У нядзелю адбыўся першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі.
Прадстаўнік Сацыялістычнай партыі Франсуа Алянд атрымаў 28,6% галасоў, стаўшы лідэрам перадвыбарчай гонкі. Дзейны прэзідэнт Нікаля Сарказі мае за сабой усяго на паўтара працэнта меней. Трэцяе месца займае новая кіраўніца «Нацыянальнага Фронту» Марына Лё Пен — за яе прагаласавала 18% выбарцаў. Сарказі — першы ў гісторыі V Рэспублікі прэзідэнт, які саступіў у першым туры ў часе барацьбы за другі тэрмін.
У часе свайго прэзідэнцтва і перадвыбарчай кампаніі Сарказі пазіцыянаваў сябе як моцнага лідэра, на якога можна абаперціся ў часы эканамічнага крызісу, а таксама якому можна даверыць бяспеку і развіццё краіны.
І нават сваю сённяшнюю непапулярнасць Сарказі абгрунтоўвае тым, што быў вымушаны прымаць непапулярныя рашэнні, каб забяспечыць моц Францыі. Як кажа сам Сарказі, ён працуе дзеля Францыі «раніцай, днём і ноччу». Аднак меркаванне пра яго звычайных французаў не самае лепшае. Доўгі час у Францыі быў папулярны жарт: Сарказі кіруе самалётам і перадае паведамленне з кабіны: «Маю добрую навіну: мы прыляцелі раней прызначанага часу. І дрэнную: я сабе нават не уяўляю, дзе мы знаходзімся».
Кампанія галоўнага апанента Нікаля Сарказі, Франсуа Алянда пабудаваная выключна на супрацьпастаўленні сябе з Сарказі.
Калі Нікаля Сарказі вядомы як гіперактыўны аратар (альбо эгаістычны дэмагог, як на думку апазіцыі), то Франсуа Алянд на сустрэчах з людзьмі слухае і запісвае ў нататнік. Калі Нікаля Сарказі катаецца на яхце сваіх багатых сяброў, то Франсуа Алянд ездзіць па прыгарадах Парыжу на скутэры. Калі Нікаля Сарказі называюць «прэзідэнтам багатых», то Франсуа Алянд шчыра заяўляе, што «ён не любіць багатых».
Сам Франсуа Алянд першапачаткова не планаваўся на ролю кандыдата Сацыялістычнай партыі
. Гэтае месца меў заняць тагачасны старшыня Міжнароднага валютнага фонду Дамінік Строс-Кан, аднак сэксуальны скандал летась пакінуў яго па-за гульнёй. Некаторыя эксперты нават кажуць, што гэты скандал мог быць спланаваны камандай Нікаля Сарказі. Але як бы ні было, дзякуючы гэтаму скандалу Франсуа Алянд займеў шанец стаць прэзідэнтам.
Франсуа Алянд ў французскіх палітычных колах мае мянушку «Фленбі» (марка карамельнага пудынгу) за сваю мяккасць.
Франсуа Алянд ніколі не займаў нават міністэрскай пасады, але ужо неўзабаве можа стаць прэзідэнтам.
Калі Нікаля Сарказі часта крытыкуюць ягоныя палітычныя апаненты за папулізм, то наўрад ці можна сказаць, што Франсуа Алянд чымсьці розніцца.
Між іншым, Алянд абяцае ў часе свайго прэзідэнцтва распачаць вайну са «светам фінансаў», нібыта гэта ён вінаваты ў эканамічным крызісе Еўропы. Таксама Франсуа Алянд абяцае знізіць пенсійны узрост да 60 гадоў, як было да рэформы Сарказі. Тое, якую шкоду гэта нясе для фінансавай стабільнасці Францыі Сацыялістычную партыю мала цікавіць — галасы пакуль важнейшыя.
Адметны вынік Нацыянальнага фронту, які на патрэбы перадвыбарчай кампаніі правёў невялічкі рэбрэндынг.
Марына Лё Пен спрабуе пазбавіць Нацыянальны Фронт фашыстоўскага адцення і зрабіць яго больш прадстаўнічым: з ейных вуснаў усё радзей чуваць словы аб ісламізацыі Еўропы і усё больш аб сацыяльных праблемах. Даследаванні, праведзеныя для Le Monde, паказалі, што Марын Ле Пен з’яўляецца найбольш папулярным кандыдатам сярод моладзі ад 18 да 24 гадоў, што часта тлумачыцца радыкальнасцю і антысістэмнасцю Нацыянальнага фронту.
Варта нагадаць, што наступны тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі адбудзецца 6 мая.
Усе зандажы выглядаюць аптымістычнымі для Франсуа Алянда, якому, аднак, не варта думаць, што Елісейскі палац ужо належыць яму. Бо Нікаля Сарказі здавацца не збіраецца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?