06.05.2012 / 08:50

Дзурында: Лукашэнка гуляў з намі, як з дзецьмі 4

Гутарка з былым прэм'ер-міністрам Славакіі.

У 1998 Мікулаш Дзурында стаў прэм’ер-міністрам Славакіі. На выбарых шырокая кааліцыя апазіцыйных партый (хрысціянскія дэмакраты, сацыял-дэмакраты, партыі венгерскай нацменшасці) змагла скінуць паўаўтарытарны папулісцкі рэжым Уладзіміра Мечыяра. Славацкі палітолаг Рыгор Мясежнікаў кажа, што ўрад Дзурынды рабіў надзвычай шмат для дапамогі барацьбе беларусаў за свабоду. Гутарка з былым прэм’ерам пра Беларусь і не толькі.

Беларусы — еўрапейскі народ

«Наша Ніва»: Як бы Вы акрэслілі сваю палітыку ў дачыненні Беларусі падчас прэм’ерства?

Мікулаш Дзурында: Як прынцыповую. У нас добрае стаўленне да беларусаў. Я знаёмы з Мілінкевічам больш за 15 гадоў. На розных сустрэчах знаёміўся з іншымі беларусамі. Вы маеце вельмі добрую біятланістку [смяецца — «НН»]. Тое, што беларусы — еўрапейскі народ, — гэта без пытанняў. Але на іншым баку ёсць рэжым. Мы, славакі, добра разумеем, што гэта значыць. Я 34 гады жыў у такім самым рэжыме. Я сам стаў чыгуначнікам, бо не мог разлічваць на кар’еру пры тым рэжыме. Толькі цвёрдая і жорсткая стратэгія супраць Лукашэнкі можа прывесці краіну да палітычнай свабоды.

«НН»: У якасці міністра замежных справаў Вы неаднаразова ўдзельнічалі ў пася-джэннях Рады Еўропы, дзе абмяркоўвалася еўрапейская палітыка да Беларусі.

МД: На пасяджэнні 23 сакавіка мяне не было, прысутнічаў мой намеснік. На папярэдніх я прысутнічаў, казаў пра цвёрдыя санкцыі. Мы не можам караць правай рукой, а левай даваць грошы Міжнароднага валютнага фонду.

Танны трук Младзенава

«НН»: Як міністры ЕС паставіліся да ўчынку балгарскага міністра Младзенава, які вёў таемныя перамовы з Лукашэнкам?

МД: Младзенаў нас толькі праінфармаваў. Ніхто не ўспрымаў гэта ўсур’ёз. Гэта быў танны трук.

«НН»: Сёння трэба працягваць палітыку санкцый ці іх здымаць?

МД: Не-не, толькі працягваць ціск. Сітуацыя ў беларусаў крыху іншая, чым была ў нас у Чэхаславаччыне.

Але я сыходжу з меркавання, што большасць беларусаў хоча жыць у свабодзе. Калі маё мысленне правільнае, то мы не можам саступаць.
Я жыў у Чэхаславаччыне і цудоўна разумеў, што толькі жорсткая пазіцыя ЗША і іх выйгрыш у «халоднай вайне» можа нас вызваліць.

«НН»: А ці не набліжаюць санкцыі Беларусь да Расіі? Пра гэта кажа частка беларускіх палітыкаў.

МД: Гэта ў руках беларускага народа. У сакавіку 1989-га людзі ў Браціславе зладзілі дэманстрацыю са свечкамі. У Празе студэнты зрабілі «Аксамітную рэвалюцыю».

Егіпцяне ў Каіры зладзілі плошчу Тахрыр. Мы можам зрабіць многае, але не ўсё. Я цудоўна разумею тыя рэчы, якія казала Наста Палажанка, калі прыязджала сюды. Гэта не ў руках Лукашэнкі.

Патэлефанаваў і сказаў: «Вяртайся»

«НН»: А ці разумеюць еўрапейскія палітыкі Лукашэнку?

МД: У апошнія два гады, мне здаецца, пачалі разумець. Да гэтага — не. Лукашэнка гуляў з намі, як з маленькімі дзецьмі. І толькі цяпер мы зразумелі, што болей так нельга. Цяпер былі дыскусіі, ці мы дадамо ў «чорны спіс» дзве фірмы ці тры. Для мяне гэта было смешна.

Я веру, што час, калі мы павінны быць цвёрдымі і жорсткімі, ужо прыйшоў. Важна, што вялікая колькасць маладых людзей маюць магчымасць выязджаць у краіны ЕС.

«НН»: Ці не зневажае Вас, калі Лукашэнка абразліва выказваецца пра еўрапейскіх палітыкаў?

МД: Палітык не можа ўражвацца словамі. І гэта словы — проста словы, яны мяне не кранаюць і не зневажаюць. Мяне зневажае тое, што жаніх Насты Палажанкі сядзіць за кратамі. Вось гэта мяне зневажае, а астатняе — словы.

«НН»: Вы былі кіраўніком славацкага МЗС, калі пачаўся дыпламатычны скандал з Беларуссю.

МД: Я патэлефанаваў свайму паслу і сказаў яму: «Вяртайся». Добра, што было адзінства. Я палітык, а не дыпламат. Маё бачанне простае: Беларусь патрэбная Еўропе, як патрэбная і Украіна. Мы павінны дапамагаць беларускім недзяржаўным арганізацыям, студэнтам, што не могуць вучыцца ў Беларусі. У мяне зараз больш часу, дык я хачу наведаць Мінск.

«НН»: Пасля такога інтэрв’ю могуць не пусціць.

МД: Паеду на ровары [смяецца].

«НН»: Вы прыклалі руку, каб Славакія вылучыла Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію?

МД: Гэта прэм’ерка Івета Радзічава.

Я цяпер раблю ўсё, каб у Мінску не было Чэмпіянату свету па хакеі. Адзін з маіх сяброў — хакеіст Шцястны [г.зн. Шчасны, па-славацку]. Мы не павінны прыкрывацца тым, што Мінск далёка і гэта нам нецікава.

Мечыяр быў блізка

«НН»: У 1990-я Мечыяр меў шанцы ператварыцца ў славацкага Лукашэнку?

МД: Канечне, ён быў блізкі да гэтага. У 1995 таемная служба Мечыяра выкрала сына прэзідэнта Міхала Ковача, так думае ўся Славакія. Мая кампанія 1998 таксама не была лёгкай.

«НН»: Людзі галасавалі за Вас ці супраць Мечыяра?

МД: І тое, і другое. Я даваў ясную альтэрнатыву. Венгры, чэхі, палякі далучаліся да НАТА. І я сказаў, што мы іх дагонім. І мы дагналі і перагналі. Толькі ў нас ёсць еўра.

«НН»: Дык які рэцэпт перамогі над палітыкамі-папулістамі?

МД: Каб мне сёння сам хто падказаў [смяецца; партыя Дзурынды прайграла выбары славацкаму сацыялісту-папулісту Фіца — праўда, гэта палітык без дыктатарскіх замашак]. Трэба мець агульнае бачанне сітуацыі. І павінна быць шанцаванне на лідараў, якія больш думаюць пра краіну, чым пра свой дабрабыт.

«НН»: Як у 1998-м славацкай апазіцыі ўдалося аб’яднацца?

МД: Зноў пытанне агульнай еўрапейскай будучыні. Чым яснейшае агульнае пасланне, тым прасцей. Гэтая тэма сёння можа быць актуальная і для іншых краін: Босніі, Сербіі, Украіны, Малдовы, Беларусі. У Еўрасаюза ёсць праблемы, але ён іх вырашыць.

Час лечыць

«НН»: Пры Вас у Славакіі адбываліся рашучыя рэформы. Гэта заўсёдная пагроза стаць нелюбімым кіраўніком дзяржавы.

МД: Страшна не было, але і лёгка таксама. Я разумею, што гэта трэба рабіць. Месяц назад славацкія газеты пісалі, што я ўпусціў момант, калі славакі маглі мне паставіць помнік памерам, як Ленін у Мінску. Калі б я сышоў у патрэбны час.

«НН»: Вялікай праблемай была мечыяраўская прыватызацыя. Як потым вырашалася гэтае пытанне?

МД: Рэпрыватызацыя. Ён прыватызоўваў кепска, але па законе. Людзі набывалі прадпрыемствы за адну крону. Але як кажуць: лёгка прыйшло — лёгка сышло. Гэтыя прадпрыемствы станавіліся банкрутамі. Мы шукалі інвестараў, якія б маглі набыць гэтыя заводы. Мы стварылі многа добрых законаў, каб палепшаў інвестыцыйны клімат. Калі я стаў прэм’ерам, то падаткі былі 42% для інвестараў, калі сканчаў — 19%.

НН: Сёння вы паціскаеце Мечыяру руку пры сустрэчы?

МД: Так. Час добра лечыць.

***

Мікулаш Дзурында

Нарадзіўся ў 1955 у вёсцы Спішскі Штрврток. Прэм’ер-міністр Славакіі з 1998 да 2006, в. а. прэзідэнта Славакіі з 1998 да 1999.

У 1990 стаў адным з заснавальнікаў кансерватыўнага Славацкага дэмакратычнага руху. У 1991 — намеснік міністра транспарту, тэлекамунікацый і пошты. Пасля прыходу да ўлады Мечыяра перайшоў у апазіцыю.

У 2000 арганізаваў партыю Славацкі дэмакратычны і хрысціянскі саюз. З 2010 па 2012 займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе Іветы Радзічавай.

Гутарыў Зміцер Панкавец, Браціслава — Мінск

0
Ясь / Адказаць
06.05.2012 / 10:42
Цікава а што з палітвязняў сядзіць за кратамі толькі "жаніх палажанкі"?
0
Колхозный бандит / Адказаць
06.05.2012 / 13:08
Я сам стаў чыгуначнікам, бо не мог разлічваць на кар’еру пры тым рэжыме. Толькі цвёрдая і жорсткая стратэгія супраць Лукашэнкі можа прывесці краіну да палітычнай свабоды. ------------------------------------------------- Калі б не пачаў развальвацца Саюз, немагчыма была б "аксамітная рэвалюцыя" ў Чэхаславакіі. Рэжым Гусака быў адным з апошніх бастыёнаў камуністаў у канцы 80-х. І ніякая цьвёрдая стратэгія чыгуначніка Дзурынды ці надзьмутыя шчокі ды чырвоны нос Вацлава Гавэла не вырашалі лёс вашай дэмакратыі. Памятаем мы 68-ы год. Усё вырашалася ў Крамлі. Пыхкаў бы на чыгунцы ды развозіў бы савецкія танкі да сённяшняга дню пан Дзурында, калі б не Гарбачоў.
0
Димыч / Адказаць
06.05.2012 / 13:40
Цяпер былі дыскусіі, ці мы дадамо ў «чорны спіс» дзве фірмы ці тры. Для мяне гэта было смешна. Что европейские политики в большинстве лицемеры или идиоты, это я понял давно.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру