Каб пазбегнуць заторных сітуацый на прылеглых да могілак участках дарог 24 красавіка, на Радаўніцу, Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе грамадзянам наведаць месцы пахаванняў загадзя.
Рэкамендуецца таксама 21–24 красавіка скарыстацца паслугамі грамадскага транспарту, бо для зручнасці грамадзян арганізацыя руху на прылеглых да мінскіх могілак участках аўтадарог будзе зменена.

Міханавіцкія могілкі:

Рух індывідуальнага транспарту наведвальнікаў з боку Мінска будзе ажыццяўляцца па аўтадарозе Новы Двор — Міханавічы — Пяцеўшчына праз Міханавічы. Выезд з могілак у Мінск — па аўтадарозе Асееўка — Міханавічы. У гэтых мэтах на ўчастках аўтадарог будуць устаноўлены адпаведныя дарожныя знакі, якія ўказваюць маршрут аб’езду. Дастаўка пасажыраў грамадскім транспартам будзе ажыццяўляцца па вызначаным маршруце. Транспарт індывідуальных уладальнікаў размяшчаецца на абочынах прылеглых праездаў, а таксама на тэрыторыі могілак з уездам у асноўны праезд і выездам праз запасныя вароты ў кальцавым рэжыме.

Паўночныя могілкі:

Дастаўка пасажыраў грамадскім транспартам будзе ажыццяўляцца па аўтадарозе Калодзішчы — Заслаўе з боку транспартнай развязкі ў Цне ў бок аўтадарогі Мінск — Калачы — Мядзел. На ўчастку аўтадарогі Калодзішчы — Заслаўе ад перасячэння з аўтадарогай Мінск — Калачы — Мядзел да пад’езда да Забалоцця арганізоўваецца аднабаковы рух транспарту індывідуальных уладальнікаў у бок Цны з выдзяленнем паласы для руху грамадскага транспарту ў сустрэчным напрамку. Транспарт індывідуальных уладальнікаў размяшчаецца на правых абочынах аўтадарог Калодзішчы — Заслаўе (ад з’езду ў поле да пешаходнага пераходу каля другіх варот) і Мінск — Калачы — Мядзел (ад кальцавога перасячэння ў бок Дубаўлян), а таксама на стаянках Паўночных могілак. На ўчастках аўтадарог, якія прылягаюць да тэрыторыі могілак, будуць устаноўлены адпаведныя дарожныя знакі, якія растлумачваюць характар і рэжым уведзеных абмежаванняў у дарожны рух.

Чыжоўскія могілкі:

Транспарт індывідуальных уладальнікаў будзе размяшчацца ў першай паласе і на абочыне знешняга кальца МКАД ад з’езду на Новы Двор да 10-й ГКБ, у сувязі з чым на кальцавой дарозе будуць устаноўлены адпаведныя дарожныя знакі. Пад’езд транспарту (акрамя грамадскага) да самых могілак будзе абмежаваны. Пераход наведвальнікамі МКАД будзе ажыццяўляцца праз падземны пешаходны пераход і часовы пешаходны пераход у адным узроўні. У гэтых мэтах на ўчастку МКАД, насупраць часовага пешаходнага пераходу, будуць устаноўлены дарожныя знакі, якія абмяжоўваюць максімальную хуткасць руху да 50 км/гадз і забараняюць прыпынак транспартных сродкаў. У сувязі з умовамі надвор’я часовая стаянка на поле насупраць могілак арганізавана не будзе.

Маскоўскія могілкі:

Стаянка транспарту наведвальнікаў будзе арганізавана з выкарыстаннем гасцявых стаянак, а таксама на ўчастку праспекта Незалежнасці насупраць могілак. У гэтых мэтах будуць устаноўлены адпаведныя дарожныя знакі, а таксама абмежавана хуткасць да 40 км/гадз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?