19.04.2012 / 17:23

Дарожнікі гатовыя кампенсаваць шкоду аўтамабілю ад кепска высыпанага шчэбню 1

Эмацыйнае паведамленне пакінуў на форуме onliner.by карыстальнік exclusive_notebook. Ён абураўся станам адной з мясцовых дарог Клецкага раёна. На фота бачныя ямы і выбоіны, засыпаныя шчэбнем. Асфальт пакрыты сеткай расколін. Як напісаў аўтамабіліст, ён пашкодзіў абарону рухавіка сваёй машыны. Рамонт, паводле яго словаў, абыдзецца ў 300–400 тыс. рублёў. Чаму дарога ў такім жудасным стане?

«У адным кірунку нават папераджальных знакаў няма! У мяне ў аўтамабілі вырвала абарону рухавіка… Адны балты тырчаць… Каб прыкруціць абарону, давядзецца выдаткаваць каля 300–400 тыс. рублёў… І гэта толькі адзін участак! Усяго такіх месцаў на дарозе каля 6–10. Прычым гэта не найгоршае месца», — напісаў exclusive_notebook.

Гаворка ідзе пра дарогу Н-8461 Клецк — Сноў — Хвоева, дакладней пра ўчастак паміж вёскамі Даматканавічы і Жылічы. Яна вядзе да знакамітага агракамбінату і лічыцца дарогай мясцовага значэння. Але як там апынуўся друз? І чаму не латаюць ямы?

Анатоль Буката, начальнік ДРБУ-212, якое адказвае за рамонт і ўтрыманне дарог у Клецкім раёне, расказаў:

— Гэтая дарога была пракладзеная каля дваццаці гадоў таму і даўно мае патрэбу ў капітальным рамонце. Цяпер самы цяжкі час: вясной, пасля вялікіх перападаў тэмператур, пакрыццё разбураецца хутка. А так супала, што нагрузка на яе значна павялічылася ў сувязі з пасяўной. Нягледзячы на выстаўленыя знакі «Абмежаванне нагрузкі на вось», па дарозе ішла цяжкая тэхніка. У выніку на асфальце з’явілася гліна. Рэч у тым, што падчас будаўніцтва дарогі было дрэнна зробленае зямельнае палатно і ніжні пласт з пясчанай сумесі. Пясок з часам пачало вымываць грунтавымі водамі — гліна апынулася на дарожным пакрыцці, а асфальт пакрыўся сеткай расколін. Каб не дапусціць далейшага разбурэння дарожнага палатна, было вырашана засыпаць ямы шчэбнем. Але гэта часовая мера: літаральна з 24 красавіка пачынаецца рамонт, на самых праблемных участках пакрыццё будзе замененае цалкам. Будзе арганізаваны аб’езд месца правядзення рамонтных прац.

— Але ж шчэбень даволі буйны, мяркуючы па фота. Хіба гэта адпавядае нормам?

— Не, гэта шчэбень дробных фракцый — 20–40 мм. Калі б мы яго не насыпалі, то ўся дарога была б у выбоінах. Абмежаванне хуткасці і знакі «Няроўная дарога» былі выстаўленыя.

— Тым не менш, што рабіць аўтаўладальніку, у якога пашкоджаная машына?

— Хай прыязджае. Мы гатовыя ацаніць пашкоджанні і пакрыць яму рамонт.

0
абазнаны / Адказаць
19.04.2012 / 19:57
Рэдакцыі. Шчэбень гэта друз? Рэд. Так, сінонім
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру