Старшыня Партыі БНФ і кіраўнік аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Волі адказваў на пытаньні ў рэжыме рэальнага часу на нашым сайце 16 сакавіка з 14 да 16‑й.

Ці рыхтуюцца нейкія асаблівыя штучкі на 25 Сакавіка? Што рыхтуецца такога, каб сьвята зрабіць Сьвятам? А то мінулыя гады часам усё зводзілася да асабістай ініцыятывы бардаў.

ёпс

***

Рыхтуецца мастацкая праграма. Шмат залежыць ад дазволу/забароны. Давайце свае творчыя прапановы, але, галоўнае, таксама бярыцеся за іх зьдзяйсьненьне.

Ці зьбіраецца БНФ пачаць праяўляць сваю дзейнасьць дзе-небудзь яшчэ акрамя Менску ?

Ці плянуюцца якія-колечы сустрэчы зь людзьмі у вабласных цэнтрах, раённых ?

Міхал Трацэўскі

***

У рэгіёнах не бракуе знаных фронтаўскіх лідэраў. Кожны ведае палітычныя, сацыяльныя, культурніцкія справы БНФ пад кіраўніцтвам Вінцэнта Солтана ў Івянцы, Зьмітра Вінаградава ў Мядзеле, бацькі й сына Юрковых у Дрыбіне й Горках, Ады Райчонак у Шаркаўшчынскім раёне, Рыгора Кастусёва ў Шклове, Юрася Губарэвіча ў Белаазёрску (двое апошніх - кіраўнікі абласных арганізацыяў і паступова становяцца пазнавальнымі ў межах сваіх абласьцей). Бліжэйшы Дзень незалежнасьці 25 Сакавіка будзе адзначацца зь ініцыятывы й пераважна намаганьнямі Фронту ў Віцебску, Магілёве, Берасьці ды іншых несталічных гарадох.

Сустрэчы мы праводзім безупынна, неўзабаве зьменім іх фармат. Нашая стратэгічная задача – дайсьці да канкрэтных сацыяльных групаў з пратэставым патэнцыялам, паінфармаваць іх пра падзеі й змабілізаваць на абарону свай будучыні.

Сп. Вячорка, якую БНФ бачыць стратэгiю разьвiцця айчыннай падмуркавай i галiновай навукi, што менавiта плянуе зрабiць, каб Беларусь не звалi абразлiва "транзытнай дзяржавай", але каб яна была краiнай сучасных тэхналёгiяў, краiнай ведаў?

omu

***

Маем добрыя традыцыі й пакуль што яшчэ ня цалкам зьнішчаны кадравы патэнцыял. Але фундамэнтальная навука – дарагая справа. Мусім далучыцца да эўрапейскіх навуковых праграмаў, для чаго трэба ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз. 4% бюджэту ЭЗ (€55 млрд. на 7 наступных гадоў) ідзе на агульнаэўрапейскія навуковыя праграмы. Што да галіновай навукі, яна разьвіваецца натуральным чынам усюды, дзе буяе сучасная навукаёмістая эканоміка. У нас здаровая эканоміка можа быць толькі такой. Гэта разумелі сур’ёзныя эканамісты нават у савецкія часы, калі “прабівалі” ў Беларусі навукаёмістыя вытворчасьці. Цяпер зноў жа трэба дэмакратычныя рэформы й вяртаньне ў Эўропу. А транзыт нам заўжды будзе ў прыгодзе.

Прыміце хоць і запозьнена самыя шчырыя спачуваньні з прычыны сьмерці Вашага бацькі. Відаць, харошы чалавек быў. У ягонай біяграфіі зачапіла адна рэч -- месца нараджэньня вёска Мерлін на Століншчыне. Я недзе чытаў, што на Мерлінскіх хутарах вадзіўся легендарны цмок. Ці не маглі б расказаць падрабязьней пра гэту легенду? Гэта ж вельмі цікава.

Янка

***

Дзякуй. Бацька расказваў, што хлапчукамі яны балотаў не баяліся, ведалі іх, хадзілі схаванымі пад вадой патаемнымі сьцежкамі. Але калі бачылі на балотных купінах агеньчыкі – пабойваліся. Магчыма, тут праявілася генэтычная памяць пра Цмока. Цмок – наш нацыянальны гонар. Гэта той самы Зьмей Гарыныч (ад ракі Гарыні), які краў у палянаў (=у Кіеве) дзяўчат. Спадзяюся, ягоныя нашчадкі (на жаль, драбнейшыя) выжылі ў мэрлінскіх (sic!) балотах пасьля двух дзясяткаў гадоў безупыннага іх бамбаваньня. Там жа зрабілі былі палігон у 1960-м. А Мэрлін – ня вёска, а доўгі ланцужок хутароў уздоўж ракі Сьцьвігі.

Спадар Вінцук, вы плянуеце выстаўляць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары?

Бігфут

***

- Нашая партыя заўсёды была супраць прэзыдэнцкай сыстэмы ў Беларусі. Час паказаў, што мы мелі рацыю.

Сп. Вінцук, у 1940-х у Буэнас-Айрэсе быў заснаваны беларускі праваслаўны прыход у канстантынопальскай (сусветнай) юрысдыкцыі. Ягоны заснавальнік -- святар Васіль Вячорка, здаецца, са Століншчыны. Потым а. Вячорка пераехаў у Чыкага, дзе ўзначальваў прыход сьв. Юр'я. Ці ня Ваш сваяк гэты Вячорка? І другое пытанне. Хто Вы па веравызнаньні і хто быў па веравызаньні ваш бацька? Пытаюся таму, што на Століншчыне багата пратэстантаў (баптысты, пяцідзясятнікі). І як ставіліся ў дзяцінстве пэрсанальна Вы да нэапратэстантаў? -- пытаюся таму, што колькі тыдняў таму "НН" выдрукавала інтэрвію зь пісьменьнікам Міхаілам Герчыкам, у тым ліку, аўтарам кнігі "Вецер ірве павуціньне", дзе пяцідзясятнікі з Палесься выстаўлены нелюдзьмі і забойцамі.

sol

***

Нашае прозьвішча рэдкае, усе Вячоркі паходзяць з трох мясьцінаў. Я чуў пра Васіля Вячорку. Высьвятляем. Але бальшыня Вячоркаў -- праваслаўных сьвятароў (іх шмат, некаторыя служаць у Беларусі) паходзіць са слуцкай галіны Вячоркаў.

Мой бацька, як і ягоныя браты й сёстры, быў пахрышчаны, як ён казаў, “у капліцы” паводле грэка-каталіцкага абраду. У Заходняй Беларусі была на кароткі час адроджаная царкоўная Вунія, яе цэнтар быў у Альбярціне к. Слоніма, а прыходы дзейнічалі ў тым ліку на Століншчыне. Сямейная традыцыя захоўваецца. Мае дзеці былі пахрышчаныя а. Аляксандрам Надсанам. Бацьку адпяваў а. Андрэй Абламейка.

Я зь безумоўнай і роўнай павагай стаўлюся да (і маю сяброў сярод) усіх традыцыйных беларускіх канфэсіяў, у тым ліку ўцісканых сёньня пратэстантаў.

чы адродзіцца часопіс "Спадчына". бо зноў жа ляснуў за рэдактарствам Алеся Белага і Аляксея Хадыкі.

гісторык-аматар

***

Ня ляснуў. Адродзіцца, бо на яго ёсьць попыт.

Паважаны Вінцук. У мяне да Вас адно пытаньне. Калі я прыеду ў Менск на сьвяткаваньне Дня Волі (Незалежнасьці) і ў мяне пасьля прыезду дамоў (на вучобу) узнікнуць цяжкасьці (наконт выключэньня зь установы), Вы мне дапаможыце? Куды мне потым звяртацца?

Алесь

***

Спадзяюся, за адзін выезд ня выключаць. Але з праблемамі неадкладна зьвяртайцеся да нас у Менску на вул.Варвашэні (ранейшы назоў), 8. Тэл. (8-017-)284-50-12.

Чаму вы баіцеся, што Мілінкевіч стане рэальным лідэрам апазіцыі? Усе перадумовы гэтага ёсьць. І мяшае гэтаму толькі такія, як вы й Лябедзька. Мне шкада. У дадатак: баяцца таго, што чальцы партыі перабягуць у рух За Свабоду - гэта яшчэ адна прыкмета псеўдаапазіцыйнай дзейнасьці. Няўжо Пазьняк мае рацыю пра 1999 год?

Pinesk.org

Я вельмі хацеў і нямала зрабіў, каб А.Мілінкевіч стаў рэальным лідэрам дэмакратычных сілаў. Рэшта залежала й залежыць ад яго самога, а не ад таго, што яму “мяшаюць”. Што да “руху” – пакуль перабягаць няма куды. Пазьняк меў рацыю, асудзіўшы калісьці “структуратворчасьць”: не структуры чарговыя з тых жа самых людзей ляпіць (гэта і ёсьць псэўдаапазыцыйная псэўдадзейнасьць), а вытлумачыць людзям, што й навошта рабіць – і дзейнічаць.

Возможно ли объединение пророссийской оппозиции (РНЕ-баркашовцы) с прозападной БНФ? Ведь у Вас общий враг - Лукашенко, он борется с Вашими организациями одинаково незаконно.

evropeets

***

Нашыя ворагі – гэта ворагі беларускай незалежнасьці й свабоды.

Зробім выгляд, што нешта робім, паходзім трохі. Трэба ж зрабіць выгляд, "АТЧОТ", што партыя нешта робіць" У кулуарах журфаку ходзяць прыкладна такія цытаты вашага сына Франака наконт ДНЯ ВОЛІ. Пракаментуйце, калі ласка, гэта.

П.С. Я, калі пачула, за галаву схапілася. Застаецца спадзявацца, што гэта плёткі.???????????

Яна Елка

***

Гэта прадукт разумовай дзейнасьці жывёліны sivaya_kobyla.ru . Ці не прасьцей спытацца ў самога чалавека, што ён думае, і паглядзець, што робіць, а не пераказваць невядома кім і для чаго запушчаныя плёткі?

Ці падабаецца Вам сёньняшняя "Наша ніва"? Якой бы Вы хацелі бачыць газэту? Што яшчэ рэгулярна чытаеце з друкаваных СМІ? Дзякуй Вам за ўдзел у падрыхтоўцы "Беларускага клясычнага правапісу". Ці ідзе праца над "Беларускай граматыкай"? Патрэба ў ёй ня меншая.

Ігар

Падабаецца, што газэта ў асноўным грунтуецца на нацыянальна-дэмакратычных, незалежніцкіх каштоўнасьцях. Не падабаецца, што часам яна папускаецца да ўдзелу ў “сцэнарах”. Прыклад – публікацыя з жаўтлявым назовам “БНФ кажа Мілінкевічу “бывай”, аўтар якой ані ня быў на нашым Сойме, ані нават не паразмаўляў зь яго ўдзельнікамі. Давялося траціць час на тлумачэньні.

moža ja j nie praŭ, ale mnie padajecca što jak raz taki zaraz niama sensu svarycca pamiž demakratami, svarycca možna potym, paśla pieramohi.Chiba nie?
Voś zaraz ja ŭspaminaju hety dzień hod tamu, ja chadziŭ j raśkidvaŭ hazety ci ŭlotki ci šče štoś.. i vieryŭ u pieramohu... a zaraz što my robim???
Siabra Rady Moładzi BNF

tony iommer

***

І цяпер, і заўсёды трэба шукаць паразуменьня. Цяперашнія канфлікты выгодныя толькі Лукашэнку й Маскве. Усе тыя, хто пачынае расколы ці паддаецца на раскольніцкія правакацыі, аб’ектыўна працуюць на іх. Як толькі мы разьбягаемся, мы перастаем быць суб’ектам (чыньнікам) беларускае палітыкі. Таму я зьвярнуўся да ўсіх калегаў па Аб’яднаных дэмакратычных сілах з праектам пагадненьня “Кампраміс дзеля адзінства”.

А калі запросяць на НН Пазьняка, ці прынамсі Беленькага?

Актывіст

***

Я перадам Вашую просьбу рэдакцыі.

Ці адчуваеце(усьведамляеце) вы сваю частку адказнасьці за тое,што ў свай час паспрыялі плянам антыбеларускіх сілаў па аслабленьню некалі адзінага,уплывовага і вельмі паважанага,апазыцыйнага руху - БНФ Адраджэньне? Ці ўсьвядомілі вы,што апынуліся ў ролі лялькі ў руках гэбэшных лялькаводаў? Ці не шкада вам,палітыку,што дамагаецца беларускага нацыянальнага адраджэньня, марна згубленага часу?

Саянаў

***

Калісьці адкрыюцца архіўныя спраты, і стане вядома, хто насамрэч былі лялькамі ў руках лялькаводаў. Дзякуй Богу, што ў 1999 годзе нам удалося не дапусьціць, здавалася, непазьбежнай маргіналізацыі Народнага Фронту. Без фальшывай сьціпласьці лічу, што сёньня без БНФ, як найбольш сур’ёзнай палітычнай сілы, немагчымая ніякая выніковая палітычная кампанія. І нездарма цягам гадоў многія прагнулі выкарыстаць Фронт, яго структуры й яго кадры для ўласных палітычных праектаў, бо разумелі яго патэнцыял.

Ці бярэ на сябе адказнасць Вячорка-палітык за раскол БНФ у 1999г.?Калі б тыя падзеі адбываліся сёньня, які б зрабіў В.Р. выбар?(адзінства партыі і яе моц, альбо драбленьне=тое, што ёсць зараз)

чытачка

***

Гл. папярэдняе.

Ці ўмееце Вы гатаваць?

цікаўны

***

Умею (і нават люблю, але часу няма). Сярод спэцыялітэтаў – гарбуз (смажаны кубікамі ў муцэ з часныком), суп-пюрэ, печаны.

Раскажыце, чаму патанула "Спадчына"? Якія намаганні вы, як намеснік рэдактара, прыклалі да яе ратавання? Калі замест праплачаных матэрыялаў пра нецікавую беларусам нямецкую хадэцыю будуць друкавацца беларускія матэрыялы па беларускай гісторыі?

спадкаемца

***

Не патанула. Неўзабаве выйдзе чарговы нумар. На пытаньне ў стылі допыту адказваю, што ўдзельнічаў у пошуку новага юрыдычнага адрасу, дый сродкаў таксама, безь якіх часопісы не жывуць. У “хадэцкім” нумары былі беларускія й нямецкія матэрыялы.

Винцук, выражаю вам свои соболезнования!
А теперь покритикую. Вы такое же пугало как и Лебедько! Вы развалили БНФ "Адраджэнне".
Вы не желаете уйти в прошлое?

Ягайла

***

Дзякую за спачуваньні.

Дзякую за глыбокую, канструктыўную крытыку. Рэч у тым, што ў дзяцінстве я чытаў Волкава – пра Смарагдавы горад. Вобраз саламянага пудзіла Страшылы Мудрага мяне ўсяго глыбока пераараў і я вырашыў узяць яго за ўзор.

Хацелася б пачуць Вашае меркаваньне наконт таго, чаму Народны Фронт ня стаў выйгрышным праектам, не перамог і ня мае сёньня вялікай колькасьці прыхільнікаў. Што Вы зрабілі бы іначай, каб давялося пачынаць зноў?
Адмоўны імідж Фронту: як гэта зьмяніць?

Ulryk

***

Былі шанцы павярнуць кола гісторыі незваротна. Але былі і аб’ектыўныя перашкоды, і суб’ектыўныя чыньнікі. У 1991 трэба было прывабіць на свой бок хаця б частку спэцыялістаў з ураду. У 1992, калі прымалі рашэньне пра рэфэрэдум, за які мы сабралі амаль паўмільёну подпісаў, трэба было не спадзявацца толькі на ВС, але сур’ёзна арганізоўваць вуліцу. Але было галавакружэньне ад посьпехаў.

Вобраз Фронту трэба ствараць штодзённай працай і для моладзі, і для навукоўцаў, і для іншай бюджэтнай інтэлігенцыі, для прадпрымальнікаў, энэргетыкаў... Для вернікаў. Фронт як сучасная палітычная сіла ведае пра іхныя клопаты, бароніць іх, прапануе альтэрнатыву ў выглядзе незалежнай эўрапейскай Беларусі.

Былі шанцы павярнуць кола гісторыі незваротна. Але былі і аб’ектыўныя перашкоды, і суб’ектыўныя чыньнікі. У 1991 трэба было прывабіць на свой бок хаця б частку спэцыялістаў з ураду. У 1992, калі прымалі рашэньне пра рэфэрэдум, за які мы сабралі амаль паўмільёну подпісаў, трэба было не спадзявацца толькі на ВС, але сур’ёзна арганізоўваць вуліцу. Але было галавакружэньне ад посьпехаў.

Вобраз Фронту трэба ствараць штодзённай працай і для моладзі, і для навукоўцаў, і для іншай бюджэтнай інтэлігенцыі, для прадпрымальнікаў, энэргетыкаў... Для вернікаў. Фронт як сучасная палітычная сіла ведае пра іхныя клопаты, бароніць іх, прапануе альтэрнатыву ў выглядзе незалежнай эўрапейскай Беларусі.

Скажите пожалуйста, если ваша партия придет к власти, государственным языком останется только белорусский или русский язык тоже?
Я сам белорус, живу в Минске, студент. Я понимаю белорусский язык и ценю его, но говорить мне удобнее и легче на русском. Не случится ли так, что партия БНФ начнет проводить политику принудительного перехода на белорусский язык?
На мой взгляд это не совсем правильно.

минчанин

***

Сёньняшняе фармальнае “двумоўе” прывяло да таго, што мы, беларускамоўныя, бяспраўныя ва ўласнай краіне. У маім “Савецкім” раёне адзіная беларускамоўная – 23-я гімназія на пл. Якуба Коласа, а жывем мы ў Зялёным Лузе. 9-гадовая малодшая дачка штодня езьдзіць туды й назад на трамваі. Старэйшая дачка возіць унука праз увесь горад у адзіныя беларускамоўныя ясьлі на Арлоўскай. Гэта нармальна?

Ня трэба перасьледаваць расейскую мову. Трэба спрыяць мове беларускай. Для гэтага ёсьць правераныя часам і ўсясьветным досьведам мэтады й падыходы, у т.л. “пазытыўная дыскрымінацыя”. У варунках блізкасьці й узаемазразумеласьці моваў (як у нас беларускай і расейскай) замацаваць і зрабіць непарушнымі пазыцыі беларускай мовы, як вякамі перасьледванай, можна толькі вярнуўшы ёй статус адзінай дзяржаўнай. Гэта – непарушнае праграмнае палажэньне БНФ. Ніхто нікога ня можа “принудить”, але дзяржаўны службовец абавязаны валодаць беларускай мовай. Інакш як ён забясьпечыць законнае права беларускамоўных грамадзянаў на адказ па-беларуску? Тое самае тычыцца выкладчыкаў, юрыстаў, вайскоўцаў, дактароў і г.д. Пераход трэба рабіць паступова, так, як гэта і адбывалася – спакойна, бесканфліктна – да прыходу Лукашэнкі. А ён аднавіў на роўным месцы моўны канфлікт.

Назавіце, калі ласка, літаратурныя творы, якія наймацней паўплывалі на Вас у юначым веку

Казлабароды

У дзяцінстве маімі ўлюбёнымі былі не мастацкія, а навукова-папулярныя тэксты. Калі бацькі хацелі мяне шасьцігадовага суняць, яны выдавалі мне Льва Усьпенскага “Слово о словах. Ты и твое имя” пра мовазнаўства. Пазьней, у школьным юнацтве, хаця чытаў вельмі шмат, не магу сказаць, што быў уражаны пэўным мастацкім тэкстам. Ага, Станіслава Лема з захапленьнем перачытаў амаль усяго й па шмат разоў (па-польску можна было купіць у кнігарні “Дружба”).

Школьнікам і першакурсьнікам па пазычаным (у старэйшага на два гады Сяргея Дубаўца) чытацкім білеце хадзіў у тады Ленінскую бібліятэку, дзе прагна чытаў мовазнаўства, беларускую гісторыю, напаўзабароненыя “Казку пра тройку” Стругацкіх, “Собор” Ганчара. Зь першага курсу стаў езьдзіць у Вільню, дзе сьв. п. Ніна Ляшковіч паціху пускала беларусаў у спэцаддзел бібліятэкі Акадэміі навук, і адкрыў для сябе нашаніўскую й міжваенную беларускую літаратуру (Ластоўскага, Абдзіраловіча, Гарэцкага, Жылку, забароненыя тэксты Купалы) і пэрыёдыку. Дарэчы, гэта сфармавала мой моўны сьветагляд найбольш.

Чы аўтааматар Вы?

nn

***

Так, калі вязуць. Ня маю машыны й правоў. Калісьці трэба ўзяцца.

Што асабіста вы будзеце рабіць у Дзень Волі?

t

***

Як старшыня аргкамітэту Дня Незалежнасьці пляную весьці сьвяточны мітынг. Але ёсьць варыянты: магу таксама есьці баланду на Акрэсьціна.

Ці спадзяецеся Вы ўдзельнічаць у святкаванні Дня волі пасля суда 23 сакавіка?

Аляксандар

***

Гл. вышэй.

Вінцук, няма ж ніякае магчымасьці для палітычнае дзейнасьці: ні легальнае прэсы, ні палітычнай агітацыі не дазваляюць; фінансаваньне палітпартыі бізнэсам аўтаматычна вядзе да яго гібелі, супраць вас іграюць бяз правілаў (як апошнія затрыманьні), само паняцьце іншае ідэалёгіі прыроўніваецца да нечага антызаконнага -- калі на кожным прадпремстве Лукашэнкавы ідэолягі на дзяржаўных акладах. Дык мо варта спыніць палітычную дзейнасьць, абмежавацца пакуль культурай, аховай прыроды, помнікаў, як гэта было ў 80-я. А то ж намарна ўсё выходзіць.

ёпс

***

Вось калі спынім, тады й сапраўды ўсё можа быць намарна. Спынім мы, ня спыняць іншыя. Уяўная стабільнасьць і моц рэжыму цяпер можа абярнуцца яго распадам хутчэй, чым здаецца. Калі мы ня будзем напагатове, ня будзем у палітычным полі, гэты распад прывядзе да кепскіх наступстваў для незалежнасьці й беларушчыны.

Кім працуе Вааша сястра?

галс

***

Яна пайшла бацькавым сьледам: эканаміст, унівэрсытэцкі прафэсар.

Ці плянуюцца якія небудзь мітынгі (ці што небудзь падобнае) у Гародне на 25 сакавіка?
. Як вы ставіцесь да "дня национального единства" як назваў сп. Мілінкевіч той фарс, ў які ён намагаецца пераўтварыць Дзень Незалежнасьці? На мой погляд гэта здрада. Здрада роднай краіне, здрада ідэям свабоды і дэмакратыі.
Як вы ставіцесь да biełaruskaj łacinki? Які варыянт напісаньня на ваш погляд павінен быць у вольнай Беларусі, ўжо без Лукашэнка?

Кастусь Капялюш

Гарадзенскія фронтаўцы зьбіраюцца ў Менск, але нешта ладзяць гарадзенскія прадпрымальнікі.
Я выклаў сваю пазыцыю наконт “новых” назоваў дня 25 Сакавіка на pbnf.org. Гэта Дзень Незалежнасьці.
Стаўлюся станоўча, як да аднае зь дзьвюх асноўных графічных сыстэмаў беларускае мовы. Актуальнасьць лацінкі моцна ўзрасла апошнімі гадамі: лацінкавыя запісы імёнаў у пашпартох; электроннае й тэлефоннае ліставаньне; міжнародныя стандарты трансьлітарацыі тапонімаў і бібліяграфіі і г.д. Мы ў выгаднейшай пазыцыі за расейцаў і ўкраінцаў: маем сваю прыродную й дастаткова ўпарадкаваную лацінку й ня мусім выдумляць штучных сыстэмаў трансьлітарацыі. Мяркую, у будучыні, як цяпер сэрбы, кожны беларус будзе аднолькава вольна валодаць абедзьвюма графікамі.

Толькі на пахаваньні Вашага бацькі шмат хто даведаўся, што Ваш бацька быў ідэолягам і стваральнікам эканамічнай сыстэмы незалежнай Беларусі, і вяршыня яго кар'еры прыйшлася менавіта на 1989 - 1994 гг.
Пра гэта казалі і навукоўцы, і кіраўнікі міністэрстваў. Скажыце, чаму Вы раней гэта не агучвалі? Ну хаця б, каб разбурыць вобраз "намэнклятурнага мальчика", які так аддана і дагэтуль ствараюць Вам "незалежныя" журналісты, у т.л. улюбёны аўтар НН непатапляльны Фядута.

паплечнік

***

Дзякую за добрыя словы пра бацьку. Ён быў сур’ёзным эканамістам. Ранейшай сыстэме былі патрэбныя ня толькі кар’ерныя хлопцы-камсамольцы-зампаліты, але прафэсіяналы: эканамісты, мэнэджэры. Інакш дзяржава б ня выжыла й народ памёр бы з галадухі. З надыходам незалежнасьці бацька нібы другое дыханьне набыў, бо набліжаў яе, рыхтуючы канцэпцыю рынкавых рэформаў і “рэспубліканскага гаспадарчага разьліку”, як тады эўфэмістычна называлі эканамічны сувэрэнітэт.

А намэнклятурныя мальчыкі ня йшлі ў беларушчыну. Яны пайшлі ў камсамольскія бізнэсы, у спэцслужбы, у адміністрацыю прэзыдэнта.

Добры дзень.
Мяне вось такі момант зацікавіў:

"Калякін папрасіў дзесяць хвілін, каб паразмаўляць зь лідэрам Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам... Вінцук Вячорка быў адзіным, хто прагаласаваў за два праекты."
Скажыце, калі ласка, што ж вам такое паабяцаў Калякін за тое, каб вы і за яго прапанову прагаласавалі?

***

У абедзьвюх прапановах, якія ня ёсьць міжсобку антаганістычныя, бярэцца за аснову мой “Кампраміс дзеля адзінства”. Але да Мілінкевічавай прапановы я дадаў крайні тэрмін працы пагадняльнай камісіі, а да Калякінавай – варунак: Кангрэс адбудзецца толькі пры ўмове згоды на пагадняльнай камісіі ды папярэдняга падпісаньня ўсіх вынесеных на Кангрэс рашэньняў суб’ектамі Палітычнае рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Мне ня важны тэрмін, важная папярэдняя згода асноўных сілаў. Шкада, што ў “НН” зьявілася толькі “футбольная” навіна пра “8:4”, а не было тлумачэньня, хто што прапаноўваў. Шкада, што некаторыя калегі па кааліцыі мысьляць чорна-бела.

1. Kali dačakajemsia raźviazańnia, choć jakoj kadyfikacyji padvalinaŭ bielaruščyny: kliasyčnaj gramatyki, unifikacyji lacinki. Dzie, jak šukać kampramisaŭ?
2. Jakimi slovami Viačorka-palityk zaspakojvaje Viačorku-filioliaga?
3. Ci nia liepš pieraraźmierkavać sily z palityčnaha (źniešnie bieznadziejnaha) frontu na front kuľturnicki, uladkoŭvać svaju bielaruščynu, u jakoj nam žyć tut i ciapier? Bo na dva franty silaŭ vidavočna nie staje. A palityka nie daje plionu.
dziakuj

czyk

***

У лацінцы трэба захоўваць традыцыю. Ніколі не было напісаньняў kliasyčny, а толькі klasyčny. Граматыку зробім за пару гадоў. Сам я паціху займаюся праблемаю поўных/скарочаных канчаткаў.
Чытай міліцэйскі пратакол пра маё затрыманьне ад 14 сакавіка.
Гл. папярэдні адказ на тую самую тэму.

Как Вы прокомментируете такой эпизод из фильма "Урок белорусской мовы" с участием вашего сына Франака. О его "политических бизнес-авантурах" отдельный разговор.
Во время "палататочного городка" Франак звонит домой и говорит "ну ўсё, кладзіцеся спаць". Вы в то время были в тюрьме. это понятно. хотя есть сомнения, что Вы не сами туда попросились.

а вот Ваша супруга, пошла домой спать. Пардон, Вы же лидер оппозиции призываете людей идти на митинг, а Ваша семья в это время в тепле спит?

То же самое по Милинкевичу, который струсил отсться в "палаточном городке" в ночь его разгона. Он даже струсил взять на себя всякую отвественность.

Как Вы это прокомментируете. Только не нужно, писать стандартные фразы, что я "засланный агент КГБ". Я все дни был на площади, и мне было стыдно и больно, что наши лидеры оппозиции и их семьи вели себя как "беременные женщины".

Извините если оскорбил. Просто надоело Ваше постоянное "бездействие" и нескончаемые семинары.

Сергей Иванович Петрушкевич

***

Фільм не глядзеў, але, як і належыць, асуджаю. Гэтаксама як асуджаю тое, што сядзеў на Акрэсьціна, куды, ясна, папрасіўся (я ж туды рэгулярна прашуся, заявы пішу), а адтуль галубінай поштай заклікаў людзей ісьці на мітынг. Асуджаю сваю сям’ю за тое, што яна ў поўным складзе (жонка, трое дзяцей, зяць і ўнук, а таксама мае старыя бацька й маці) была на плошчы толькі пэрыядычна.

Калі ж сур’ёзна, то, спадар Петрушкевіч, намесьнік начальніка ГУУС Найдзенка, пабачыўшы мяне схопленага 8 сакавіка ў Фрунзенскім РУУС (куды нас шасьцёх, што суправаджалі гукавую апаратуру, прывезьлі з Маскоўскага, каб заблытаць магчымыя пошукі), зларадна выгукнуў: “Нарэшце ты мне папаўся!” І асабіста паварочваў мяне тварам да сьцяны, з мацюкамі й штурхачамі. Так што я, на жаль, ня змог быць на плошчы, заклікаць, арганізоўваць. Ганаруся, што на ёй “за мяне” пабывалі – хто змог больш, хто менш – усе чальцы маёй сям’і. Спадзяюся, Ваша сям’я там была таксама.

Адчуваю, што Вам баліць за нашую агульную справу. Таму не зважаю на тон і прыдумкі. Наконт бязьдзеяньня некаторых – мне яно абрыдла таксама. Дзякуй Вам, што замест тых, хто ня змог, стаялі на плошчы. Але сёньня трэба штодзённая праца, і тут бяз Вас таксама не абысьціся.

Спадар Вячорка добрага дня!
Мае спачуванні наконт таты! Вельмі цудоўны быў чалавек!
У мене пытанне!

У пачатку студзення ў Інтэрнэце сустрэў фотаздымак на якім Мілінкевіч, Калякін ды Лябедзька прымаюць удзел у курсах па вывучэнні працы з Жывымі Дзеннікамі (livejournal.com)! Курсы былі ў Варшаве, было вельмі смешна на іх глядзець. Чаму Вас там не было?
Па статыстыцы жывыя дзеннікі многіх вядомых людзей наведваюць людзей болей, чым, напрыклад, сайт партыіі БНФ. Вось дэпутата Дзярждумы Алксніса чытаюсь болей чым 5 тысяч чалавак штодня. А есць расейскія дзеннікі па 100 тысяч наведвальнікаў у суткі. Многа ўкраінскіх палітыкаў пачалі весці дзеннікі.
Я лічу, што трэба быць мужным палітыкам каб адважыцца на такі крок. Бо Вас могуць аблаяць, выказаць усё што пра Вас думаюць.

Сярод беларускіх палітыкаў толькі вядомы акадэмік Аляксандр Вайтовіч не спужаўся. што яго аблаюць. Яго прынялі даволі ветліва. Нават калі і не ён вядзе свае запісы, але думкі ўсе ягоныя. Яго штодня чытаюць некалькі сот чалавек. Як калісьці пра яго сказаў генерал Фралоў, ён калі не ведаў Вайтовіча дык думаў, што ён (Фралоў) самы разумнейшы, але калі пазнаёміўся з ім, дык па яго словах па моцы, дыпламатычнасці, таленавітасці і адукаванасці Вайтовічу ў беларускай палітыцы няма роўных.
Дык пытанне. Ёсць меркаванне, што беларускія апазіцыйныя палітыкі не столькі не маюць часу на жывыя дзеннікі, колі ня здолеюць вытрымаць крытыку ў свой бок. Ці нават ім няма чаго казаць людзям. Ці не так гэта на самой справе? Ці ведае спадар Вінчук што такое Жывы Дзеннік? Ці не маеце Вы намер завесці свой Жывы дзённік? Калі так, то калі?

Дзякуй за адказы!
Посьпехаў Вам!

Сяржук (racGr.livejournal.com)

***

Чаго-чаго, а крытыкі мне хапала заўсёды. Канструктыўнай і ня вельмі.

Рашэньне-даручэньне мне стварыць LJ нават запісанае ў канцэпцыі інфармацыйнай палітыкі БНФ. Я адказны чалавек, і калі ўжо пачну, мушу рэгулярна працаваць. Ня можа быць так, што стварыў, а пішу раз у месяц. Але ж я жыву не ў віртуальнай, а ў рэальнай прасторы, сумоўлюся з жывымі людзьмі “у рэале”, і часу практычна няма. Дый кампутарны народ, IMHO, адукаваны, мае даволі інфармацыі ды ўсё разумее бяз блёґаў. Але дзякую за настойлівасьць, мо’ й пачну.

Винчук добрый день!
Вы правильно делаете, что смещаете Милинкевича. Он не в состоянии быть лидером оппозиции. Его вояжи на Запад ничего Беларуси не дали. Польский вариант для Беларуси не проходной. Поддержка Вами Сергея Калякина это очень правильный ход. Ведь статья про Сергея Карякина появилась не просто так. Поэтому, продолжайте поддерживать Сергея Калякина.

Как Вы думаете за сколько месяцев можно раскрутить Калякина?

николя

***

Дэзынфармацыя. Я нікога не зьмяшчаю й не раблю “правільных ходов”, за якія правакатар мяне пахваліць.

"Спадчына"... ляснуў за рэдактарствам Алеся Белага і Аляксея Хадыкі.
Гісторык-аматар, не хлусьце, калі ласка ! Ні ў адным нумары няма майго прозвішча нават як нам. рэдактара. Менавіта таму, што ВВ лічыў, што не дацягваю. Дык давайце пытацца ў тых, хто насамрэч адказны. Тым больш - рэдактары ў Спадчыну прыходзяць і сыходзяць, а "зам" - вечны і нязменны. Патомная камсамольская вывучка.

Алесь Белы

***

Спадар Белы прынцыпова супраць тарашкевіцы. Таму ў нас бывалі непаразуменьні. Але фактычна Алесь зрабіў некалькі нумароў, за што яму належыць падзяка. А злосную рэпліку прапускаю міма вушэй і дарую, бо ня ведае, што кажа.

ad momantu adjezdu Pa niaka na Bie arusi nie by o bol papularnaha apazycyjnaha palityka ym Milinkievi . Nidzie viecie nie pieramahali dyktaturu biez adzinaha lidara. Rast uma cie mnie, kali aska, amu tady zamiest dalej aje raskrutki Adzinaha, patrebny niejkija kanhresy? Ci Vam nie zdajecca to heta pality ny ananizm(darujcie). Mo' by o b bol karysna pu ci hetyja hro y na naby cio ryzohrafa dla rehijona i drukava svaje hazety, kab nie raspuska pa la sopli j na p aka to praklaty re ym zadu y Volnaje S ova?

V@ldemar

***

Адзінства патрэбнае, каб нас – дэмакратычныя сілы – успрымалі як суб’ект палітыкі. Калі для зьберажэньня ці аднаўленьня адзінства патрэбны кангрэс, няхай будзе. Але з папярэднімі дамовамі.

...adnaho razu ba y u Var avie encyklapedyju sex'u(pamierami z na uju encyklapedyju VKL). Husto na azdoblenuju j dobra prailustravanuju. Vo cikava by o b vieda Va aje miarkava nie ci karysna by o b dla bie aru yny ja le nie analahi naha praduktu?

Letucie nik_B@t

***

Па-беларуску ўсё карысна.

наколькi мне вядома, у гэтым годзе мусiць адбыцца зьезд Партыi БНФ. Цi плянуеце Вы балятавацца на старшыню? Калi не, дык кiм бачыце сябе надалей у Партыi й у дэмакратычнай каалiцыi?

www.saligorsk.org

***

Пляную.

верю, что вскоре режим Лу уйдет в историю.

чем Вы тогда займетесь?
на какой пост в Свободной стране будете претендовать?

полковник Захарчук

Спачатку трэба выканаць пункт 1.

jakaja aperacyjnaja systema zainstalavana na vaszym chatnim kamputary?
Kali Windows, dyk ci licenzijny j dzie Vy jaho nabyli?

Kali Linux, dyk jaki mienavita?
Dziakuj za adkaz.

КГБiст

***

Windows, які быў усталяваны адразу.

Знакомы ли Вы лично с Мухаммадом Салихом? Поддерживаете ли с кем-либо из лидеров оппозиции в постсоветских государствах дружеские отношения?

Шахрух

***

З апазыцыяў знаёмы з В.Ландсбэргісам і А.Кубілюсам, Э.Рэпшэ, Ісом Гамбарам, Леванам Бэрдзэнішвілі, Іўліянам Хайндрава, Мікітам Бялых, Уладзімірам Рыжковым – шмат з кім.

Цi чыталi Вы газэту Навiнкi й што на конт яе мяркуеце?
Цi падабаюцца Вам прадукты ад Navinki Home Video?

пацЫент

***

Чытаў калісьці першыя выпускі. Як на мяне – добра, што па-беларуску, але занадта груба. Фільмы “Случай з пацаном” і асабліва “Гуд бай, бацька” - добрыя.

Vy pieryjady na traplajecie na Akryscina. Raspaviadzicie pls jak bavicie tam c^as? Ab c^ym razmaulajecie z sukamiernikami? Ci hrajecie "mandavoszku" j ins^yja intelektualnyja hulni?

Талян з Ат азу

***

Была добрая адсідка ў сакавіку летась: 16 чалавек у цеснай камэры, але ўсе свае. Гутаркі, спрэчкі, кнігі. Са звычайнымі “кліентамі” падтрымліваю нармальныя адносіны, але не захапляюся доўгімі размовамі й гульнямі (акрамя крыжаванак). Працую я там. Правапіс, граматыка, пераклад зь літоўскай “Нацыянальнага ўзгадаваньня” Антанаса Мацяйны. Толькі што вочы псуюцца ад браку сьвятла.

Скажыце шчыра, Вы марыце стаць шэраговым сябрам "незарегистрированной организации" БУНТ ?

insurgent

***

не

Вельмi цiкава было б даведацца як выглядаў Нацыянальны Рух у 70-80гг., якiм быў Ваш асабiсты шлях да Беларушчыны, якую лiтаратуру Вы тады чыталi (i якiм чынам яе здабывалi), якую музыку слухалi й як кансьпiравалiся.
Цi не плянуеце напiсаць кнiгу успамiнаў?

Ыць!

***

Успаміны потым. Працаваць трэба. Вашае пытаньне насамрэч глябальнае, тут месца й часу ня хопіць. Пэрыяд 70-80-х у Беларусі вельмі цікавы й своеасаблівы ў параўнаньні зь іншымі краінамі. Літаратуру міжваенную здабывалі зь Вільні, ад Марачкіна (які знаходзіў яе на старых гарышчах). Перадрукоўвалі на машынках, фотаспосабам. Даходзіла і эміграцыйная. Я рабіў канспэкты перадачаў беларускае “Свабоды” (Арсень Загорны=Ян Запруднік, Язэп Барэйка). Да кансьпірацыі ставіліся вельмі сур’ёзна; шкада, што гэтыя навыкі патрэбныя і новаму пакаленьню. Слухалі рок (а я – яшчэ і джаз).

Зачем вы поддерживаете С.Калякина и ходили ли вы сегодня в офис ОГП на встречу сторонников Конгресса?

norris

***

Я падтрымліваю паразуменьне. Гл. мой тэкст “Кампраміс дзеля адзінства” на pbnf.org. Хаджу на паседжаньні легітымных органаў кааліцыі.

Ваше отношение к сексуальным меньшинствам? Возможно ли проведние в Беларуси гей-парада?
Вы презираете геев?

Мах+Eugen

***

Я нікога не “презіраю”. У праграме Партыі БНФ гэтыя мяншыні не вылучаюцца ў асобную электаральную групу.

Прабачце, што па-расейску.
Вчера видел вас уже в усадьбе, но так и не решился подойти. А Франка небыло. Вопрос, вернее, даже предложение, такой:
Ведь 25 марта - это перво-наперво праздник. Значит надо как-минимум - праздновать.
И без музыки - ну никак. А почему бы не сделать источник сигнала (фм-передатчик), настроить на определенную волну.
А людей приглашать на площадь с приемниками(маленькими, большими, телефонами - кто как сможет).
В 11.45 например все начинают настраиваться на определенную волну, и включают громче звук. получается что-то типа концерта, и со всех сторон.
Вы же в свою очередь пускаете "нашу" музыку в эфир.
Будет:
а) красиво.
б) весело.
в) креативно.
г) неожиданно.
+ с музыкой- то никакой "бой" не страшен. ))).
Жду ответ.
Спасибо.

Toxaby.

***

Дзякуй за ідэі. Заходзьце, пагаворым.

Спадар Вінцук! Прыміце мае шчырыя спачуваньні з-за сьмерці Вашага бацькі. Памяць аб ім будзе жаць у нашых сэрцах.

Сяржук Бахун

***

Дзякуй, Сяржук.

Ці зьбіраецца БНФ пачаць праяўляць сваю дзейнасьць дзе-небудзь яшчэ акрамя сядзібы ў цэнтры Менску ?

Ці плянуюцца якія-колечы сустрэчы зь людзьмі ?

Янка

***

Гл. вышэй

Прошло достаточно времени, поэтому объясните лично вашу позицию на предмет раскола БНФ (причины) и его возможного в будущем объединения (предпосылки). И в чем отличие и в чем расхождение позиций двух партий (Ваше мнение).

Сяржук

***

Над Народным Фронтам у 1999 навісла небясьпека сэктанцтва й маргіналізацыі, да чаго непазьбежна прыводзіць самаўпэўненасьць: мы, маўляў, ісьціна ў апошняй інстанцыі. Сёньня КХП публічна выяўляе сябе пераважна як культурна-гістарычная арганізацыя, не як палітычная (калі разумець палітыку як працу з грамадзтвам). На гэтай глебе паміж намі магчымая супраца.

Раскажыце аб вашым зяце. Што ён за чалавек. Якiя увас з iм стасункi.

twwe

***

Вельмі любіць малога Даніка. І Данік яго.

Если властями будет разрешен митинг 25 марта только на Бангалоре, ваши действия.

Сяржук

Ёсьць рашэньне Аргкамітэту дамагацца цэнтру гораду.

Дарэчы,у гiсторыi есць i iншыя прыклады.Напрыклад,Будапешт 1956-га. Шмат разоу па тэлебачанню паказывалi кадры кiнахронiкi,маецца шмат дакументальных сьведчанняу,як паустанцы вешалi на фанарных слупах ды здзеквалiся з трупау камунiстау i службоуцау прасавецкай улады.Вы гарантуеце,што "Малады фронт" не здольны на такое? Занадта шмат нянавiсьцi у iх вачах.

пятрок

***

Толькі стваральная сіла можа перамагчы ў галовах многіх людзей дзеля дабра, а не разбуральная. Спадзяюся, усе ўдзельнікі дэмакратычнай кааліцыі з гэтым згодныя.

скажите, когда и будет ли создано теневое правительство из лиц, представлящих партии и движения не имеющих представительство в органах власти.

Сяржук

***

Больш важна сёньня мець легітымную каманду для перамоваў.

Вітаю
скажыце, навашта вы трымаеце ў вашай партыі Алеся Міхалевіча? Я зь ім раней працаваў, і скажу, што ён небясьпечны чалавек .. і падстаўляе імідж БНФ. вы ўвогуле пра гэта ведаеце?

Сяржук Бязмацярных

***

Унутрыфронтаўскія справы будзем вырашаць самі.

Спадар Вячорка, як даўна Вы бачылі жывую карову? Напрыклад. І ці ёсьць у Вас сваякі на вёсцы?

аграном

***

Калі Вы пра тое, наколькі я адарваўся ад зямлі, дык не настолькі, каб ня ведаць, што аграном – спэцыяліст па расьлінах, а не па каровах. Бачыў увосень на Цнянцы. Сёлета яшчэ ня выгналі. Бальшыня маіх родных жыве ў Столінскім раёне. Сала адтуль.

Якую самую незвычайную страву Вы каштавалі ў Беларусі?

цікаўны

***

Не запомнілася. Люблю звычайныя. Бульба, сала, яечня, агурок. Ну і гарбуз у сэзон.

Sp. Viacorka vy vierycie u Boha? U jaki chram vy chodzicie?

fundamentalist

***

Гл. вышэй.

Якое месца, у будучым, у Беларусі мусіць заняць сымболіка БССР? Ці мы мусім вырачыся яе, які і іншых прыкметаў каляніялізму?

kansultant

***

Рваць на сувэнірныя кавалкі яе ня будуць. Будзе ў музэі вісець.

Скажыце, калі ласка, ці Дзень Волі гэта сьвята? Ці памятная дата, з нагоды якое мы мусім выходзіць на вуліцы?

студэнт

***

Дзень Незалежнасьці 25 Сакавіка – гэта нашае галоўнае нацыянальнае (у будучыні – галоўнае дзяржаўнае) сьвята, якое нам не даюць нармальна сьвяткаваць.

Сп. Вячорка, а якія ў вас цяпер стасункі з Пазьняком? Ці вы зь ім маеце сталы кантакт? Якое месца, па вашаму, Зянон займае ў найноўшай гісторыі Беларусі?

трывалы

***

Няма ў мяне зь ім кантакту, не з маёй віны. Зянон Пазьняк зрабіў вельмі шмат, каб Беларусь стала незалежнай. Ягонае імя ўжо ўвайшло ў гісторыю.

Паважаны спадар Вячорка!
Выказваю шчырыя спачуваньні з-за сьмерці Вашага бацькі!
Маё пытаньне тычыцца далікатнай тэмы - наступнага зьезду БНФ. Я ведаю, што на старшыню будзе прэтэндаваць Алесь Міхалевіч. Я шчыра не давяраю гэтаму чалавеку, таму што сам быў сябрам ЗБС, якім кіраваў у свой час Міхалевіч, і бачу, што ён зрабіў з некалі моцнай арганізацыяй, таму што дзяліў усіх на "сваіх",, г. зн. тых, хто яго бяздумна па любым пытаньні падтрымліваў, і "чужых". Яго нельга недаацэньваць, бо людзі неадразу разумеюць, што ён за чалавек, а пасьля будзе позна. Я цяпер ня сябра БНФ, але падтрымліваю Вашую партыю і Вас, і хачу запытаць, што я магу зрабіць, каб умацаваць БНФ і недапусьціць Міхалевіча.
Дзякуй за Ваш адказ! І напішыце, калі гэта магчыма, адрас Вашай электроннай пошты. Дзякуй! Посьпехаў Вам!
Жыве Беларусь!

Зьміцер

***

Дзякуй за спачуваньні.
Я за дэмакратыю сапраўдную, а не фальшывую, за спаборныя выбары ўсюды. Я супраць кулюарных гульняў, я за тое, каб людзі выбіралі лідэраў відушча: паводле іхных пазыцыяў, стратэгічнага бачаньня, учынкаў, асабовасьці. Шкада, што Вы ня сябра Партыі БНФ. Унутрыпартыйныя пытаньні вырашаюцца на партыйнай дыскусіі.
Мой адрас [email protected]

Адчуваеце сёньня што раскол Фронта быў гістарычнай памылкай?
Ці зьбіраецеся пераглядзець зараз стасункі з З.Пазьняком?

Rat King

***

Не адчуваю. І не раскол, але абнаўленьне. Чаму – ужо неаднакроць адказваў.

Сп. Вінцук!
Якімі мовамі Вы валодаеце? Якая Вашая мэтодыка па засвойваньню новых моў?
Дзякуй!

Кастусь

***

Усе суседнія (латыская пасіўна), усе славянскія ў рознай ступені, ангельская, іншыя вялікія заходнія пасіўна, лацінская, крыху эспэранта. Марна браўся за валійскую, эстонскую. Няма асаблівай мэтодыкі. Паралельна вучу вымаўленьне й граматыку, чытаю, слухаю радыё, лезу ў слоўнік. (Гэта ўсё ў прошлым часе, бо яго – часу – цяпер няма. Вучэцеся замалада!) А на славянскіх бярыце й чытайце.

якую музыку слухаеце?
які ваш любімы фільм.

sol

***

Музыка: Раней слухаў вельмі шмат - амаль як прафэсійны крытык - джазу. Цяпер менш. На маім mp3-плееры цяпер старыя альбомы Pink Floyd, "Наші Партизани" і "Крама". Люблю й зьбіраю этнічную музыку розных народаў.

Кіно: Лічу найлепшым беларускім фільмам і люблю пераглядаць "Чужую Бацькаўшчыну" Рыбарава паводле Адамчыка. Не прапускаю П.Грынўэя.

Дзякуй за адказ пра навуку.
А якiя кiрункi разьвiцьця нашае навукi БНФ лiчыць прыярытетнымi, менавiта да якiх мiжнародных праграмаў плянуе далучыцца ў першую чаргу?

omu

***

Спэцыялісты вырашаць. Скажу каротка. (Акрамя гуманістыкі, жыцьцёва неабходнай для зьберажэньня нацыі). Традыцыйна ў нас была моцная фізычная і матэматычная школа, трэба зьберагаць. Можа моцныя навукоўцы тады вернуцца.

Прыкладам, эўразьвязаўская праграма Science Cities можа быць цікавай нам таму, што яна ўвязвае разьвіцьцё навукі з сацыяльна-ўрбаністычнымі пэрспэктывамі.

***

Шаноўныя аўтары пытаньняў, усім дзякуй. Кожнае пытаньне, а таксама іх тэматычныя прапорцыі даюць грунт для развагаў. І вялікая падзяка “Нашай Ніве”, якая сёньня служыць усебеларускім форумам.

Вінцук Вячорка нарадзіўся 7 ліпеня 1961 г. У 1983 г. скончыў філялягічны факультэт БДУ, у 1986 г. асьпірантуру пры Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук. З 1986 выкладаў у Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце (цяпер Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт). З 1990 г. працаваў выкладчыкам у Беларускім гуманітарным ліцэі, быў намесьнікам галоўнага рэдактара часопісу «Спадчына».

Быў адным з заснавальнікаў «Майстроўні» (1979‑1984 ), ініцыятараў стварэньня «Талакі» (1986‑1989), з кастрычніка 1988 быў сябрам Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне». З 1999 г. – старшыня Партыі БНФ.

Дасканала валодае многімі замежнымі мовамі.

Жанаты, мае трое дзяцей. Ягоны сын Франак Вячорка ўжо й сам актыўна ўдзельнічае ў палітычнай і культурнай дзейнасьці.

Адзін ль лідэраў і стратэгаў нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі. Быў намесьнікам кіраўніка штаба Мілінкевіча ў часе выбараў. Ня раз арыштоўваўся, адседзеў доўгі час на Акрэсьціна.

Узначальвае Аргкамітэт па сьвяткаваньні Дня Волі' 2007.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0