Жыхар Баранавічаў затрыманы за незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі.

Як паведамілі ў галоўным упраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі, мужчына зарабляў на жыццё тым, што скупляў у грамадзян залатыя вырабы, якія пасля паліроўкі прадаваў як новыя. Падпольны магазін ён арганізаваў прама ў аўтамабілі, дзе былі і электронныя шалі, і нават мерныя пярсцёнкі. Опцыі, што прапаноўваліся кліентам, складаліся з куплі старых вырабаў, продажу нібыта новых і абмен першых на другія з даплатай.

Кошт на ўпрыгожванні з біркамі (пра тое, што яны могуць быць саматужна вырабленымі, ніхто не думаў) быў крыху ніжэйшы, чым у магазіне, таму мясцовыя жыхары ахвотна дзяліліся са сваімі знаёмымі інфармацыяй пра таннае золата.
Між тым за прынесены выраб мужчына шмат не плаціў: па-першае, упрыгожванне, якое было ва ўжыванні, каштавала значна танней за новае, па-другое, у магазіне на колах, як у ламбардзе, ніхто не патрабаваў прад’явіць пашпарт для рэгістрацыі факту продажу, а значыць, у яго маглі без усякіх наступстваў прынесці і крадзенае золата. Пасля невялікай паліроўкі і прымацавання біркі ювелірныя вырабы ўзляталі ў цане, прыносячы добры даход уладальніку бізнесу.

Затрымалі мужчыну ў момант чарговай здзелкі ў асабістым аўтамабілі «Аўдзі-А6». Падчас агляду машыны супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Баранавіцкага аддзялення ўнутраных спраў на транспарце выявілі 95 залатых ювелірных вырабаў коштам больш за 180 мільёнаў рублёў, а таксама буйную суму грошай. Акрамя пералічанага, у мужчыны канфіскавалі электронныя шалі, камплект мерных пярсцёнкаў і сам аўтамабіль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?