Сяргей Ляшкевіч (зьлева) і Васіль Бязьмен на магіле Цёткі (Алаізы Пашкевіч) у вёсцы Стары Двор Шчучынскага раёну.

2 сакавіка позна ўвечары ў Шчучыне ў двух актывістаў штабу Аляксандра Мілінкевіча адбыліся ператрусы. Сяргея Ляшкевіча пасьля ператрусу даставілі ў СІЗА. Супраць яго заведзена крымінальная справа паводле арт.293 ч.3 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках). Васіля Бязьмена падазраюць у тэрарызьме. Міліцыянты азнаёмілі сп.Васіля з пастановай пракурора і запрапанавалі, каб той паказаў выбуховыя рэчывы. Канфіскавалі матэрыялы з асабістага архіву, сыстэмны блёк кампутара, дыскеты. Ператрус праводзіўся ў адсутнасьць адваката.

У Шчучынскім РУУС тлумачыць, што стала падставай для крымінальнай справы, адмовіліся. Затое патлумачыў міністар Уладзімер Навумаў у інтэрвію расейскаму Першаму каналу 4 сакавіка: «Апазыцыя ўзмоцнена рыхтуецца да 19 сакавіка ўсімі магчымымі процізаконнымі сродкамі. У Шчучыне адзін з грамадзянаў сам зьвярнуўся, што яго рыхтуюць як баевіка. Мы канфіскавалі вялікую колькасьць касэтаў, на якіх паказана, як патрэбна паводзіць сябе ў часе масавых беспарадкаў, як супрацьдзейнічаць міліцыі».

Сяргей Ляшкевіч кажа, што некалькі тыдняў таму яму прыйшлі некалькі позваў, аформленых з парушэньнем заканадаўства, у якіх яго вінавацілі ў распаўсюдзе ўлётак пра выступ Мілінкевіча ў СМІ. Сяргей напісаў заяву ў пракуратуру і 2 сакавіка атрымаў запрашэньне на разгляд заявы. Па дарозе ў пракуратуру яго затрымалі міліцыянты ў цывільным і паведамілі, што супраць яго заведзена крымінальная справа. У Шчучынскім РУУС Сяргея азнаёмілі з заявай грамадзяніна Бурдзея, які прызнаў, што сп.Ляшкевіч навучаў яго «як баевіка». Потым быў ператрус і 36 гадзінаў у мясцовым СІЗА, у якім «жахлівыя ўмовы — аднаразовае наведваньне прыбіральні ў суткі і аднаразовае харчаваньне, якое, праўда, някепскае. Плюс холад і вільготнасьць».

Пра сп.Бурдзея Сяргей распавёў наступнае: «Гэты хлопец прыйшоў да нас у ініцыятыўную групу пры канцы году зьбіраць подпісы. Пра што пазьней пашкадавалі. На Новы год ён пабіўся зь міліцыянтам, а пазьней яго арыштавалі па падазрэньні ў крадзяжы будматэр’ялаў. Некалькі тыдняў таму яго пад падпіску пра нявыезд выпусьцілі з гарадзенскага СІЗА». Паводле Ляшкевіча, будучы «баявік» неаднаразова тэлефанаваў яму з правакацыйнымі пытаньнямі кшталту: калі ўжо на Менск, што з сабою браць? Сяргей кажа, што неяк жартам адказаў: «Калі ты такі дурань, то бяры з сабою гранаты ці што ў цябе там ёсьць». Ён цьвердзіць, што амаль упэўнены, што яго тэлефон праслухоўваецца.

Цяпер сп.Ляшкевіч на волі. Яму ня высунулі афіцыйнага абвінавачаньня, аднак могуць зрабіць гэта цягам 10 сутак, то бок да 12 сакавіка. Пакуль ён праходзіць па справе ў якасьці падазраванага і мусіць зьяўляцца на выклікі сьледчага, а таксама паведамляць пра зьмену месца жыхарства. «Гэтыя ператрусы і арышты — праява незадаволенасьці мясцовай вэртыкалі самім фактам пражываньня Мілінкевіча ў гэтай мясцовасьці. Ды яшчэ нашая актыўнасьць пад бокам. Але назьбіраць матэрыялаў на нас ня выйшла. Таму і канфіскоўвалі, што пад руку трапіла».

В.Бязьмен кажа, што дзякуючы Інтэрнэту пра Шчучын даведаўся ўвесь сьвет. Падчас ператрусу міліцыянты канфіскавалі нават сьпісы сяброў гарадзкой суполкі ТБМ, якую ў 2002 г. так і не зарэгістравалі. У ролі панятых выступілі жыхары іншых райцэнтраў — сп.Урбановіч зь Ліды і сп.Коўшык з Астраўца, якія на гэты момант адбываюць пакараньне на шчучынскай «хіміі». Міліцыянты не здаволілі просьбу Васіля Бязьмена запрасіць у якасьці панятых яго суседзяў. Ператрус суправаджаўся апэратыўнымі здымкамі, што, аднак, не знайшло адлюстраваньня ў выніковым пратаколе.

Перасьлед з боку ўладаў зазнаюць і паплечнікі перасьледаваных актывістаў. Так, сп.Генадзь Кіенка і Пётра Кухарчык цьвердзяць пра тое, што за імі сочаць, пра праверкі на дарогах, затрыманьні падчас раздачы ўлётак. Некалькі разоў яны прыкмячалі за сабою «хвост» — чырвоныя «жыгулі». Апошняе затрыманьне адбылося на гарадзкім рынку, дзе актывістаў разам з В.Бязьменам затрымалі за раздачу афіцыйных агітацыйных матэрыялаў. Пратакол складаў маёр Мікалайчык у прысутнасьці супрацоўніка пракуратуры Віньніцкага, які сьпярша адмовіўся назвацца.

Заўважаныя былі пры гэтым і панятыя, што прысутнічалі пры ператрусе на кватэры Васіля Бязьмена. Як патлумачыў маёр Мікалайчык, гэта «нашыя штатныя панятыя».

Пётра Кухарчык паведаміў, што некалькі дзён таму яго пасярод гораду блякавалі два аўтамабілі. Міліцыянты патлумачылі кіроўцу, што яго аўтамабіль быў заўважаны побач зь месцам злачынства. Анічога не знайшоўшы ў салёне ды багажніку, аўто сп.Кухарчыка адпусьцілі.

Васіль Бязьмен (нар. 1965). Псыхіятар. Жанаты, мае дачку 13 год.

Сяргей Ляшкевіч (нар. 1978). Паводле адукацыі — аграном. З 1997 — сябар Партыі БНФ. Браў актыўны ўдзел у выбарах у парлямэнт у 2004 (ініцыятыўная група А.Мілінкевіча). На дадзены момант беспрацоўны. Нежанаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?