Прыкладна 20 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» сабраліся на плошчы Незалежнасці ў Мінску, каб ускласці кветкі да помніка Уладзіміру Леніну, які нарадзіўся 22 красавіка 1870 года.

На плошчы знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Ускладанню кветак яны не перашкаджалі, аднак папярэдзілі лідара партыі Сяргея Калякіна аб недапушчальнасці правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Як заявіў Калякін, святкаванне дня нараджэння Леніна не разыходзіцца з курсам на мадэрнізацыю партыі, які быў абвешчаны на апошнім з’ездзе і звязаны ў тым ліку са зменай назвы (раней — Партыя камуністаў Беларуская).

«Для беларусаў Ульянаў-Ленін з’яўляецца вялікім чалавекам. Калі б яго не было, мы сёння з’яўляліся б губерняй або Паўночна-Заходнім краем Расійскай Федэрацыі», — сказаў ён.

Палітык упэўнены, што «толькі дзякуючы нацыянальнай палітыцы Леніна, якая заключалася ў тым, што ён выступаў супраць аўтаноміі, мы і сталі самастойнай дзяржавай». Апрача таго, Ленін — гэта чалавек, які ў ХХ стагоддзі «ажыццявіў найвялікшую рэвалюцыю, зрынуў сатрапа, ліквідаваў самадзяржаўе». «І сёння гэта актуальна для Беларусі. Мы рухаемся да самадзяржаўя і можам да яго хутка прыйсці. Таму нам трэба вывучаць працы Леніна і ўсё, што было звязана з тым, што ён рабіў у 1917 годзе», — сказаў Калякін.

Раніцай кветкі да помніка Леніну ўсклалі таксама прадстаўнікі іншых левых і камуністычных арганізацый.

Глядзі таксама: Гудбай, Ленін!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?