19.04.2012 / 13:59

Бяляцкі стаў афіцыйным кандыдатам на Нобеля 7

Нобелеўскі камітэт прыняў кандыдатуру беларускага праваабаронцы на прэмію міру.

Пра гэта Польскаму агенцтву друку паведаміў старшыня камісіі па замежных справах Сейма Польшчы Анджэй Галіцкі.

Заява аб рэгістрацыі Алеся Бяляцкага на кандыдата была дасланая напрыканцы студзеня. Пад ёй падпісаліся польскія парламентарыі.

Ідэю падтрымалі дэпутаты з Рады Еўропы, паведамляе Польскае радыё для замежжа.

***

Нагадаем, у лістападзе мінулага года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Алеся Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Гэтыя грошы выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо цэнтр «Вясна» працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.

Міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых краін лічаць Бяляцкага палітзняволеным і патрабуюць яго вызвалення. Парламентарыі 27 краін — членаў Рады Еўропы падтрымалі вылучэнне кандыдатуры Алеся Бяляцкага на суісканне Нобелеўскай прэміі міру.

Цяпер Алесь Бяляцкі утрымліваецца ў папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску.

Польскае радыё для замежжа

0
ВІКНІК / Адказаць
19.04.2012 / 14:12
Чакаю ад Еўропы хаця б адно станоўчае рашэнне Гэта рашэнне можа адкрыць вочы многім "памяркоўным"
0
Гісторык / Адказаць
19.04.2012 / 14:29
А што я казаў?! Бяляцкі рэальна заслугоўвае гэтага. Можа і не атрымае, зноў якой цётачцы з Афрыкі, якая азеляненнем займаецца, прысудзяць... але было б сапраўды справядліва! І кан'юнктура, калі цынічна паразважаць, неблагая - постсавецкіх даўно не ўзнагароджвалі :)
0
LMI / Адказаць
19.04.2012 / 14:40
Даўно пара. На Беларусі шмат годных людзей, якія далі сьвету вельмі многа. Справа не ў іменах - справа ў краіне, яе народзе. Столькі негатыва вакол Беларусі зараз, што ўжо мы ўспрымаемся як нейкія неандэртальцы Эўропы.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру