Міністр юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі лічыць, што вырашыць праблему ўхілення ад выплаты даўгоў можна з увядзеннем крымінальнай адказнасці для даўжнікоў, аж да пазбаўлення волі. Такое меркаванне ён выказаў у час жывой тэлефоннай лініі ў газеце «Рэспубліка».

Міністр прызнаў, што ў Беларусі ёсць праблема са спагнаннем грошай з даўжнікоў. «Спагнаннікам штогод вяртаецца больш як 11% выканаўчых дакументаў без выканання з актам аб немагчымасці спагнання», — сказаў Алег Сліжэўскі.

Ён лічыць, што значная колькасць даўжнікоў наўмысна не выплачваюць грошы ні дзяржаве, ні на карысць юрыдычных і фізічных асоб. «Грамадзяне ў сваіх зваротах адзначаюць, што даўжнікі раз’язджаюць на дарагіх машынах, жывуць у асабняках і шыкоўных кватэрах. Разам з тым гэта ўласнасць, як высвятляецца, аформлена на іх сваякоў і знаёмых. Афіцыйна такія людзі або не працуюць, або ж спецыяльна ўладкоўваюцца на нізкааплатную работу, паколькі па нормах грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства ўстаноўлены неапраўдана нізкі працэнт утрыманняў з заработнай платы даўжніка — не вышэй за 20%», — растлумачыў міністр.

Атрымліваецца, што даўжнікі быццам бы не ўхіляюцца ад выканання рашэння суда.

«Разам з тым спагнаннікі, у тым ліку і дзяржава, атрымліваюць капеечныя сумы пры наяўнасці мільярдных даўгоў. Лічу, вырашэннем гэтай праблемы стала б увядзенне крымінальнай адказнасці для даўжнікоў, аж да пазбаўлення волі.
Думаецца, што апасаючыся крымінальнай адказнасці, даўжнікі прададуць і кватэры, і машыны, аформленыя на падстаўных асоб, ды і сваякі паднапружаць», — сказаў Алег Сліжэўскі. Ён перакананы, што адным толькі грамадзянска-прававым уздзеяннем не заўсёды можна прымусіць даўжніка да выплаты.

Паводле слоў міністра, у лютым гэтага года пачата работа па падрыхтоўцы праекта закона аб унясенні паправак у Грамадзянскі працэсуальны кодэкс па пытаннях выканаўчага вядзення па справе. У прыватнасці Мінюст прапануе ўнесці змяненні, накіраваныя на павелічэнне памеру ўтрыманняў з заработнай платы даўжніка і прыраўнаваных да яе даходаў па ўсіх відах спагнанняў з 20 працэнтаў да 50 працэнтаў. Прапанавана таксама ўвесці інстытут дэкларавання даўжніком сваёй маёмасці. «Інстытут прымусовага дэкларавання даўжніком сваёй маёмасці дасць магчымасць у больш аператыўным рэжыме выяўляць і накіроўваць спагнанне на гэту маёмасць, пры гэтым судовым выканаўцам не будзе затрачвацца час на накіраванне адпаведных запытаў у рэгістрацыйныя органы аб наяўнасці ў даўжніка маёмасці (у перыяд якіх даўжнік можа ўтаіць сваю маёмасць)», — лічыць Алег Сліжэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?