Ну дык вось. Жарты ўбок і па сутнасці.

Я прачытаў артыкул Усевалада Сцебуракі, «Пакаленне Last». Прачытаў разважанні пра гаротны лёс Бацькаўшчыны, пра змену пакаленняў, дэтэрмінізм.
У сукупнасці з назваю прачытанае выцягнула з глыбіняў маёй свядомасці цытатку з твора Пялевіна, надта сугучнага па форме. Generation π.

Что такое вечность — это банька,
Вечность — это банька с пауками.
Если эту баньку позабудет Манька —
Что же будет с Родиной и с нами?

На гэтым можна было б і скончыць, бо па сутнасці маё стаўленне да прачытанага перадаецца гэтай страфой надзвычай трапна. Але патлумачыць, канечне, варта.

Амаль сто гадоў прайшло з часоў нашаніўскае спрэчкі Купалы і Ластоўскага. Амаль сто гадоў прайшло з моманту фармальнага асэнсавання, «чаму плача песня наша».
Сто. Не тое каб гэта стала прычынай нешта падсумоўваць: падсумоўваць варта пастаянна. Гэта проста наштурхнула.

А пачыналася ўсё так: «рускі друк, які атрымліваў дзяржаўную дапамогу, травіў яе („НН“), сцвярджаючы, што яна выдаецца на польскія грошы для аслаблення ў краі велікарускіх пазіцый і для падрыхтоўкі глебы для апалячвання яго». Гэта пісаў Багдановіч. Сто гадоў таму.

Уважлівы чытач, безумоўна, знойдзе аналогію і з нашым бязрадасным 2012-м. Але тады настаўнікам забаранялі падпісвацца на газету, С. Палуян галадаў і скончыў жыццё самагубствам, не дажыўшы да трыццаці, а на перыферыю наклад трэ было дастаўляць бясплатна.
Царскія спецслужбы, пільна сочачы за рэдакцыяй і яе сябрамі, сачылі такім чынам за ўсёй беларускай культурай углыб і ўшыркі, ажыццяўляючы акт, які, можна сказаць, супярэчыць законам фізікі.

Тым не менш, наклады раслі, адкрылася выдавецтва, на газету стала падпісваліся. Беларуская беларускасць, якая гуртавалася вакол Віленскай вуліцы, д. 20 у Вільні і налічвала два з паловай чалавекі, друкавала тое, чым мы пасля будзем ганарыцца. Сто наступных гадоў.

А Вацлаў Ластоўскі, наш вялікі містыфікатар, прагнуў большага. Ён, як і Багдановіч, бачыў беларускую літаратуру ў сусветным кантэксце, і «паціранне вачэй цыбуляй» над гаротным лёсам селяніна не задавальняла яго ўжо ў 1913 годзе. Ужо праз 7 год пасля з’яўлення першай беларускай газеты «з рысункамі» і за два гады да яе закрыцця.

А ў іх тады не было пры газеце форуму, блогаў, каментаў, відэа, анлайн-трансляцыяў з месцаў здарэнняў, яны давалі бясплатныя каляндарыкі, калі раптам нехта падпішацца ажно на цэлы год.
Фактычна іх газета была выданнем апальнай нацыянальнай меншасці ў вялізнай і няпростай імперыі. Сто гадоў таму.
Але турбавала іх тое, наколькі непаўторнай і вялікай можа стаць беларускае, калі дамовіцца дзейнічаць прадуктыўна.
«Кінь вечны плач свой аб старонцы», — пісаў, мажліва, Купалу, Багдановіч у 1909 годзе і сам, між іншым, не плакаў. Сто гадоў таму.

Я віншую нас, іх нашчадкаў, з тым, што мы не асабліва заклапаціліся афармленнем свайго дыскурсу.

Маючы сваю дзяржаву, такі-сякі, але афіцыйны статус нашай мовы, некалькі паўнавартасных сапраўды «беларускіх», няхай і не заўсёды беларускамоўных газет, беларускія пашпарты і дзясяткі іншых важных атрыбутаў, пра якія ані Купала, ані Ластоўскі марыць не маглі, мы на поўным сур’ёзе разважаем, якое мы пакаленне беларусаў. Першае ці апошняе.

Скажам,

калі мераць па бацьках-заснавальніках БНР, то цяпер і тыя, каму 30 (± 5), на кашэрных беларусаў не цягнуць.
Як не цягнуць сучасныя, па сутнасці, ахвяры сацыялістычнай прапаганды, а па факце — пагалоўныя грамадзяне Злучаных Штатаў на тых, хто пачынаў вайну за незалежнасць з трывіяльнага лозунгу no taxation without representation. Усходнія немцы страчылі адзін на аднаго даносы ў Штазі, хаця Берлінская сцяна ніяк не размяжоўвала генафонд жыхароў ГДР і ФРГ. А пасля зноў зрабілі выгляд, што лібералізм у іх у крыві і так было заўсёды.

Карацей,

кожнае пакаленне ва ўсім свеце мае поўнае права, калі паглядзець пад пэўным вуглом, скокнуць галавой уніз з метафарычнага даху,
бо прэтэнзіі да нашчадкаў збіраюцца і збіраюцца.

Ніхто, канечне, не памятае Ведзьмака Лысагорскага з ягоным «бо не прывыкла мова плакаць, стварыла столькі цудаў, дзіў, калі шчэ ты за вугал какаць у мокрых штоніках хадзіў». А памятаць варта было б

, і за кіслы выгляд у добрай кампаніі трэба даваць стымулаўтваральнага падсрачніка. Бо жыццё тады набывае яскравыя фарбы.

Што ж у нашым пакаленні 30 (±5) такога, што страшна б хацелі ці павінны былі атрымаць тыя, каму 24 ці 36?

Ну што? Я не маю адказу. Слуханне майго любімага N.R.M. ці няслуханне — справа інтымная. Яна не цягне на крытэр. Змена пашпартоў і ліцвінскія заскокі? Хто з нас бачыў тых ліцвінаў і чым гэта дапаможа нашым дзецям не бачыць у сваіх бацьках лузераў, калі мы збіраемся даводзіць сваю выключнасць кожнаму слупу? Я, калі пайшла такая размова, хацеў бы заявіць, што ні нармальнай літаратуры, ні музыкі, ні кіно нашае пакаленне свету не дало. Затое нашае пакаленне заняло нішы, з якіх можна называцца паэтамі і пры тым ніфіга прыстойнага не пісаць, называцца крытыкамі і пісаць не крытычныя працы, а літаратурку па сутнасці ніжэйшую за плінтус, называцца музыкамі і спяваць панылае лайно, спадзеючыся, што раз аб’ектыўнага крытэру адрозніваць мастацтва ад рамесніцтва няма, значыць «творчая спадчына» праканае ў стагоддзі.
Беларуская «беларускасць» для нашага памежнага пакалення — гэта спосаб самарэалізавацца ў разрэджанай атмасферы з малой канкурэнцыяй. Праспяваў па-беларуску — нацыянальны герой. Напісаў верш — жывы класік. Слухаеш беларускую музыку і тусуешся з прышчавымі «дзеячамі» — дасведчаны чалавек.

Гэта пакаленне тых, каму ў свае трыццаць гадоў няма чаго сказаць, а хочацца; тых, хто ніфіга не робіць і дэпрэсуе. Тых, хто энергічна забівае ўсё, што стваралася сто гадоў таму маладымі людзьмі беднымі, запужанымі, часта слаба адукаванымі, але надзвычай мужнымі і таленавітымі. 30± 5. Смайлік. Колькі іх дажыло да саракавога года? Азадачцеся.

Цяпер, праз сто гадоў, нас стала ў тысячы разоў болей. Нам стала ў тысячы разоў лягчэй.
Але нашаніўскія спрэчкі пра «самасць» пакаленняў і прыкметы беларускасці прапарцыйна папулярнейшыя за спробы выпрацаваць прадуктыўны кантэкст развіцця культуры.

Мой былы школьны настаўнік беларускай мовы і літаратуры Сяргей Скурат змог усім ахвотным (за што яму вялікі дзякуй) зрабіць прышчэпку ад нацыянальнага лузерства.

Нельга нават тэарэтычна зрабіцца рухавіком беларускай культуры, калі ты сябе адчуваеш беларусам і нікім болей. Калі ты не ведаеш свайго месца на агульным блакітным шарыку.
Я не назавуся Стахам, я не слухаў Мельнікава, мне сумна нават думаць пра «Крамбамбулю». І пры гэтым мне зусім не сорамна. Можа быць, калі б Вольскаму ў свой час блізкі чалавек сказаў бы, што ўсё, слабейшае за Zet, не вартае суперталенавітага не ў першым пакаленні Лявона Артуравіча, не было б цяпер ані Саўкі, ані Грышкі. Карацей, крута было б.

Такім чынам, мне не сорамна, бо стварэнне самому сабе штучных абмежаванняў, той марксаўскай надбудовы над базісам, непазбежна прыводзіць чалавека ў стан дэпрэсіі. Нідзе, акрамя як у нас, ад нармальнага грамадзяніна не патрабуецца нічога, за выключэннем любові да сваёй краіны.

Беларус жа ўзору 2012 года мусіць да таго ж мець атрафіраваны культурніцкі вестыбулярны апарат. Ён мусіць любіць усё, створанае на беларускай мове, не разумеючы, што гэтым ён і забівае гэтае самае сваё.
Ніхто так не стараўся папулярызаваць здабыткі сусветнай культуры, як НН пачатку стагоддзя. І ніколі гэта не лічылася прыкметай заняпаду настолькі, наколькі сёння сярод яе чытачоў.

Вынікам стала тое, што беларуская літаратура як працэс ператвараецца ў міжсабойчыкі людзей, якія не ўспрымаюць свет вакол сябе далей за эпідэрміс, а беларуская песня існуе нібыта для таго, каб сеяць зерні патрыятызму і заклікаць людзей быць беларусамі. Быццам гэтая мэта вартая асобнага ўшанавання і слёз гонару.

Праблема не ў перспектывах пакаленняў і іх дамінантнасці ў ланцугу. Праблема ў тым, што сто гадоў таму людзі займаліся прадуктыўнай дзейнасцю. Ім было што сказаць.
Акрамя натуральнага жадання скуголіць з нагоды кепскага самаадчування.

Гіперактыўнасць і прага да самарэалізацыі вымушае людзей выказвацца. Інтэлектуальная імпатэнцыя замінае людзям шукаць пазітыўнае выйсце. Усміхайцеся, спадарства, усміхайцеся, — гэта не я сказаў, а той самы Мюнхгаўзен.

Глядзі яшчэ:

Усевалад Сцебурака. Пакаленне LAST

Віктар Марціновіч. Паваленне ZERO

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?