22.04.2012 / 10:17

Памылка мэра 7

«Мяне прызначыў на гэтую пасаду кіраўнік дзяржавы, і мая задача — цалкам забяспечваць правядзенне ягонай палітыкі…»

10 красавіка мінскі мэр Мікалай Ладуцька даў прэзідэнцкай газеце падрабязнае інтэрв’ю. Расказваючы, якая ўзнёслая — і ў простым, разам з паднябеснымі хмарачосамі, і ў пераносным сэнсе — будучыня чакае амаль тысячагадовы горад і яго жыхароў, Ладуцька не абмінуў мінулае: «Ужо да 9 Мая ў памяшканні, дзе раней жыў мінскі губернатар, з інтэр’ерамі XIX стагоддзя, мы адчынім першую чаргу галерэі Міхаіла Савіцкага».

Не ведаю нават, што галоўнае ў ёмістым паведамленні мэра: губернатар, інтэр’еры ці галерэя Міхаіла Савіцкага, быццам апошні калі не наш Рафаэль, дык Ілля Рэпін… Здаецца ўсё ж, што галоўнае — гэта «9 Мая». Тут і сапраўды можна спатыкнуцца аб такую непрыкметную гістарычную прыступку, як «памяшканне, дзе жыў мінскі губернатар»… Бо якое дачыненне мае нейкі губернатар да «ўсенароднага свята»? Тым больш да «сядзібы Станкевіча», таксама помніка даўніны, пра якую, заблытаўшыся, насамрэч згадвае мэр…

Я, магчыма, дараваў бы мэру ягоную памылку, калі б у «памяшканні», дзе ад канца XVIII стагоддзя жылі мінскія губернатары, не прайшлі найлепшыя сем гадоў майго школьнага дзяцінства.

І ніякіх «інтэр’ераў ХІХ стагоддзя» ў ім не было.
Акрамя, мабыць, жалезных усходаў на апошні другі паверх, кафляных печаў ды высачэзных вокнаў з прыгожымі ўзорыстымі пераплётамі…

Першы раз я пайшоў у гэтае «памяшканне» 1 верасня 1948 года. Спачатку па беразе Нямігі, якая несла свае каламутныя воды яшчэ на паверхні, потым па вуліцы Нямізе ўздоўж несканчонага, здавалася, шэрагу таўстасценных дамоў, міма цьмяных, агароджаных да бляску пацёртымі чыгуннымі парэнчамі, вітрын былых прыватных крамак ды рамесных майстэрняў; час ад часу збочваючы ў неміргаючыя правалы нізкіх арак, каб, пераадолеўшы страх ад малазразумелага, поўнага таямнічых нечаканасцяў, жыцця змрочных, прасякнутых салодкім пахам газніцаў і пячнога смуроду двароў, выйсці да светлай прасторы плошчы Свабоды, да залатых клёнаў старога сквера з разбураным фантанам пасярэдзіне; да эцюдаў Чэрні і бясконцых пасажаў гам з расчыненых вокнаў «памяшкання», дзе будучыя музыкі і кампазітары, сярод іх і сёння знакамітыя, пацеючы, спасцігалі законы гармоніі і дзівосных гукаў з боскай вышыні…

Здараліся на той плошчы і іншыя гукі: стрэлы… выбухі… крыкі перапужаных варон…

Няма сёння ні той Нямігі, ні жалезных усходаў, ні высачэзных вокнаў з узорыстымі пераплётамі. Няма самога «дома губернатара», дзе яшчэ з даваенных часоў месцілася музычная школа.
Так, школа, дакладней, музычная гімназія-каледж у тым «памяшканні» на пл. Свабоды, 7 існуе і сёння. Але гукаў з вышыні на плошчы не чуваць, толькі рык аўто, што набіраюць хуткасць. Гукі з вышыні і былы «дом губернатара» замураваны за глухімі сценамі збудавання канца 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Але чамусьці вісіць на гэтых сценах абвестка аб тым, што будынак школы ў «комплексе былога калегіума езуітаў» узведзены ў… 1699 годзе. Госць сталіцы здзівіцца, чаму тры стагоддзі таму будавалі, як пры Брэжневу…
Не, дараваць мэру памылку нельга. Бо не падсечаны яе карані. Яны — у гвалтоўных адносінах да мінулага.
Раней — у бяздумным разбуральніцтве. Сёння — у так званай «рэстаўрацыі з рэканструкцыяй», пад якой, толькі калупні, хаваецца не столькі «культурны», колькі ідэалагічны і наўпрост меркантыльны пласт. Навошта тут ведаць, дзе насамрэч быў дом колішніх губернатараў?

Навошта ведаць, калі і дзе працаваў Скарына?..

Аўтара выказвання пра «Скарыну ў Пецярбурзе», дарэчы, узгадаў у тым інтэрв’ю сам Ладуцька. «Я — чалавек, які служыць „вертыкалі“, — з гонарам паведаміў мэр. — Мяне прызначыў на гэтую пасаду кіраўнік дзяржавы, і мая задача — цалкам забяспечваць правядзенне ягонай палітыкі…»

Я ж, па наіўнасці, думаў, што мэр павінен служыць насельніцтву.

Дык ці ж не ў тым карані ягонай памылкі, што ён — чалавек «вертыкалі», той сістэмы ўлады, якая будуе сабе хмарачосную будучыню, зневажаючы тое, што жыло і яшчэ жыве на гэтай зямлі.

«…На плошчы Свабоды, 15 завяршаецца рэканструкцыя былога дома губернатара Мінска…»

Гэта ўжо 12 красавіка, «Вечерний Минск», газета мэрыі.

Глядзець таксама:

Былыя могілкі

Міма Танка, альбо Непрачытаны верш

Грош цана

Чорны пакет

Дразды праўлення

Сяргей Ваганаў, kamerton_41@mail.ru

0
Димыч / Адказаць
22.04.2012 / 10:56
Построена феодальная государственная система. Губернатор в этой системе служит своему начальнику, а не народу. Ведь не народ назначил того мэра своим начальником, а президент страны. Ему он и служит. А вы все тут лишие люди. А вот почему его не народ избирает, а вышестоящий начальник, просьба задуматься белорусам.
0
Кнехт / Адказаць
22.04.2012 / 12:36
2 Дзімыч Ведь не народ назначил того мэра своим начальником, а президент страны ================ Ты толькі забыўся сказаць, што "прэзідэнт", у сваю чаргу, таксама абыйшоўся без народа - прызначыў сам сябе.
0
Richtigman / Адказаць
22.04.2012 / 12:58
Skroz chaluiau pautykali : U haliny - wiertykali ! Duliu liudzi atrymali : Ad taho,kaho - abrali !
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру