Наста Лісіцына была адзінай школьніцай на ўвесь савецкі Менск пачатку 80-х, якая навучалася па-беларуску.
Пра Насту Лісіцыну мне калісьці распавёў прафэсар Лявон Баршчэўскі. Як ён сам натхніўся яшчэ ў Наваполацку яе прыкладам і таксама адстаяў права навучаньня сваёй дачкі па-беларуску. Палітык Вінцук Вячорка ведаў бацьку той школьніцы — Мікалая Лісіцына, але кантакт даўно згубіўся. Мастак Алесь Цыркуноў быў на пахаваньні маці дзяўчыны ў 1985 г., кажа, што гэта было першае пахаваньне ў Менску пад бел-чырвона-белым сьцягам. Казалі, што цяпер Наста ў Вільні. Празь сям’ю Вітушкаў дазналіся, што яна вярнулася ў Менск.
Наста пайшла ў першую клясу ў 1980 г. Як усе, у звычайную сярэднюю школу. Яе бацькі марылі, каб дачка атрымала адукацыю па-беларуску. Жаданьне на той час абсалютна нерэальнае, бо ў школах нават беларускую літаратуру выкладалі па-расейску, а ад вывучэньня мовы вызвалялі на першае ж патрабаваньне бацькоў вучня. Лісіцыны пайшлі адваротным шляхам. І Наста на пачатку 80-х стала адзінай беларускамоўнай вучаніцай на ўсю сталіцу.
«Наша Ніва»: Ці памятаеш, зь якімі перашкодамі сутыкаліся бацькі?
Наста Лісіцына: Спачатку ім казалі, што няма беларускіх падручнікаў і настаўнікаў, якія добра валодаюць мовай, і што для адной вучаніцы немагчыма скласьці адмысловы расклад. Год пайшоў на пошук кнігаў, людзей, на напісаньне заяваў і абыходжаньне ўсіх магчымых інстанцыяў. У гэты час я сядзела дома, наведвала толькі агульныя ўрокі — працу, фізкультуру, маляваньне. Знайшліся паступова і настаўнікі, і падручнікі, і расклад зрабілі адмысловы. Так я і правучылася да канца школы.
«НН»: І якім чынам праходзілі заняткі?
НЛ: Разам з клясай я наведвала агульныя ўрокі кшталту фізкультуры. Асноўныя прадметы мне выкладалі асобна. Была ў клясе адна, і расклад урокаў быў складзены такім чынам, што настаўнікі маглі і ў клясах выкладаць, і мне таксама.
«НН»: Ці хапала ў настаўнікаў ведаў, каб выкладаць тую ж матэматыку па-беларуску?
НЛ: Як пачалі навучаньне, дык ведаў хапала хіба ў настаўніцы па беларускай мове. Астатнія вучыліся разам са мной, разам тэрміны перакладалі з расейскай. Зь цягам часу стала прасьцей, беларуская — гэта ж не кітайская, ўрэшце.
«НН»: Як ты пачувалася сярод іншых дзяцей, сяброў. Ці не дражнілі?
НЛ: Давялося шмат чаго перажыць. І байкот абвяшчалі, дражнілі «беларускай». Настаўнікі тут ігралі ня надта добрую ролю: яны былі пасярэднікамі між мной і астатняй клясай, але нічога не рабілі, каб залагодзіць гэты канфлікт. Прыходзіла дамоў, плакала, перажывала. Але ніколі ня думала пра тое, каб кінуць беларускамоўнае навучаньне. Адно ад аднаго не залежала. Бацькам было цяжэй, бо яны змагаліся на іншым узроўні. Дырэктарка была дэпутатам Вярхоўнага Савету, таму наша гісторыя выйшла далёка за межы школы. Пётра Краўчанка, на той час сакратар менскага гаркаму КПБ, прыходзіў да мяне ў клясу, каб спраўдзіць, ці ўсё ў мяне нармальна з галавой, ці сапраўды я магу зьвязаць два словы па-беларуску.
«НН»: Дык што, выходзіць, улады скарыліся перад жаданьнем тваіх бацькоў?
НЛ: Саступілі, але ціснулі пастаянна. Бацькоў хацелі пазбавіць правоў, у вар’ятню спрабавалі ўпекчы. Памятаю, мне гадоў 14 было. Сядзела адна ў хаце ўвечары, і тут званок у дзьверы. Пытаюся: «Хто там?» За дзьвярыма: «Насьценька, гэта дырэктар школы. Хачу з табой пагаварыць». Я і адамкнула, а там такі натоўп — і ўсе гэтыя людзі ў кватэру заходзяць (потым аказалася, што прадстаўнікі Міністэрства адукацыі). І пачалі мяне распытваць: а як урокі робіш, а хто табе дапамагае і г.д. Добра, што бацька з маці прыйшлі — павыкідалі іх з хаты.
«НН»: Ці адчувала ты сваю нейкую непадобнасьць да іншых, абранасьць?
НЛ: Дзеці пра гэта ня думаюць. Я была такая ж сама, як і ўсе: хадзіла на нагах, пісала рукамі, чытала кнігі. Нейкай вывіхнутай не пачувалася. Іншая справа, для самога савецкага ладу — гэта было чамусьці дзікунствам. Цяпер жа бацькі вучаць сваіх дзяцей у трох мовах, і ніхто ня кажа, што яны нейкія не такія. Зрэшты, і да гэтага часу ў некаторых галовах нічога не зьмянілася.
«НН»: Калі б можна было вярнуць час, ці пагадзілася б ты на такі лёс?
НЛ: Асабіста я не шкадую. Мне было значна цікавей вучыцца, чым шмат якім маім аднагодкам. Мне шкада бацькоў. Я пахавала маці ў 16 год — на яе здароўі вельмі адбілася ўся гэтая гісторыя. Калі б я ведала, што бяз гэтых змаганьняў яна пражыла б больш, зрабіла б усё, каб яна ня ўмешвалася...
?
Потым Наста паступіла ў Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа. А ў 1991 г. яна зьбіралася паступаць на філялягічны факультэт БДУ. Тагачасная міністарка адукацыі Людміла Сухнат напісала ліст рэктару БДУ Капуцкаму з просьбай залічыць Насту Лісіцыну як першую выпускніцу першае беларускамоўнае клясы сталіцы на факультэт без іспытаў. Наста супакоілася і ўжо бачыла сябе студэнткай, але ў сьпісах тых, хто быў залічаны на курс, ня ўбачыла свайго прозьвішча. У рэктараце патлумачылі, што для іх усе роўныя, а міністар для іх — ня ўказ. Так Наста апынулася ў Вільні — там акурат аднавілі беларускі пэдагагічны факультэт, а Ўладзімер Колас даў ёй выдатную характарыстыку. Па сканчэньні вярнулася ў Менск. Цяпер Наста працуе ў рэклямным бізнэсе і мае трохгадовага сына. Упэўненая, што яму будзе прасьцей, чым
маці, у сэнсе беларускага навучаньня.