Медыкі рэкамендуюць беларусам прышчапіцца ад адзёру перад паездкамі на чэмпіянат Еўропы па футболе, які пройдзе ва Украіне і Польшчы, або летнія Алімпійскія гульні ў Лондане. Пра гэта заявіла загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Шымановіч.

Паводле яе слоў, вакцына супраць гэтай інфекцыі ў хуткім часе паступіць у медыцынскія ўстановы Беларусі.

Спецыяліст растлумачыла неабходнасць прышчэпак тым, што

ў еўрапейскім рэгіёне ў апошнія гады рэгіструецца ўздым захворвання на адзёр. Асабліва неспрыяльная сітуацыя склалася ва Украіне.
Некалькі гадоў таму там пасля вакцынацыі ад адзёру памёр падлетак. Хоць і было даказана, што смерць не звязана з вакцынацыяй, насельніцтва масава стала адмаўляцца ад правядзення прафілактычных прышчэпак. Як вынік, сёлета ва Украіне зарэгістравана больш за 7 тыс. выпадкаў адзёру, быў адзін смяротны выпадак.

Як зазначыла Шымановіч, у Беларусі сёлета рэгістраваліся толькі адзінкавыя завазныя выпадкі адзёру, аднак Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне дадаткова вакцынаваць супраць адзёру моладзь 20—29 гадоў. Па выніках імуналагічных даследаванняў, у гэтай узроставай групы найбольш слабы імунітэт супраць захворвання.

Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан зазначыла, што калі б у Беларусі спынілася вакцынацыя супраць адзёру, то праз пару гадоў штогод фіксавалася б 40—60 тыс. выпадкаў хваробы, з іх 40—60 — са смяротным канцом.

Карабан нагадала, што ўсе ахвотныя могуць атрымаць прышчэпку ад адзёру на платнай аснове. Можна прышчэплівацца не толькі вакцынай супраць адзёру, але і вакцынай, якая ўтрымлівае тры кампаненты — адзёр, паратыт, краснуха.

Прышчэпка дзейнічае на працягу 20 гадоў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?