сучасныя заўвагі ў ЖЖ — «гыгы», «ужоснах» і іншыя?).

Трэба прызнацца ў тым, што аўтар гэтых радкоў у былую эпоху ня толькі сам набыў шкодную звычку чытаць газэты да сьняданка, але працаваў у некаторых савецкіх выданьнях. («ЛіМ», які нядаўна адзначыў сваё 75‑годзьдзе і ў якім аўтару пашчасьціла працаваць пры галоўным рэдактару Анатолю Вярцінскім і ягоным намесьніку Міколу Гілевічу, у лік сапраўды савецкіх, усё ж, не ўваходзіць). Дык вось, самай цяжкай і брыдкай справай у газэце была праца зь лістамі чытачоў. Нездарма гэтую няўдзячную справу ў рэдакцыі часьцяком звальвалі на салагаў — то бок журналістаў‑пачаткоўцаў альбо ўвогуле пазаштатных супрацоўнікаў, каб назаўсёды адвадзіць іх ад журналісцкай працы.

Мала таго, што на кожны ліст ( у тым ліку ад пацыентаў псыхдыспансэраў) трэба было адказаць цягам двух тыдняў, дык яшчэ лісты, якія хоць чымсьці адпавядалі курсу партыі і ўраду, трэба было літаратурна апрацаваць і апублікаваць на відным месцы. Вось толькі з ананімкамі не заўсёды ведалі, што рабіць. Адказваць не адказвалі, але, калі ў ананімцы быў сыгнал пра «ворагаў» ці пра амаральныя паводзіны шэраговага члена партыі, рэагавалі абавязкова — з адпаведнымі арганізацыйнымі высновамі.

Шмат што зьмянілася з таго часу. Цяперашнія штодзённыя афіцыйныя газэты ня станеш праглядаць ані раніцай, ані ўвечары — у іх няма чаго чытаць. Калі савецкі афіцыёз было цікава вывучаць хаця б крэмлязнаўцам, якія вывучалі па фатаграфіях, у якім парадку стаяць члены палітбюро на трыбуне маўзалею, дык цяпер і такой інфармацыі шукаць няма сэнсу.

Калісьці, падчас выступаў старшыні Савету міністраў СССР Мікіты Хрушчова, рэдакцыям газэт даводзілася дзяжурыць уначы, бо спачатку прыходзіў загадзя падрыхтаваны тэкст выступу, а потым да раніцы йшлі папраўкі да яго. Гэта Хрушчоў адрываўся ад тэксту і пачынаў імправізацыі наконт «кузькінай маці», якую савецкі кіраўнік абяцаў паказаць амэрыканскім імпэрыялістам.

У сучасных дзяржаўных выданьнях Беларусі да выступаў кіраўніка дзяржавы ставяцца без празьмернага фанатызму. Іх заўсёды друкуюць у прыгладжаным, адгабляваным выглядзе, прыбіраючы найбольш рэзкія «імправізацыі» ды няроўнасьці стылю. Так бы мовіць, глямур на вышэйшым дзяржаўным узроўні.

Адбылася дэвальвацыя зьместу, аднак многія савецкія звычкі засталіся.

«Страна советов»

Нездарма назву «Краіна Саветаў» многія разумелі па‑расейску літаральна — як краіну «советов». Прычым, абсалютна бясплатных. Паважаны беларускі палітык, якому аўтар гэтых радкоў ад усяе душы зыча посьпеху, неяк пры сустрэчы выказаў пажаданьне, каб у матэрыялах аднаго незалежнага выданьня ўтрымлівалася больш аптымізму. Як потым высьветлілася, ён сам тае газэты не чытаў, але ў адсутнасьці ў ёй неабходнага для перамогі справы дэмакратыі патасу не сумняваўся апрыёры. Бо калі газэта не пытаецца ў партыі, або кагосьці яшчэ, шту канкрэтна яна павінна несьці ў масы і зь якім зарадам — станоўчым або адмоўным, дык гэтая газэта выглядае неяк падазрона і несалідна. Палітычнай карысьці ад яе ніякай.

Але й новае пакаленьне чытачоў, якое аддае перавагу ня кнігам і ўжо тым больш — не газэтам, не пазбаўленае родавых прыкметаў мінулае эпохі. У сваіх камэнтарах у Інтэрнэце да публікацыяў розных аўтараў ім раяць праяўляць больш альбо менш аптымізму, дакараюць адсутнасьцю іроніі, альбо катэгарычна патрабуюць быць меней іранічным, меней пісаць аб Расеі і больш — аб Беларусі, меней цытаваць расейскую ды іншую клясыку і болей называць канкрэтных імёнаў, альбо не называць ідэалягічна чужых прозьвішчаў увогуле, каб не ствараць ім піяр, быць больш эмацыйным і меней рэфлексаваць, быць болей прагрэсіўным і меней лібэральным, быць больш стрыманым у ацэнках і не «размазваць соплі»…

Сёньня ня тое што публіцыстыка ленінскай школы, але публіцыстыка як жанр адыходзіць у нябыт. І ў гэтым — праява непераможнай моцы й перавагі Інтэрнэту, якому аўтар спрабуе прасьпяваць запозьнены панэгірык.

«Surprize» ад Джона Луры

У глябальным Сеціве, як і ў жыцьці, ёсьць месца для ўсяго — для высокай паэзіі і парнаграфіі, арыгінальных ідэяў і графаманіі, для зарабленьня шалёных грошай і марнай іх траты. Хтосьці можа разглядаць Інтэрнэт як дошку для абвестак і дацзыбао, а хтосьці – як грандыёзны праект пераўтварэньня сьвету. Пра Сеціва можна сказаць амаль гэтак сама, як Чэрчыль некалі казаў пра дэмакратыю. Інтэрнэт ёсьць найгоршай формай камунікацыі людзей за выключэньнем усіх астатніх.

Інтэрнэт стаў ня проста сродкам дасягненьня свабоды слова, ён ёсьць увасабленьнем гэтай свабоды. Палата прадстаўнікоў, даўно занепакоеная «разгулам анархіі» ў беларускім Інэце, зьбіраецца прыняць закон аб інфармацыі і інфарматыцы, які дазволіў бы распаўсюдзіць цэнзуру і абмежаваньні свабоды прэсы на глябальнае Сеціва. Само слова «інфарматыка» прымушае ўспомніць дапатопныя часы, калі ў школах дзяцей спрабавалі навучаць ня навыкам працы з кампутарам, але сухой і малацікавай тэорыі. Сёньня дзеці самі могуць навучыць сваіх настаўнікаў‑ «чайнікаў» такім практычным ведам, якія тым і ня сьніліся. Спрабаваць забараніць Інтэрнэт у наш час — гэта амаль тое ж, што забараніць людзям дыхаць.

Што тычыцца «выдаткаў» свабоды слова, дык дзеля гэтага прыдуманыя, між іншым, блогі. Гэта свайго роду клюбы паводле інтарэсаў. Калі камусьці не падабаецца лексыка альбо зьмест дыскусіі — можаш пакінуць яго ў любы момант, альбо, увогуле, не паведамляць пра сваю прысутнасьць.

Блогі апошнім часам пішуць усе. Напрыклад, міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт завёў блог, у якім у вольны ад працы час стаў апісваць свае прыватныя ўражаньні ад сустрэч з рознымі афіцыйнымі асобамі. Гэта чамусьці вельмі ўсхвалявала расейскіх журналістаў, якія на адным з тэлеканалаў доўга дыскутавалі — а ці не парушае тым самым замежны дыплямат правілы сваёй карпарацыі і, увогуле, правілы прыстойнага тону. Ім не прыйшло да галавы, што гэта асабістая справа грамадзяніна па прозьвішчы Більт. Зразумела, уявіць сабе ў такой ролі, скажам, міністра замежных справаў Расеі Лаўрова было б цяжка.

Яшчэ цяжэй уявіць сабе аўтарамі блогаў беларускіх чыноўнікаў. Адсутнасць уласнага меркаваньня, безумоўнае падпарадкаваньне начальству і інстынктыўная нелюбоў да ўсіх праяваў свабоды ніяк не стасуецца з прынцыпамі Інтэрнэту. Хаця, ня выключана, пройдзе некалькі гадоў, і на зьмену цяперашняму начальству прыйдзе новае пакаленьне ўпраўленцаў, узгадаванае, сярод іншага, на гульні ў Doom, блогах і ЖЖ. Праўда, гэта зусім не азначае, што яны будуць кіравацца ў сваёй дзейнасьці высокімі прынцыпамі маралі, а ня вузкімі карысьлівымі інтарэсамі.

На завяршэньне — інтэрнэт‑гісторыя, якая прывяла аўтара гэтых радкоў у захапленьне. У ёй, нібы ў кроплі вады, адлюстравалася, як падаецца, сама сутнасьць спэцыфічнай, шматграннай, постмадэрнісцкай зьявы пад назваю Інтэрнэт. Ва ўжо згаданым артыкуле «Антыапалёгія Інтэрнэту» аўтар з клінічнай радасьцью нэафіта прыводзіў прыклады так званай падонкаўскай мовы ў расейскім сеціве — у прыватнасьці, папулярныя словы «превед, медвед!» Сама гісторыя зьяўленьня выразу куды цікавейшая за канстатацыю таго факту, што падонкаўскай мовай нярэдка карыстаюцца і ў беларускім Сеціве.

14 сьнежня 1952 году ў Мінэапалісе, штат Мінэсота, нарадзіўся джазмэн‑авангардыст Джон Луры. У юнацтве ён граў на саксафоне і ў 1978 годзе разам са сваім братам Эванам стварыў у Нью‑Ёрку гурт Lounge Lizards. Пазьней Луры пачаў пісаць музыку да фільмаў авангарднага кінарэжысэра Джыма Джармуша і здымацца ў ягоных фільмах. (Айчыннаму гледачу найбольш вядомы фільм Джармуша «Мярцьвяк»). У 2000 годзе Джон Луры выпусьціў музычны альбом пад псэўданімам Марвін Пантыяк. На афіцыйным сайце ягоная біяграфія пачынаецца са словаў : «У ліпені 1977 году Марвін Пантыяк быў зьбіты на сьмерць аўтобусам, які паставіў кропку ў жыцьці аднаго з найбольш загадкавых геніяў сучаснае музыкі». Далей распавядаецца пра нялёгкае жыцьцё Марвіна, які правёў апошнія гады ў псыхіятрычнай лякарні ў Дэтройце.

Некалькі гадоў таму рэальная хвароба прымусіла Джона Луры зьмяніць саксафон на пэндзаль. Ён стварае мініятуры, зробленыя каляровай крэйдай, акварэльлю і гуашшу. І сярод гэтых работ, зробленых у прымітывісцкім стылі, ёсьць малюнак з парачкай, якая займаецца сэксам, і грозным мядзьведзем, які не вядома скуль узяўся.

Празь некаторы час гэты малюнак зьявіўся на расейскім сайце dirty.ru. Яго зьмясьціў там нехта Lobzz. Як удалося высьветліць інтэрнэт‑часопісу «Я», пад гэтым нікам хаваўся 28‑гадовы Раман Яцэнка з Украіны, які жыве цяпер у Данецку і займаецца авіяперавозкай грузаў. Паводле ягоных словаў, здарылася гэта 3 лютага 2006 году. Яцэнка задумаў пост пра дзікіх зьвяроў, якіх маглі сустрэць у лесе наведнікі папулярнага расейскамоўнага сайту. Лепшай ілюстрацыі, чымся малюнак Луры, проста нельга было прыдумаць. Адно, што слова «surprize», якое ў арыгінале вымаўляе мядзьведзь, падалося аўтару пасту невыразным, і ён замяніў яго на «превед!» Аўтарам гэтага папулярнага слова лічыцца вядомы ў сваіх колах дзеяч контракультуры, стваральнік L‑text Дзьмітры Бялінскі.

Малюнак зь «медведам» (як яго хутка пачалі называць) перадрукавалі на нейкім іншым сайце, пасьля чаго ён пачаў сваё пераможнае шэсьце ў расейскамоўным сэктары Livejournal.

Сёньня на слова «превед» пошукавая сыстэма Google выдае больш за 1 мільён 330 тысяч спасылак. У Інтэрнэце зьявіўся новы смайлік «Y», які стылізуе медзьведзя з раскінутымі лапамі.

Зьявілася ўжо і шмат культуралягічных дасьледаваньняў пра фэномэн «медведа». Адзін з аўтараў, напрыклад, называе яго расейскім варыянтам «левіяфана» — пачвары, якая выступае сымбалем дзяржавы, вялікай і жахлівай. Бо ў малюнку адлюстраваная сытуацыя максымальнага ўварваньня дзяржавы ў прыватнае жыцьцё. Але слова «превед» зьніжае сытуацыю й робіць яе гранічна сьмешнай.

Нездарма «медвед» зьявіўся і ў беларускім Інэце падчас мінулагодніх сакавіцкіх падзеяў. Малюнак на «Беларускай жабе» ня толькі ў іранічнай форме адлюстроўваў тэму процістаяньня, але шмат у чым адпавядаў унутранаму сьветаадчуваньню свабодных людзей, пазбаўленых стэрэатыпаў і ілжывага патасу старэйшых таварышаў і настаўнікаў.

Чамусьці падумалася — а чаму б аўтарам беларускіх блогаў і пастоў у ЖЖ не знайсьці беларускі адпаведнік расейскага «превед» і ангельскага «surprize»?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?