Беларусі канчаткова адмоўлена ў яе жаданні далучыцца да Балонскага працэсу. Беларускае пытанне цалкам знятае з парадку дня найбліжэйшага саміту міністраў адукацыі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, які пройдзе на наступным тыдні ў Бухарэсце. Наступны шанец далучыцца да працэсу наша краіна атрымае толькі ў 2015 годзе.

Беларусі, якая ў снежні 2011 года падала заяўку на далучэнне да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, што яднае ўсе краіны Еўропы, адмоўлена ў сяброўстве ў гэтай арганізацыі.

Прычына ў тым, што Беларусь не выконвае прынцыпы і не трымаецца каштоўнасцяў Балонскага працэсу, такіх як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

У студзені 2012 года працоўная група БП (Bologna Follow-Up Group), якая займаецца бягучымі пытаннямі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, рэкамендавала адмовіць Беларусі ў яе далучэнні да Балонскага працэсу. Аднак канчатковае рашэнне мусілі прыняць 47 міністраў адукацыі на саміце ў Бухарэсьце 26–27 красавіка.

Цяпер стала вядома, што на новым пасяджэнні працоўнай групы беларускую заяўку на далучэнне вырашана было цалкам зняць з парадку дня саміту.
Аб гэтым піша European Voice. Наступная сустрэча міністраў пройдзе ў 2015 годзе ў Ерэване. Там беларуская заяўка можа быць разгледжаная наноў.
Адмова Беларусі стала беспрэцэдэнтным крокам для Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.
Дагэтуль не было выпадкаў, каб заяўку краіны, што жадала ўвайсці ў Балонскі працэс, адхілялі з-за яе неадпаведнасці крытэрам прасторы. У Балонскі працэс прынялі нават такія далёкія ад дэмакратыі краіны, як Казахстан і Азербайджан.
«Мы лічым, што дазвол Беларусі далучыцца да Балонскага працэсу быў бы выкарыстаны дзяржаўнай прапагандай, аднак зрабіў бы мала карыснага для студэнтаў і выкладчыкаў у такіх напрамках, як іх права на атрыманне адукацыі і правядзенне даследаванняў»,
— кажа старшыня Еўрапейскага студэнцкага саюза Алан Пол.

Генеральны сакратар Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі Лэслi Ўілсан кажа, што няясна, ці змаглі б беларускія ВНУ і іх студэнты шмат займець ад далучэння да Балонскага працэсу.

«Аднак беларускія ўлады могуць выкарыстаць сяброўства ў адзінай еўрапейскай прасторы як прызнанне іх палітыкі ў сфэры вышэйшай адукацыі», — кажа генеральны сакратар.

А пакуль Еўропа будзе падтрымліваць беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў праз фінансаванне адмысловых адукацыйных праграм, Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні і такія праграмы абмену, як Tempus і Erasmus Mundus.

Цяпер у праграмах ЕС у сфэры вышэйшай адукацыі ўдзельнічаюць толькі 5 беларускіх ВНУ. За два гады 230 беларускіх студэнтаў змогуць павучыцца ў Эўропе па праграме Erasmus Mundus.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?