19.04.2012 / 21:25

Школьніца: Відэакліп «Я из деревни!» — гэта кпіна з патрыётаў 32

Нават КДБ задаўся пытаннем, ці не поўная лажа кліп Ксеніі Дзягелькі?

У інтэрнэце ўжо каторы дзень гуляе прапагандысцкі рэп «Я из деревни!» ў выкананні сямікласніцы з гарадскога пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці Ксеніі Дзягелькі. 18 красавіка ў райцэнтр Акцябрскі прыязджалі нават супрацоўнікі КДБ — спраўдзіць, ці з’яўляецца відэакліп патрыятычным?

А сёння, 19 красавіка, у мясцовы Дом дзіцячай творчасці, дзе высілкамі настаўніка-гурткоўца Андрэя Павука нарадзіліся тэкст і музыка кліпа,

панаехалі супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачання, каб з афіцыйнага гледзішча патлумачыць тэкст прапагандысцкага кліпа:
«Долой мини-юбки! Короткое, узкое! Теперь покупать будем всё белорусское!», «Достанем из недр наших фосфор и калий, чтобы в достатке работал аграрий!»

У Доме творчасці так і папярэджваюць: «Мы ўсе каментары пакінем АНТ, БТ. Вось! Пракаментуем усю гэтую сітуацыю».

Тым часам бацькі Ксеніі сталі абачліва аберагаць 13-гадовую дачку ад дачаснай папулярнасці: відэакліп усё-ткі рыхтаваўся на піянерскі конкурс «Я — лідар», які мае адбыцца ў Мазыры ўжо на наступным тыдні — 25 красавіка. Мама Ксеніі наогул па-філасофску ставіцца да нечаканай папулярнасці: «Слава — справа такая, яна прыходзіць і сыходзіць. Я са страхам на гэта гляджу. Будзе конкурс, будуць размовы. Меркаванні розныя».

І сапраўды, нават у Акцябрскім па-рознаму ўспрымаюць пасажы, кшталту «Скажем „спасибо“ за хлеб на полях и за хорошую жизнь в деревнях».

Распавядае малады бацька з райцэнтра Акцябрскі: «Калі б гэта была нейкая дзіцячая тэматыка, тады б можна лагодней аднесціся.

Па форме кліп яшчэ нічога, а па змесце… Мне не па сабе ад гэтага, што дзяцей уцягваюць у такія рэчы».

Навучэнец Аляксандр з Акцябрскага лічыць, што дзяўчынку проста выстаўляюць у якасці выразніка думак моладзі пра заможнае жыццё пад кіраўніцтвам вясковага лідара: «Арганізавалі і проста чалавека выставілі. Як быццам усё гладка, усё добра, весела. Балёнікі ўсім выдалі, на плошчу выгналі. Сэнсу я наогул не бачу — глупства нейкае. Гэта толькі па тэлевізары паказваюць і хочуць усіх пераканаць. А насамрэч далёка не ўсё так. Кліп гэты — як бы меркаванне моладзі, навязваюць яго нам. А кліп — проста нейкая ганьба».

Гомельскія школьнікі яшчэ больш катэгарычныя ў сваіх меркаваннях.

Дзесяцікласнік Андрэй: «Я лічу, што ўвесь гэты праект, распачаты БРПА і БРСМ — поўная лажа. Моладзь не будзе на такое торкаць.

А тыя, што клюнуць — альбо недаразвітыя, альбо неразумныя патрыёты, якія за Лукашэнку выступаюць».

Аднакласніца Андрэя лічыць відэакліп «прыколам», з якога ў інтэрнэце проста пацяшаюцца: «Гэта наогул усе ўспрымаюць як нейкі прыкол. Не ведаю, гэта жах на самай справе, нейкі калгас! Для сучаснай моладзі гэта вельмі смешна. Я пачатак паглядзела, вытрымала, можа, хвіліну.

Мне падаецца, што гэта прыкол. Ну, блін, усе так успрымаюць».

Але як жа быць з патрыятычным зместам відэакліпа, на які яўна разлічвалі ягоныя стваральнікі?

Школьніца Паўліна: «Я ня бачу абсалютна нічога патрыятычнага. Нават калі браць патрыётаў, то гэта нейкая кпіна з іх».

0
Этот ребенок - жертва взрослых игр / Адказаць
19.04.2012 / 22:48
С обеих сторон.
0
Бенедзікт / Адказаць
19.04.2012 / 22:55
Нават КДБ задалося пытаннем, ці не поўная лажа кліп Ксеніі Дзягелькі? ------------------------------------------------------ На Беларусі, КГБ-ФСБ зараз можа быць і ў грамадскай прыбіральні - "надо работу показывать".
0
Гісторык / Адказаць
19.04.2012 / 23:36
Вось вы ўсё насы вароціце, але пабачыце - будзе як з "Саняй, што застанецца з намі". З кожнага праса. І 20% будуць падпяваць.
Паказаць усе каментары/ 32 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру