Здавалася б, нарыхтоўка лесу. У Беларусі такіх дзялянак сотні. Нічога незвычайнага. І ўсё ж менавіта тут, на лесапавале, і менавіта гэтай зімою, як калісьці ў дзяцінстве, мне адкрылася безьліч сапраўдных цудаў.

Часам, чакаючы тралёвачнага трактара з чарговым пачкам, машынальна пачынаеш падлічваць колцы на сьпілах зваленых у штабелі ствалоў. 15. Дубок узросту беларускай незалежнасьці. Шкада, дружа: трапіў пад пілу саўковае сыстэмы нарыхтовак. 29. Альха, мая равесьніца. Прывітаньне! Рыхтуйся на цэлюлёзу — магчыма, яшчэ сустрэнемся... на ўлётцы ці на старонцы «Нашае Нівы». 34. Хваіна часоў Машэрава. Рана зрэзалі. Мабыць, пойдзе на які слуп лесьнікам, не спарахнее. 52. Асіна, раўня Рыгоравічу. На фанэру... Ого! Чэсьць! — елка ўзросту БНР! Эўрастандарт, за мяжу па найвышэйшым разрадзе... Вялізная клявіятура машыны часу разгортвае перад табою ўсю панараму эпохі ў канцэнтрычных кодах. Быццам колы на вадзе, на зрэзе фіксуецца рэха падзеі. Хіба ня цуд?

Або ў непралазным балотным гушчары трапляеш на вялізную яліну накшталт тых, што ставяць на Кастрычніцкае плошчы ў Менску. Толькі вось на сярэдзіне ствала, амаль пазбаўленага галінаў, прыбіты крыж. Ледзь угледзіш надпіс: «Львів. ДМБ 1981». Так, дапусьцім, падчас вучэньняў салдат-украінец пакінуў па сабе памяць. Але як крыж апынуўся на дзесяцімэтровай вышыні? Ствол гладкі, як калёна, і абсалютна непашкоджаны. Цуд? Лесавікі ўсьміхаюцца: крыж прыбівалі ўнізе. За 25 гадоў елка проста вырасла.

Упершыню ў жыцьці бачыў ужывую пару ласёў, якія стаяць пры дарозе, аб’ядаючы кару зь вецьця, і зусім не палохаюцца машыны. Або статак дзікоў, калматых, бы тыя маманты, якія сярод белага дня праходзяць за 15—20 мэтраў ад нашае брыгады па сваіх сьвінячых справах...

Назіраеш, як на 30-градусным марозе, зваленая на мерзлую зямлю, выбухае з фаервэркам ашкелкаў ломкая, бы зь лёду, хвоя — і кожны ўдар сякеры аб сук адгукаецца дзіньканьнем каляднага званочка...

Або ўзяць вогненны сьнег... Так, узяць жменяй, каб сьцерці рукі ад бруду, саляркі ці змазачнага алею (у інтэрнаце ўжо паўгоду ня могуць паставіць рукамыйнік) — ад пякучага холаду далоні дымяць. Кідаеш запалку на праліты бэнзін, і сьнег гарыць зыркім полымем! Аднойчы, калі нас закінулі на падсыпку (дзяўбсьці на ўзбочыне трасы зямлю, каб гружаныя лесавозы маглі ўзьняцца на сьлізкіх пад’ёмах), мы з напарнікам гарачага сьнегу пакаштавалі. Вельмі хацелася піць, а з сабой нічога, а вакол нікога, адно запалкі ды жалезны кубак. Разьвялі вогнішча, растапілі сьнегу, і пілі яго па чарзе з агню, гаркавы ад попелу, мацнейшы за любую гарэлку.

Але самы сапраўдны агнявы сьнег мне давялося ўбачыць на ўборцы дзялянкі, падчас сьнегападу. У вялізным, 4—5 мэтраў вышыні, вогнішчы, дзе спальваліся цэлыя «непрамысловыя» елкі, алешыны, бярозавыя рогі, раптам трэснула ўсярэдзіне, выбухнула салютам іскраў на вышыню пяціпавярховага дому — і потым хвілінамі ціха і ўрачыста ў паветры ірдзела, пераблісквала зь белымі сьняжынкамі чырвонае й аранжавае, нібы зь неба сыходзіла шматтысячная грамада пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Калі змаўкаюць бэнзапілы й сякеры, калі спыняецца, глухне трактар і зьяжджаюць лесавозы — раптам прыслухоўваесься. У верхавінах дрэваў пад ветрам нараджаецца, расьце й гучыць велічная, уладная нябёсная сымфонія. Чуеш сапраўдную літургію, гімн Творцу, дзе мужчынскія басы зьліваюцца з высокімі нотамі жаночага хору — і заміраеш малітоўна, бы ў храме. Падымаеш вочы ўгару — і бачыш, што насамрэч дзялянка — гэта агромністы проруб у неба, прорва ў глыбокі блакіт для тваёй малітвы за ўсю Беларусь.

Насамрэч цуды вакол нас. Госпад даў нам цуд жыцьця, падараваў цудоўныя пачуцьці і пасяліў у найцудоўнейшай краіне ў сьвеце. У такія цуды трэба толькі паверыць — і тады хараство й гармонія сэнсу напоўняць цябе ўсяго.

Палякі сьпявалі на плошчах рэлігійныя гімны — і атрымалі праўдзівы цуд. Сэрбы выходзілі на дэманстрацыі хросным ходам за сваім мітрапалітам — і ўбачылі цуд. Украінцы штодня пачыналі Майдан з малітвы — і нарэшце дамагліся цуду.

Вы ўсё яшчэ лічыце, што Беларусь у 2006-м выратуе толькі цуд?

Тады надышоў час паверыць у цуды.

Бо — «чалавеку гэта немагчыма; Богу ж усё магчыма»! (Мацьвея 19:26).

Гэта ж так проста.

Выйсьці ў дзень выбараў на плошчу, насустрач сьвежасьці й волі.

Памаліцца Богу за свабоду, праўду і справядлівасьць для Беларусі.

І гучна, на ўвесь голас, сказаць тое, што думаеш, што адчуваеш, чаго хочаш усім сэрцам:

— Жыве Беларусь!!!

І калі ўбачыш, як неба па-над шматтысячнай грамадою раптам запальваецца агнявым бел-чырвона-белым — ведай: гэты момант увойдзе ў гісторыю Беларусі як цуд 19 сакавіка.

в.Малое Сітна

Павал Севярынец — у 1998—2004 лідэр незарэгістра-ванага «Маладога фронту». Асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер у высылцы ў Малым Сітне, на поўначы Полаччыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?