Белстат апублікаваў справаздачу аб рознічным гандлі за студзень-сакавік 2012 года. Паводле афіцыйных падлікаў, за гэты час насельніцтва набыла харчавання, напояў і цыгарэт на $2,32 мільярда, а таксама нехарчовых тавараў на $2,4 мільярда. Гэта на 4,5% і 10,9% адпаведна больш, чым год таму.

Цікавасць выклікаюць перавагі беларусаў па кожным з відаў тавараў — больш прадаецца айчыннага ці замежнага?

Што да харчавання, бо ў большасці катэгорый (мяса, сыры, масла, яйкі, гародніна, сокі, безалкагольныя напоі) доля беларускага тавару складае 80–99% рынку. Выключэнне — садавіна (13% продажаў), рыба (54%) і крупы (49%).

А вось у нехарчовых таварах перавага «свайго» не такая заўважная. Айчынныя верхняе адзенне і абутак займаюць 65–70% рынку, трыкатаж — 81%, а шкарпэткі — 91%.

Значнага поспеху дасягнулі айчынныя мыючыя сродкі. Год таму яны мелі 34% продажаў на рынку, а цяпер, дзякуючы поспеху «Мары», здабылі ўжо 52%.
Патрохі расце і папулярнасць і айчынных касметычных тавараў (з 25% да 30%).

Звернемся і да тэхнікі. Беларусы ўсё яшчэ цэняць айчынныя халадзільнікі (79% рынку замест мінулагодніх 69%) і пральныя машыны (69% замест 39%).

Затое «Гарызонты» і «Віцязі» канчаткова прамянялі на «Самсунгі» і «Філіпсы». Год таму доля айчынных тэлевізараў складала 57%, а цяпер усяго 41%.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?