Дактары «хуткай» жахнуліся, калі прыехалі на выклік: жанчына ляжала на асфальце ўся ў крыві. Пярэднім колам ровара яна трапіла ў яму, якая ўтварылася каля вадасцёкавай студні.

— Пенсіянерка пераляцела праз руль і стукнулася тварам аб асфальт, выбіўшы зубы. Жанчыне давялося звяртацца па пратэзаванне, прычым трэба было ехаць у іншы горад — у мясцовай клініцы дапамагчы пенсіянерцы не змаглі, — расказала суддзя Рагачоўскага раённага суда Ірына Малашкевіч.

Пасля лячэння жанчына падала позву на гарадское камунальнае прадпрыемства, патрабуючы кампенсаваць выдаткі на пратэзаванне і заплаціць за маральную шкоду.

— На судзе пенсіянерка растлумачыла, што праз траўму яна не можа нармальна есці, пастаянна адчувае дыскамфорт, ёй нязручна размаўляць. На твары ў яе былі сінякі, таму яна старалася не выходзіць з хаты, саромелася людзей, якія адварочваліся, бачачы яе. Яшчэ жанчына прадавала на рынку свой ўраджай, а праз непрывабны выгляд ёй давялося сядзець дома і страчваць грошы, — дадала суддзя.

Перш чым атрымаць кампенсацыю, пенсіянерцы давялося нямала пазмагацца.
У міліцыі, якая праводзіла праверку інцыдэнту, заявілі, што пацярпелая павінная была абгарадзіць яму, калі яе заўважыла, і паведаміць пра гэта ў дарожную службу. У той час як пасля падзення яна ляжала ў лужыне крыві.

У якасці адказчыкаў камунальнікі адправілі на суд аж чацвярых сваіх работнікаў.

Тыя сцвярджалі, што яма памерам 10–15 сантыметраў утварылася ля студні раптоўна, і пенсіянерка сама вінаватая ў падзенні.

Але суд вырашыў, што прэтэнзіі жанчыны цалкам справядлівыя, і спагнаў з камунальнікаў амаль 5 мільёнаў рублёў за пратэзаванне, 2 мільёны — за маральную шкоду, а таксама абавязаў аплаціць выдаткі за праезд і экспертызы. Адказчык у выніку пагадзіўся з такім рашэннем і не стаў яго абскарджваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?