Паводле ўказа прэзідэнта ад 22 сакавіка 2012 года № 139 «Аб ільготным забеспячэнні лекавымі сродкамі асобных катэгорый грамадзян» права на бясплатныя лекі пры амбулаторным лячэнні атрымаюць прыкладна 300 тыс. дзяцей,
паведаміла начальнік аддзела дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан 17 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Паводле яе слоў, на бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі дзяцей з бюджэту прадугледжана патраціць 10–12 млрд. рублёў. У стацыянарах хворыя любога ўзросту па-ранейшаму атрымліваюць лячэнне за кошт бюджэту, падкрэсліла Богдан.

Яна зазначыла, што магчымасці атрымліваць бясплатныя лекі дзеці да трох гадоў пазбавіліся згодна з законам «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян», падпісаным прэзідэнтам 14 чэрвеня 2007 года.

Намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч паведаміла, што апрача дзяцей ільготнае забеспячэнне лекамі па ўказе № 139 атрымалі 135 тыс. інвалідаў III групы. Ім даецца права на 50-працэнтную скідку ад кошту лекаў, што «выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў, для лячэння захворванняў, што прывялі да інваліднасці».

Жылевіч зазначыла, што хворыя могуць атрымліваць ільготныя рэцэпты як на беларускія, гэтак і на імпартныя прэпараты. Льготны рэцэпт выдаецца толькі ў выпадку агляду ўрачом і толькі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, падкрэсліла яна. Купіць лекі па льготным рэцэпце можна ў аптэках дзяржаўнай формы ўласнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?